Супраць прэвентыўных затрыманняў

Першыя прэвентыўныя затрыманні палітычна актыўных грамадзян пачаліся ў Беларусі яшчэ ў 2006 годзе. З цягам часу гэта практыка набывае маштаб. А між тым, прэвентыўныя затрыманн з’яўляюцца незаконнымі.



20141015_114858_logo.jpg

Міжнародная Федэрацыя Правоў Чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтр “Вясна” падрыхтавалі даклад “Адвольныя прэвентыўныя затрыманні актывістаў у Беларусі”. Прэзентацыя справаздачы адбылася 15 кастрычніка ў сядзібе “Вясны”.

У падрыхтаваным дакуменце ўздымаецца праблема сістэмнага і сістэматычнага выкарыстання беларускімі ўладамі прэвентыўных затрыманняў дэмакратычных актывістаў напярэдадні важных грамадскіх падзеяў дзеля папярэджання любых формаў пратэсту. Як паведаміў намеснік старшыні арганізацыі Валянцін Стэфановіч, даклад быў падрыхтаваны па выніках працы сумеснай даследчай місіі FIDH і “Вясны” ў маі-чэрвені бягучага году. Місія ладзілася адразу пасля Чэмпіянату свету па хакеі.

Юрыст нагадаў, што першыя прэвентыўныя затрыманні палітычна актыўных грамадзянаў пачаліся ў Беларусі яшчэ ў 2006 годзе, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Толькі ў той час былі затрыманыя 236 чалавек. Наступная хваля такіх затрыманняў адзначалася ў 2012 годзе перад прыездам ў Мінск расійскіх кіраўнікоў Уладзіміра Пуціна і Дзмітрыя Мядзведзева. А сёлета, перад хакейным першынством “пад раздачу” трапілі не толькі палітычныя актывісты, але і футбольныя фанаты, асацыяльныя элементы, асобы без сталага месца жыхарства ды іншыя катэгорыя грамадзян, якія ўлады палічылі недабранадзейнымі.

Валянцін Стэфановіч правёў паралелі паміж сёлетнімі затрыманнямі з падзеямі 1980 году, калі да пачатку летніх Алімпійскіх гульняў з Масквы ды іншых буйных гарадоў СССР “за сто першы кіламетр”, вывозілі згаданыя вышэй катэгорыі грамадзянаў.       

Юрыст Павел Сапелка звярнуў увагу на тое, што тыя прэвентыўныя затрыманні, якія мелі і маюць месца ў цяперашняй Беларусі, з’яўляюцца незаконнымі. “У заканадаўстве дакладна прапісаны выпадкі, у якіх асоба можа быць пазбаўленая волі. “У прыватнасці, адзначаецца, што без здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння могуць быць затрыманы толькі людзі без пэўнага месца жыхарства, каб высветліць іх асобу і пашпартызаваць іх, а таксама асобы з псіхічнымі захворваннямі для перадачы іх у органы аховы здароўя. Усе астатнія затрыманні могуць мець месца толькі ў тым выпадку, калі асоба ўжо здзейсніла грамадска-небяспечнае дзеянне”, — адзначыў Сапелка.

Што тычыцца адміністрацыйных правапарушэнняў, то чалавека, паводле заканадаўства, могуць затрымаць толькі пасля здзяйснення правапарушэння, але ніяк не па нейкім падазрэнні. Тым не менш, у Беларусі такія выпадкі маюць месца, і колькасць іх расце.

На прэзентацыі прысутнічаў і актывіст кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Максім Вінярскі, які шматкроць зведаў на ўласным досведзе, што такое прэвентыўнае затрыманне. Ён уваходзіць і ў спіс тых 38 актывістаў, якія былі затрыманыя перад або падчас хакейнага Чэмпіянату свету. Паводле ягоных словаў, супрацоўнікі праваахоўных органаў і спецслужб літаральна палююць за ім, і з гэтае прычыны ён не можа спакойна пражываць па месцы рэгістрацыі. Асобы ў цывільным і ў форме наведваюцца да маці Максіма, спрабуючы даведацца, дзе ён знаходзіцца ў той ці іншы момант.

Да таго ж, сказаў Вінярскі, у РУУСах і ў судах праваахоўнікі не саромеюцца проста хлусіць, падводзячы затрыманых актывістаў пад артыкул “непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі” ды іншыя. А суды, наўмысна ці не, прымаюць словы прадстаўнікоў улады да веры.

Валянцін Стэфановіч дадаў, што апошнім часам міліцыянты і спецслужбоўцы ставяць за віну актывістам не толькі лаянку матам ці спраўленне натуральнай патрэбы ў грамадскім месцы, як гэта было ў папярэднія гады, але і знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення.

Апошнім прыкладам ёсць сітуацыя з актывістам Zмены — маладзёвага крыла кампаніі “Гавары праўду” — Паўлам Вінаградавым. Ён прыйшоў ў РУУС па месцы жыхарства адзначацца 9 кастрычніка, бо за ім устаноўлены прафілактычны нагляд (Павел быў асуджаны да зняволення за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнціх выбараў, якая прайшла ў Мінску ўвечары 19 снежня 2010 года).

Міліцыянты выставілі яму абвінавачанне, што ён п’яны, хоць экспертыза не зафіксавала ніякага алкагольнага ап’янення. Тым не менш, Вінаградаў зноў апынуўся на Акрэсціна на 15 сутак. Гэты актывіст толькі ў 2014 годзе правёў за кратамі 65 сутак па адміністрацыйных справах, а ад 2012 года — цэлых 250 сутак.

Беларускія і замежныя праваабаронцы 15 кастрычніка распачалі кампанію ў падтрымку Вінаградава, а “Вясна” і FIDH прынялі адмысловую заяву, якую агучыў Валянцін Стэфановіч. Як адзначаецца ў дакуменце, “па паведамленнях Паўла Вінаградава, яму рэгулярна пагражаюць крымінальным пераследам і фізічнай расправай з мэтай прымусіць спыніць мірную дзейнасць, накіраваную на выказванне свайго меркавання і пратэсту, а таксама пакінуць горад Мінск на час прэвентыўнага нагляду”.

Напярэдадні правядзення ў Мінску Чэмпіянату свету па хакеі ў красавіку 2014 года ў выніку аналагічных пагрозаў з боку супрацоўнікаў Маскоўскага РУУС сталіцы Павел быў вымушаны з’ехаць са сталіцы ў горад Беразіно.

“Варта адзначыць, што практыка адвольных затрыманняў шырока выкарыстоўваецца ўладамі Беларусі ў дачыненні да апазіцыйных актывістаў і набыла сістэмны і сістэматычны характар. У сувязі з гэтым FIDH і Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуюць ад уладаў “неадкладнага вызвалення Паўла Вінаградава і адмены ўсіх незаконных судовых пастаноў у дачыненні да яго, спынення практыкі адвольных затрыманняў і іншых формаў ціску і пераследу ў дачыненні да Паўла Вінаградава і іншых актывістаў апазіцыйных групаў і рухаў, вызвалення ўсіх палітвязняў, якія знаходзяцца ў турмах і папраўчых калоніях Беларусі, спынення практыкі пераследу іншадумцаў у Беларусі як неабходнай умовы для нармалізацыі сітуацыі з правамі чалавека ў краіне”.