Пайсці да канца

Усе прэтэндэнты на кандыдата ў прэзідэнты кажуць, што перамагчы дзейснага кіраўніка дзяржавы электаральным шляхам у той час, калі галасы выбаршчыкаў не лічацца, немагчыма. Але ёсць парачка, якія заявілі, што пойдуць «да канца».



vybory_rb.jpg

У нас ужо «сем з паловай» прэтэндэнтаў на вышэйшую службовую пасаду. Пра паход на выбары заявілі сам Аляксандр Лукашэнка, ягоны вядомы спарынг-партнёр на выбарах, кіраўнік ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, дзве жанчыны — Таццяна Караткевіч ад «Гавары праўду» і Алена Анісім ад Таварыства беларускай мовы. Два лідары палітычных партый — Анатоль Лябедзька ад Аб’яднанай грамадзянскай і Сяргей Калякін ад «Справядлівага свету» і «дармаед у дэкрэце» Юрый Шульган. Самы рэйтынгавы, паводле сацапытанняў, апазіцыйны палітык Уладзімір Някляеў заняты стварэннем свайго руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі», але таксама не выключыў магчымасці балатавацца ў прэзідэнты. Гэта тая самая «палова» прэтэндэнта.

Амаль усе прэтэндэнты на мінулым тыдні актыўна выказваліся ў дачыненні да прэзідэнцкай кампаніі. З іхніх развагаў ужо можна вынесці пэўныя высновы, хто на што разлічвае.

Першае: ніхто з кандыдатаў-апазіцыянераў не будзе заклікаць народ у дзень выбараў выйсці на вуліцы «адзначыць перамогу альбо пратэставаць супраць фальсіфікацыі выбараў». Ніхто не заклікае на плошчу. За выключэннем двух альтэрнатыўных пазіцый. Таццяна Караткевіч падчас анлайну ў інтэрнэт-выданні Naviny.by зазначыла, што калі народ выйдзе на гэтую плошчу, то яна будзе з народам. А «дармаед у дэкрэце» Юрый Шульган будзе «заклікаць народ не на плошчу, а ў буфет». Улічваючы нашае заканадаўства «больш трох не збірацца», калі міліцыянты пад несанкцыянаванай масавай акцыяй разумеюць нават заклік праз сацыяльныя сеткі разам пакатацца з горкі на санках (быў такі прэцэдэнт), заклік «у буфет» таксама можа быць прыроўнены да масавай акцыі.

Другое: вядома, для чаго прэтэндэнты прэтэндуюць на вышэйшую пасаду. Трое з пяці згаданых кандыдатаў будуць займацца піярам, а не выбарамі. Алена Анісім будзе папулярызаваць родную мову. Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін скарыстаюць выбарчую кампанію для раскруткі сваіх ідэяў і структураў у грамадстве.

Больш амбіцыйныя мэты ставяць перад сабою Караткевіч і Шульган. Калі Шульган проста заявіў, што «пойдзе да канца, якім бы гэты канец не быў», то мэта Караткевіч — змусіць уладу сесці за стол перамоваў і пачаць дыялог з тымі, хто прагне пераменаў, абапіраючыся на рэальныя лічбы галасавання. Гэтая размова, па яе меркаванні, павінная прывесці да пачатку рэформаў, на што і скіраваная ініцыятыва «Народны рэферэндум».

Дзіўна, але ў некаторых экспертаў менавіта гэты «шлях да канца», у прынцыпе, натуральны для тых, хто ідзе на выбары, выклікаў недавер і скепсіс. Напрыклад, палітолаг Павел Усаў назваў Караткевіч «фэйкавым кандыдатам», бо, па ягоным меркаванні, «яна не ўяўляе, наколькі сур’ёзнай з’яўляецца барацьба з аўтарытарнай уладай у Беларусі». Прыводзячы прыклад зніклых Ганчара і Захаранкі, Усаў заўважае, што ў Караткевіч ёсць дзіця, а значыць, яна дзеля 11-гадовага сына «да канца» не пойдзе, і прапанаваў Таццяне альбо вывезці сям’ю за мяжу, альбо перастаць крывадушнічаць.

Дарэчы, у Караткевіч у актыве не толькі праца ў штабе Някляева на выбарах 2010 года, але і дзве асабістыя кампаніі — парламенцкіх выбараў 2012 года і мясцовых 2014-га. І ў абедзвюх гэтых кампаніях, нягледзячы на ўсе адміністрацыйныя рэсурсы, кандыдаты ад улады павінны былі вырываць перамогу ў Караткевіч з боем. І калі яна падчас той жа канферэнцыі казала, што падтрымка выбаршчыкаў мацней за адміністрацыйны рэсурс — яна ведала, пра што кажа.

Ну а што тычыцца дзіцяці… Можна падумаць, што дзяцей няма ні ў Калякіна, ні ў Лябедзькі, ні ў іншых прэтэндэнтаў на прэзідэнта. І што, на гэтай падставе абвяшчаць усіх іх «фэйкавымі»? Нават «дармаед у дэкрэце» Юрый Шульган мае дзіця, хоць і ў разводзе з жонкай.

І тое, што тычыцца магчымасцяў. З’езд патрыі «Справядлівы свет», на якім было прынятае рашэнне вылучыць кандыдатам у прэзідэнты Сяргея Калякіна, дыскутаваў адно пытанне: ці здолее партыя, высунуўшы свайго кандыдата, сабраць 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў для ягонай рэгістрацыі? Бо, калі не здолее, гэта можа лічыцца паразай партыі. Былыя камуністы вырашылі рызыкнуць.

У Караткевіч такой праблемы няма. У яе актыве — 120 тысячаў подпісаў грамадзян за «Народны рэферэндум». Яе ініцыятыўнай групе проста прыйдзецца яшчэ раз прайсціся па згаданых у «рэферэндумных» спісах адрэсах і па другім разе сабраць тыя ж подпісы тых жа людзей, толькі ўжо пад іншай паперкай.

Такім чынам пакуль што з пункту гледжання рашучасці, жаданняў і магчымасцяў Таццяна Караткевіч апярэджвае ўсіх астатніх прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. За выключэннем, канешне, нашага ўжо 20 год як правадыра.