Спецаперацыя «рэгістрацыя»

Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» будзе праводзіць мясцовую кампанію «ад сахі». Прынамсі, пра гэта сведчаць вынікі рэгістрацыі «прамоўцаў» ад БХД, якія пайшлі папрацаваць на мясцовую кампанію.



vybary_u_miascovyja_saviety.jpg

20 лютага скончылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, і яе папярэднія вынікі ў Мінску падвялі сустрашыні аргкамітэта Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі. Прычым, Павал Севярынец у чарговы раз адзначыў: БХД не расцэньвае гэтую кампанію як «выбары», таму што выбараў у Беларусі няма. І гэта ў чарговы раз бачна па тым, што адбываецца з рэгістрацыяй «прамоўцаў». Таму што «кандыдатамі ў дэпутаты» гэтыя людзі таксама быць не пагаджаюцца.
«Мы праводзім не «мясцовыя выбары», а «мясцовую кампанію», каб дайсці да людзей, пазбіраць подпісы за вырашэне праблемаў, якія хвалююць людзей. І ў перспектыве з гэтай кампаніі павінна стварыцца народнае самакіраванне — каманды, якія б гатовыя былі прэзентаваць альтэрнатўныя варыянты развіцця гарадоў і вёсак. Я спадзяюся, у большасці гарадоў і мястэчак такое народнае самакіраванне нам стварыць удасца», — лічыць Севярынец.
Сітуацыя з рэгістрацыяй «прамоўцаў» БХД больш цікавая за іншыя партыі. Таму што афіцыйна БХД як партыя дагэтуль не зарэгістраваная, і ўсе актывісты БХД вылучаліся шляхам збору подпісаў. І тут выяўляецца цікавая тэндэнцыя, якую заўважаюць у БХД.
Першая выснова — улады ў нерэгістрацыі актывістаў БХД дзейнічаюць звыклымі метадамі. «Збольшага, гэта тыя ж метады, якія былі апрабаваныя пад час спробаў рэгістрацыі БХД. Мы ўжо казалі пра праверку подпісаў. Яны правяраюцца такім чынам: сябры камісіі абтэлефаноўваюць людзей, у рэгіёнах — прыходзяць да іх дахаты. Пераважна, так дзейнічаюць у адносінах да людзей сталага веку. І тлумачаць ім, што яны падпісаліся «за апазіцыянера», ці свядома яны зрабілі такі выбар, ці не шкадуюць зараз аб ім. А можа, згодныя адклікаць подпіс? І некаторыя людзі подпіс адклікаюць, баючыся праблемаў на працы ці яшчэ нейкіх праблем», — сказаў Севярынец.
Каго перш за ўсё «вырубаюць» камісіі? У гэтым ёсць тэндэнцыя, кажа Севярынец. «Найперш, вырубаюць каманды. У тых гарадох, дзе ідзе пяць-сем-дзесяць-дванаццаць прадстаўнікоў БХД, адсякаюць амаль усіх, вычышчаюць таатльна. Там, дзе ідзе два чалавекі ў горадзе, аднаго адсякаюць, аднаго пакідаюць», — кажа Севярынец.
Таксама першыя кандыдаты «на вылет» — гэта абласныя і гарадскія каардынатары БХД, а таксама кіраўнікі структураў. Гэта Таццяна Севярынец у Віцебску, яе намесніца Алена Шабуня, Алег Аксёнаў з Магілёва, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі…
«Вылятаюць» з рэгістрацыі і найбольш прадстаўнічыя кандыдаты. «Гэта людзі сярэдняга ўзроўню, тыя, хто працуе ў нармальных месцах, людзей дасведчаных, бізнесоўцаў. То бок тых, хто прывабна выглядае ў вачах выбаршчыка», — кажа Севярынец. Рэгіструюць жа, збольшага, маладых і зусім маладых людзей, 20 — 24 гады.
І, канешне ж, найперш не рэгіструюць актывістаў БХД у буйных і сярэдніх гарадах. Сітуацыя з вясковымі акругамі — найлепшая.
«У нас дастаткова «прамоўцаў» ідуць па сельскіх акругах, некалькі дзясяткаў. Гэта вынік мінулагодняй кампаніі БХД «Абаронім людзей ад свінства», калі БХД займалася дапамогай людзям, у якіх у выніку «афрыканскай чумы свінняў» выразалі жывёлаў. Шмат вяскоўцаў тады прыйшло да нас, і зараз яны — нашыя «прамоўцы» у гэтых акругах. Вось у сельскай мясцовасці будзе зарэгістравана каля 80% нашых вылучэнцаў, тады як па гарадах, мы мяркуем, будзе зарэгістравана 20 — 30%», — адзначыў Севярынец.
У прынцыпе, кіраўніцтва БХД кажа, што «не піталі ілюзіяў» адносна рэгістрацыі сваіх актывістаў кандыдатамі ў дэпутаты. Як адзначыў Рымашэўскі, найперш актывісты аргкамітэта ішлі на выбары для таго, каб паказаць сутнасць беларускіх выбараў і тое, што выбараў няма. «Таму ўжо па двух папярэдніх этапах, — рэгістрацыях ініцыятыўных груп і зборам подпісаў за вылучэнне кандыдатаў мы маем дастаткова юрыдычных падставаў, каб казаць пра незаконнасць і адсутнасць выбараў у Беларусі», — сказаў ён.
Што будуць рабіць тыя, хто зарэгістраваны «кандыдатам у дэпутаты» — зразумела: працягваць легальную агітацыю і працу з людзьмі. А вось што будуць рабіць незарэгістраваныя прамоўцы? Рымашэўскі кажа, што перашкаджаць з людзьмі ніхто не перашкодзіць. «Тым больш, што ўжо пад час збору подпісаў з’явілася шмат людзей, якія падтрымліваюць нашых прамоўцаў і дамаўляліся аб далучэнні да нашай працы», — сказаў Рымашэўскі.
Больш за тое, дадае ён, улады самі пачалі разумець сваю пройгрышную пазіцыю ў пытаннях, якія ўздымае БХД, і імкнуцца зараз дзейнічаць «апераджальнымі метадамі». «У мінулым годзе мы выступілі за прыняццё закону аб абароне жывёлаў, распачалі кампанію «Стоп спайс». Зараз улады самі распрацоўваюць закон аб абароне жывёлаў і фактычна выканалі нашыя патрабаванне па забароне наркатычных курыцельных сумесяў. Толькі ў гэтую кампанію мы паднялі пытанне алкагалізацыі насельніцтва, яшчэ нават сабраныя подпісы за абмежаванне продажу алкаголю нікуды не перадалі — а ўжо чутны галасы «з таго боку» пра ўзмацненне антыалкагольнага заканадаўства», — адзначыў Рымашэўскі.
І гэта — рэакцыя не толькі на ініцыятывы БХД, але ўвогуле на ініцыятывы «знізу». Рымашэўскі таксама зазначыў, што ў Мінску шматлікія групоўкі і ініцыятывы выступаюць супраць ушчыльняльнай забудовы. І нядаўна нават Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што «Мінск не гумовы», але бяздумнай ўшчыльняльнай забудовы быць не павінна.
Канешне ж, «знятыя з працэсу» актывісты БХД будуць займацца яшчэ дзвюмя справамі. Найперш, дапамагаць зарэгістраваным «прамоўцам» праводзіць пікеты і займацца агітацыяй. І ніхто не адмяняў назіранне за самім працэсам мясцовых выбараў — падлікам галасоў.
Што ж датычыцца сённяшняй сітуацыі, то ўсе незарэгістраваныя «прамоўцы» БХД будуць абскарджваць сваю нерэгістрацыю ў судзе. Зразумела, не для таго, каб у судзе перамагчы, а каб для будучыні засталіся доказы супрацьзаконных дзеянняў сябраў выбарчых камісій. Парушэнне выбарчага заканадаўства — гэта злачынства і па сённяшнім Крымінальным кодэксе, адзначыў Севярынец. А Рымашэўскі дадаў, што БХД будзе дамагацца ўключэння ўсіх такіх злачынцаў у «чорныя спісы» неўязных у Еўрасаюз. Акрамя таго, лічыць Рымашэўскі, «краіна павінная ведаць сваіх герояў». І БХД будзе ствараць базу дадзеных сябраў выбарчых камісій, якія цягам выбарчай кампаніі асабліва цынічна парушалі закон.