Шэраг грамадскіх структур падтрымалі Валерыя Фралова ў прэзідэнцкіх амбіцыях

Прадстаўнікі шэрагу грамадскіх аб’яднанняў і грамадзянскіх ініцыятыў 28 верасня ў Жодзіне прынялі рашэнне аб падтрымцы вылучэння кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) генерала Валерыя Фралова. 



frolov2.jpg

З прапановай падтрымаць намер Фралова ўзяць удзел у выбарчай кампаніі выступіў грамадскі актывіст, былы дэпутат жодзінскага гарсавета Аляксандр Валчанін, паведаміў БелаПАН кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы «Саюз афіцэраў і салдат» Кірыл Жываловіч.  

«Наступныя выбары на фоне ўскладнення эканамічнага крызісу ў краіне, росту карупцыі і ўцёкаў з Беларусі галоўнага капіталу — кваліфікаваных кадраў, — вымушаюць нас не быць абыякавымі. Мы не можам больш спадзявацца на штатных змагароў за светлую будучыню народа з апазіцыйнага асяроддзя, абцяжараных працэдурамі выбару адзінага кандыдата. Гэты працэс можа зацягнуцца надоўга, і ў выніку ён пазбавіць нас часу на актыўную агітацыйную кампанію і прывядзе да чыста фармальных вынікаў, без рэальнага аб’яднання намаганняў», — сказаў Валчанін.

Ён падкрэсліў: «Сітуацыя вымушае вылучыць на ўдзел у выбарах генерала Фралова, грамадзянская пазіцыя і палітычныя погляды якога нам добра вядомыя даўно».

Падтрымаў ініцыятыву аб вылучэнні Фралова кандыдатам у прэзідэнты старшыня арганізацыйнага камітэта па стварэнні руху ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы Айчыны» Аляксандр Камароўскі. «Ведаючы Валерыя Фралова як сапраўднага патрыёта Беларусі, чалавека гонару, годнасці і палітычнага прафесіяналізму, прапаноўваю прыкласці ўсе намаганні для вылучэння яго кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь», — сказаў ён.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Фралоў аб рашэнні вылучыць сваю кандыдатуру на выбарах прэзідэнта ў 2015 годзе заявіў у чэрвені 2014 года. «Адзіны кандыдат — гэта не панацэя. Дай бог, каб такое адбылося, але я ў гэта слаба веру», — сказаў ён. На думку палітыка, лепшай перадвыбарнай стратэгіяй было б вылучэнне некалькіх кандыдатаў, «кампетэнтных у розных сферах». «А потым напярэдадні выбараў паглядзець на рэйтынгі, зняцца на карысць чалавека з найвышэйшым рэйтынгам, запрасіць сваіх прыхільнікаў прагаласаваць за яго і такім чынам выйсці на рэальнага адзінага», — дадаў ён.

Фралоў ужо вылучаўся ў прэзідэнты ў 2006 годзе, але змог сабраць крыху больш за 58 тысяч подпісаў пры неабходных для рэгістрацыі 100 тысячах. Сам Фралоў растлумачыў гэта недахопам фінансавання. Тады палітык падтрымаў кандыдата ў прэзідэнты ад сваёй партыі Аляксандра Казуліна.