Прарыў, раскол або мышыная валтузня?

Пяць апазіцыйных палітычных структур падпісалі пагадненне аб працэдуры вылучэння адзінага кандыдата на маючых адбыцца выбарах. Пра гэта было абвешчана на экстранай прэс-канферэнцыі ў панядзелак, запрашэнне на якую журналісты атрымалі літаральна за гадзіну да яе правядзення. У чым прычына такой спешкі?



piaciorka.jpg

 Ці ўсё так празрыста ў самой працэдуры і ці ёсць надзея ў грамадства, што хоць на гэты раз у апазіцыі ўсё атрымаецца?

Колькі можна займацца балбатнёй?


Бясконцую і амаль бессэнсоўную цяганіну з абмеркаваннем працэдуры выбару адзінага кандыдата, якая працягваецца апошні месяц без усялякага прагрэсу пара было заканчваць, лічыць кіраўніцтва Партыі БНФ.
«Трэба было рабіць нейкія нават у пэўнай ступені радыкальныя крокі, каб паскорыць дасягненне згоды, — кажа лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — І менавіта таму сёння было вырашана прапісаць працэдуру, якая ўлічвае элементы, прапанаваныя прадстаўнікамі розных арганізацый. Было прапанавана: давайце мы гэтую працэдуру ўжо сёння прапішам, паставім жывыя подпісы, і скончым пустыя размовы».
Подпісы пад пагадненнем паставілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Руху «За Свабоду», кампаніі «Гавары праўду», Партыі БНФ і аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
Чаму гэта адбылося ў такой спешцы, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька не ведае. Ён сцвярджае, што тое, што адбылося ў панядзелак — ні што іншае, як пагадненне структур, якія ўваходзяць у праект «Народны рэферэндум». І гэта не больш, чым «пагадненне аб тым, што яны нарэшце рэалізуюць абяцанае года паўтара таму — назавуць прозвішча свайго прэтэндэнта для ўдзелу ў працэдуры па выбарах адзінага кандыдата», кажа лідэр АГП.

Новы скандал?


Загадкава выглядае пяты «фігурант» ў сённяшнім спісе. Зразумела, што структуры Вештард, Мілінкевіча, Някляева і Янукевіча ўжо даўно працуюць у рамках ініцыятывы «Народны рэферэндум», а вось прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» на сённяшнім падпісанні не былі, але ў якасці падпісанта абвешчаныя.
«Мне патэлефанаваў адзін з сустаршыняў БХД Віталь Рымашэўскі, які сказаў, што яны разглядаюць тое, што адбылося як правакацыю і падставу», — сказаў Лябедзька.
Падобныя пачуцці адчувае і ён сам — як мінімум, ні ў АГП, ні ў Партыі «Справядлівы свет», ні, падобна, у БХД ніхто не чакаў прэс-канферэнцыі. Акрамя таго, Лябедзька сцвярджае, што бакі дамаўляліся не даваць інфармацыю ў прэсу, таму што «пакуль няма пра што паведамляць».
Ці сапраўды квартэт з «Народнага рэферэндуму» падставіў БХД?
Па словах аднаго з лідэраў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў Паўла Севярынца, паміж структурамі сапраўды была дасягнутая дамоўленасць да 1 снежня інфармацыю ў СМІ не даваць: «Але на жаль, сёння літаральна адразу гэта пайшло ў прэсу».
«Каб не шкодзіць працэсу, на мой погляд, не варта было гэта сёння публікаваць у такой форме. Цяпер усе апынуліся ў двухсэнсоўным становішчы», — сказаў Севярынец.
Разам з тым, ён канстатуе, што пяць арганізацый пагадзіліся: схема працэдуры, якая была падпісана, прымальная для іх.

«Кантрольны пакет» у Калякіна і Лябедзькі


Зрэшты, патрэбен яшчэ адзін голас, каб рашэнне было легітымным і працэдура зарабіла. Сёння ім можа стаць альбо голас АГП, альбо «Справядлівага свету» — у рамках «сямёркі» дзейнічае прынцып «кансэнсус мінус адзін».
«Мы да 1 снежня чакаем АГП і «Справядлівы свет», каб яны вызначыліся, ці падыходзіць ім такая схема», — кажа Севярынец.
Лідэр Партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін не разумее сённяшняга рашэння «пяцёркі».
«Ужо даўно было вядома, што пяць структур падтрымліваюць працэдуру вылучэння адзінага кандыдата, пад якой яны падпісаліся. Аднак мы не можам падпісацца пад працэдурай вылучэння кандыдатаў на Кангрэс дэмакратычных сіл шляхам збору подпісаў, бо  гэтая форма вылучэння не выклікае даверу», — адзначыў Калякін.
Янукевіч прапануе не звяртаць увагі на дробязі, а выкарыстоўваць момант, бо сёння быў зроблены значны крок наперад  —  вывад усіх перамоваў на зусім новы ўзровень.
«У нас ніколі не бывала сітуацый, каб ужо стаяла пяць подпісаў, і фактычна подпіс прадстаўніка любой з арганізацый (АГП або «Справядлівага свету») азначаў бы аўтаматычны пачатак працэдуры. Вось менавіта таму мы і палічылі гэтую падзею настолькі значнай, каб адразу правесці прэс-канферэнцыю і паведаміць пра гэта грамадскасці», — адзначыў лідэр Партыі БНФ.
Павел Севярынец кажа, што БХД выступае за тое, каб усе гулялі па правілах. «А правілы такія: згаджаюцца шэсць арганізацый з сямі — наперад, кангрэс, адзіны кандыдат і гэтак далей. Калі не згаджаюцца, тады сітуацыя іншая. Спадзяюся, што нейкае паразуменне ўсё ж будзе дасягнута, і да 1 снежня ўсё атрымаецца», — спадзяецца палітык, не забываючы дадаць, што, на жаль, «у нас пастаянна гэта робіцца праз пень-калоду».
Ён яшчэ раз падкрэслівае, што «публікаваць цяпер гэтую інфармацыю было не вельмі карэктна».
Больш жорстка ацэньвае сітуацыю, якая склалася, Анатоль Лябедзька: «Сённяшні крок — гэта інвестыцыі не ў пошукі выхаду на адзінага кандыдата, а, хутчэй за ўсё, у тое, каб ісці некалькімі калонамі».
Ён не разумее, навошта выбіраць такую складаную працэдуру — кангрэс — калі партнёры па апазіцыйнаму руху робяць усё так проста: «Тады можна было зрабіць заяву, што «Народны рэферэндум» мае свайго кандыдата, і мы будзем выбудоўваць сваю самастойную выбарчую кампанію. Вось і ўсё».
Гэта, на яго думку, адзін сцэнар. Ёсць і другі — сённяшнія падпісанты вызначаюцца нарэшце са сваім кандыдатам, агучваюць яго прозвішча, і тады ўзнікаюць магчымасці для перамоваў з кааліцыяй «Талака».
«Гэта больш аптымістычны сцэнар. Але гэта не мае ніякага дачынення да выбараў адзінага кандыдата ад дэмсілаў. Нават калі не тры, а дзве найбуйнейшыя структуры ў гэтым працэсе не ўдзельнічаюць», — кажа палітык.

Паспець, пакуль «падсрачнік» не далі


«На мой погляд, крызіс унутры апазіцыі настолькі глыбокі, што яна не ў стане прапанаваць сур'ёзную стратэгію дзеянняў не толькі для грамадства, але нават (і перш за ўсё) для дэмакратычнай супольнасці Беларусі», — лічыць доктар палітычных навук Павел Усаў.
На яго думку, пытанне адзінага кандыдата ў краіне будзе заўсёды звязаны з тым, хто яго вылучае. А якасць і ўнутраны стан апазіцыйных структур заўсёды будзе адбівацца на якасці і уплыве «адзінага кандыдата».
Размовы аб кангрэсе ішлі ўжо даўно. Кансультацыі паміж рознымі структурамі вядуцца таксама ўжо даўно, нагадвае палітолаг Андрэй Ягораў.
Эксперт не ведае, чаму менавіта цяпер «прыспічыла» абвясціць пра дасягнутыя дамоўленасці, бо нічога істотнага ні ва ўнутраным, ні ў вонкавым свеце не адбылося.
Верагодна, лічыць палітолаг, «пакуль чарнілы не абсохлі, пакуль дамоўленасці яшчэ ў сіле, пакуль яшчэ ніхто нікому падсрачнік не даў — трэба хутка замацаваць ўсе пагадненні, каб яны сталі здабыткам грамадскасці».
«У нас усе заключаныя пагадненні жывуць максімум на працягу паўгода, пакуль бакі не абвінавацілі адзін аднаго ў здрадзе»,  —  адзначае Ягораў.

Нічога агульнага з палітыкай


Адказ на пытанне, чаму ўсё адбываецца з наскоку, ён бачыць у тым, што ў апазіцыйных лідэраў вельмі абмежаваны набор варыянтаў для палітычных дзеянняў: «Яны замкнёныя ў вузкіх рамках, нічога новага ім у галовы не прыходзіць, а нейкую дзейнасць адлюстроўваць трэба. Яны думаюць, што палітыка — гэта ўдзел у выбарах, вызначэнне адзінага кандыдата, правядзенне кангрэса або што-небудзь з гэтай оперы. Вось яны і прымаюць такія рашэнні. Але да палітыкі гэта ніякага дачынення не мае. Таму што з палітычнага пункту гледжання гэта бессэнсоўна».
У экспертнай супольнасці ўжо мінімум год жартуюць пра тое, што беларуская апазіцыя дамовіцца пад чарговую клятву Лукашэнкі на чарговай цырымоніі інаўгурацыі.
«Калі вылучаць кандыдата цяпер, то часу для таго, каб ён набраў хоць якую-небудзь вагу і хоць неяк паўплываў на будучую кампанію, проста няма. Сёння ўжо занадта позна», — перакананы Ягораў.
Увесь час, які трэба было выдаткаваць на кааліцыйную працу, на ўмацаванне штабоў, на падцягванне да пратэстнага руху новых актывістаў, беларуская апазіцыя выдаткавала на мышыную валтузню.
Таму, па вялікім рахунку, не важна, колькі будзе апазіцыйных калон на выбарах.

journalby.com