Віншаванні трох прэзідэнтаў. Што схавана за словамі

Адзін з лозунгаў, пад якім раз’юшаны натоўп будзе штурмаваць адмністрацыі, ужо гатовы: «Вярніце Пуціна ў тэлевізар!».Тым, хто за навагоднім сталом пакутваў ад дэфіцыту прэзідэцкай велічы, Пуцін мог бы даць яе напоўніцу.



three_masks.jpg

Пасля шэрагу маніпуляцый з пераводам стрэлак у Расіі і Беларусі з 2014 года мінскі час супаў з маскоўскім, у чым можна было ўгледзець праяву палітычнага курса на далейшае сціранне розніцы паміж нашымі краінамі. Аднак гэтае супадзенне мела нечаканае наступства — упершыню за доўгі час беларусы не сустракалі Новы год асобна «па Маскве». І ў масе сваёй не глядзелі навагодні зварот расійскага прэзідэнта, бо беларускімі тэлеканаламі ён не трансляваўся. 
На адсутнасць Пуціна за сваім навагоднім сталом скардзіліся многія карыстальнікі партала TUT.BY. Маўляў, цікавей слухаць «лідэра сусветнага маштабу, які вырашае пытанні нароўні з ЗША, Кітаем і ЕС, чым старшыню калгаса». Што б гэта ні было: сапраўдная ломка беларусаў ад рэзкай перамены ў шматгадовай звычцы або атака крамлёўскіх «ботаў» — званочак трывожны. Дзынь-дзынь, незалежнасць краіны знаходзіцца пад пагрозай.

Веліч, створаная тэлекамерай


Праігнараваць расійскага прэзідэнта не выпадае. Трэба ведаць, што там у галаве і на языку ў чалавека, які ў XXI-ым стагоддзі развязаў самую маштабную геапалітычную авантуру ў Еўропе. За «іхны Крым» беларусы ўжо мусяць расплачвацца пахуданнем кашалькоў, а ў недалёкай будучыні могуць стаць яшчэ і  аб’ектам вызвалення. Напрыклад, ад узурпатара, які перашкаджае доўгачаканаму зліццю двух брацкіх народаў. Адзін з лозунгаў, пад якім раз’юшаны натоўп будзе штурмаваць абласныя і раённыя адмністрацыі, ужо гатовы: «Вярніце Пуціна ў тэлевізар!» 
Тым, хто за навагоднім сталом пакутваў ад дэфіцыту прэзідэцкай велічы, Пуцін мог бы даць яе напоўніцу. У артыкуле «Больш за Крэмль. Як Пуцін усіх перарос» прасочваецца эвалюцыя Пуціна ў кадры пераднагодніх зваротаў, а менавіта ягоны паступовы рост на фоне Крамля. У ноч на 2001 год ён яшчэ быў усяго толькі маленькім чалавекам у параўнанні з Спаскай вежай, у наступным годзе ягоная галава ўжо знаходзілася на ўзроўні дзяржаўнага сцяга над будынкам рэзідэнцыі, а да 2013 года Пуцін перарос Крэмль. У апошнім звароце ён засланяе сабой добрую палову сімвала расійскай дзяржаўнасці, Крэмль здаецца амаль лялечным на ягоным фоне. Аўтамабільчыкі, у якіх снуюць людзі за ягонай спіной, выглядаюць мурашынымі. Напэўна, менавіта так мог бы выглядаць зварот да насельніцтва правадыра гіганцкіх прышэльцаў, якія захапілі Расію.


Штосці іншапланетнае было і ў тэксце звароту, безаблічнага, складзенага з штампаў, з яўна парушанай  субардынацыяй значнасці падзеяў мінаючага года. Ані слоўца пра міжнародную ізаляцыю і абвал рубля, ані згадкі пра падзеі на Данбасе. Калі ж ён пачаў казаць пра Алімпіяду ў Сочы, спачатку падумалася, што тут нейкая памылка, я ўключыў зварот за іншы год, такой далёкай і нерэальнай яна здаецца. 
Хаця Пуцін не абмінуў тэму анэксіі Крыма, падзякаваўшы расіянам за «брацкую падтрымку» ягоных жыхароў, якія «цвёрда вырашылі вярнуцца ў родны дом», усяго два сказы, прысвечаныя ёй, выглядаюць несувымернымі маштабу наступстваў. Словаў для саміх жыхароў паўвострава ў расійскага прэзідэнта не знайшлося. А яны, мабыць, хацелі б пачуць нешта падбадзёрвальнае ва ўмовах транспартнай блакады, перабояў з электразабеспячэннем, зніжэннем турпатоку і аб’ёмаў знешняга гандлю ды іншых непрыемных сюрпрызаў, звязаных з новым статусам.   
Зрэшты, падбадзёрвальных словаў не знайшлося і для расіянаў. «Год будзе такім, якім мы самі яго зробім», — філасофскі заўважыў ён. Нібыта забыўшы, хто тут вышэйшы за Крэмль волат, які заварыў усю кашу.  
Наіўным было б чакаць ад Пуціна раптоўнага раскаяння, але больш выразныя планы на будучыню — наступленне ці адступленне — мусілі прагучаць. Не, будучыня ў ягоным звароце не прагледжваецца. Нават пра сваё любімае дзецішча — Еўразійскі эканамічны саюз, які пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2015 года, не згадаў. Чэрчыль калісці шчыра сказаў брытанцам у 1940-ым годзе, што яму няма чаго прапанаваць ім, апроч «крыві, пота і слёзаў». Пуціну ж няма чаго прапанаваць расіянам, апроч сваёй уяўнай велічы, створанай тэлекамерай, і пустых фразаў.  
Адначасова па сеціве гуляе відэаролік нібыта пуцінскага віншавання з надыходам 2016-га года. У ім усмешлівы «Пуцін» прамаўляе, седзячы ў амерыканскім Белым доме. Ён гаворыць пра хуткі рост рубля і «тых, хто хоча далучыцца да нас у Еўропе і Азіі, Афрыцы і Аўстраліі». Пра замену газіроўкі на рускі квас, а фастфуду — на бліны.


Як быццам фантазм, народжаны падсвядомасцю крамлёўскага валадара. Тое, што ён хацеў бы сказаць, але пакуль не наважваецца. 

Віншаванне ў карычневых танах


У адрозненне ад раздзьмутага да нябёсаў Пуціна, у сваім навагоднім звароце беларускі прэзідэнт максімальна прыменшыўся — да «хатніх» памераў. Ён не толькі не стаяў, але і сядзеў не за афіцыйным сталом, а ў вялікім скураным фатэлі карычневага колеру. Карычневы ўвогуле быў дамінуючым колерам у кадры. У інтэрнэт-слоўніку па псіхафізіялогіі пра карычневы напісана, што гэта «кансерватыўны колер, увасабленне стабільнасці». 
«Карычневы колер шануе адчуванне бяспекі… Цярпець не можа, калі што-небудзь парушае звыклы лад жыцця… Аддае перавагу таму, каб рабіць уражанне грунтоўнасці і надзейнасці… Гэты колер можа адчуваць моцны страх перад з'явамі распаду і разбурэння…», — апісвае слоўнік тых, хто абірае карычневы.    
Менавіта такім «карычневым» настроем і быў прасякнуты навагодні зварот Лукашэнкі. Зрабіць уражанне грунтоўнасці і надзейнасці, праўда, не атрымалася. Прэзідэнт выглядаў хмурным і ўстрывожаным. Ён асабліва і не хаваў сваёй трывогі — перад паўтарэннем «украінскага сцэнара» у Беларусі, дзе яму будзе адведзеная роля Януковіча, зрынутага прэзідэнта-уцекача. Таму папярэджваў беларусаў пра небяспеку «яркіх і кідкіх лозунгаў», якія прывядуць да «расколу грамадства», «усеагульнай нянавісці», а потым і да вайны. 
Гаворцы пра гэтыя вельмі канкрэтныя страхі, свае ўласныя страхі, прэзідэнт надаў выгляд папярэджання і  наказа ад умудронага жыццём чалавека неразумным нашчадкам. Нічога, многія праглынулі, нават расчуліліся.
« Аснова сапраўднага міру — гэта дабрыня, памяркоўнасць і згода паміж людзьмі. Гэта гатоўнасць дараваць чужыя памылкі, гэта здольнасць у чымсці  паступацца сваімі інтарэсамі», — прамаўляе прэзідэнт. 


Хтосці сапраўды думае, што гэта ён нас, неразумных, вучыць правілам паводзінаў у побыце? Натуральна, не. Адразу ж за гэтай мудрасцю ідзе пасаж пра кідкія лозунгі, раскол грамадства і вайну, то бок пра галоўны страх прэзідэнта — страту ўлады. Раскол беларускага грамадства, які тоіць у сабе, па словах Лукашэнкі, пагрозу вайны, праходзіць па лініі стаўлення да самога Лукашэнкі. Іншыя лініі расколу не набылі пакуль выразны выгляд. Адпаведна, мір у грамадстве магчымы толькі пры аднолькавым стаўленні да прэзідэнта. Сцісніце зубы і ўпакорцеся. То бок гаворка ідзе пра тое, каб беларусы яму даравалі ягоныя памылкі і паступіліся сваімі інтарэсамі, асабліва калі некаму здаецца, што ў іх уваходзіць адстаўка прэзідэнта.    
«Галоўная каштоўнасць, за якую мы павінны дзякаваць лёсу, — гэта мір… Мы часам, наракаючы на бягучыя цяжкасці, не заўважаем самага важнага, не шануем тыя дары, якія падае нам жыццё...», — прапаведуе Лукашэнка з глыбіні вялікай скураной фатэлі карычневага колеру. Са здымкамі членаў ягонай сям’і поруч — штрых, уласцівы калядным зваротам еўрапейскіх манархаў. 
«Нам патрэбны мір, а не свабода», — сказаў Аляксандру Керанскаму летам 1917 года адзін салдат на фронце ў адказ на прамову аб тым, што «шлях да свабоды ляжыць праз пакуты, хто не мае мужнасці перанесці іх, той не варты свабоды». Мы добра ведаем з гісторыі, што адбылося пасля таго, як носьбіты гэтай прастанароднай мудрасці купіліся на бальшавіцкія  абяцанкі міра. 
Лукашэнка тут выступае адразу ў двух іпастасях, адна з якіх засланяе другую — недалёкага мужычка з простымі патрэбамі звонку і хцівага бальшавіка, які абяцае мір, прагнучы ўзяць уладу, знутры.  
Зрэшты, усё гэта размовы на карысць бедных. Таму што пагроза вайны зыходзіць не ад беларускага грамадства. «Украінскі сцэнар» мае вельмі невялікія шанцы паўтарыцца ў Беларусі. Не беларусаў трэба ўгаворваць не разгойдваць лодку, яны і самі напалоханыя, а пераасэнсоўваць сваю палітыку «глыбокай інтэграцыі», праз якую Беларусь і аказалася ў найглыбейшай небяспецы.
Адсутнасць у прамове згадкі пра Еўразійскі эканамічны саюз і пажаданне «хутчэйшага аднаўлення міру на зямлі нашых братоў», адрасаванае ўкраінцам, даюць маленькую надзею на тое, што такое пераасэнсаванне не выключанае. Каб толькі не аказалася занадта позна. Можам і замерці назаўжды ў субстанцыі колеру прэзідэнцкага фатэлю.  
«Імпульсіўная жыццёвая сіла чырвонага у карычневым, дзякуючы зацямненню, цьмянее, стрымліваецца, або, як кажуць мастакі, «замірае». У карычневым колеры застаецца толькі жыццёвасць, якая страціла актыўнасць… Карычневы адчайна імкнецца да пастаянства, але ён адчувае таксама страх перад жыццём», — распавядае нам слоўнік.  

Знакі перамен ці перамены знакаў


Парашэнка ў якасці прэзідэнта мае занадта кароткую крэдытную гісторыю, каб можна было ацаніць ступень адпаведнасці слова і справы, бачнасці і рэальнасці. Афармленне звароту, відавочна, пакліканае было падкрэсліць, што ён прэзідэнт новага ўзору. Гэтую задачу, як казалі ў савецкія часы, «выканалі і перавыканалі». 
Калісці Юшчанка заклаў традыцыю пафаснага афармлення навагодняга прэзідэнцкага віншавання — з доўгім праходам да трыбуны па чырвонай дарожцы, ганаровай вартай. Падобна, такім чынам ён кампенсаваў недахоп прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Януковіч вярнуў сабе паўнамоцтвы, але ад дарожкі таксама не адмовіўся. Спадабалася, мабыць, таму што «па-багатаму».
Інаўгурацыю Парашэнкі крытыкавалі за празмерную, як для ваеннага часу, пампезнасць. Крытыку ўлічылі. Чырвоную дарожку, ганаровую варту і нават трыбуну — далоў. Нават надпісу, што зараз будзе віншаванне прэзідэнта не было. На выбарах перамог упэўнена, давер і падтрымку пакуль не растраціў, маніяй велічы захварэць не паспеў, да багацця звык задоўга да прэзідэнцтва. Чаму б і не?


Але пастаноўшчыкі пайшлі яшчэ далей па шляху выціскання прыкмет значнасці фігуры прэзідэнта з навагодняга віншавання. Спачатку гледачы за навагоднімі сталамі ўбачылі наогул не прэзідэнта, а Сяргея Нігаяна, украінца армянскага паходжання, які першым загінуў на Майдане ад кулі снайпера. Ён адкрыў нарэзку кадраў з падзеямі 2014-га году ва Украіне. Пасля дзвюххвіліннага экскурса ў нядаўнюю гісторыю Парашэнка з’явіўся ў кадры на фоне людзей — «кібаргаў» і валанцёраў. Здымкі праводзіліся каля Міхайлаўскага сабору — таго самага, дзе знайшлі прытулак пратэстоўцы пасля першага разгону Майдана, пазней тут быў разгорнуты шпіталь для параненых. Пасланне зразумелае: прэзідэнт — частка народа і ягонай гісторыі. Не яе кульмінацыя і пуп. Прэзідэнцкая ўлада не з’яўляецца самакаштоўнасцю. 
Цікава, што ў сваім леташнім звароце Пуцін таксама з’явіўся ў кадры нароўні з людзьмі. Гэта была вымушаная імправізацыя, зробленая на хуткую руку (у загадзя запісаным звароце не згадваліся снежаньскія тэракты ў Валгаградзе). Але людзі навокол яго ціснуліся, сляпіліся ў нейкую кучу, з якой выглядалі асобныя твары — або з бессэнсоўным, або з угодлівым выразам. Цэнтрам кадра яны не станавіліся, у ім заўсёды заставаўся Пуцін. 
На ўкраінскім прэзідэнце камера надоўга не «заліпала», часта мяняўся ракурс, у цэнтры кадра аказваліся твары іншых людзей, і яны не лыпалі бяздумна вачыма, дарэмна спрабуючы падабраць «патрэбны» выраз. На іх была ўласная спакойная годнасць.  
Пра адзінства народа, палітычнай нацыі, не абстрактнае, праверанае ў справе, Парашэнка сказаў простым, зусім не афіцыёзным словам — «не разлі вада». Што дадаткова падкрэсліла сапраўднасць гэтага адзінства. 
Сціслая і ёмістая прамова. Дарэчная хвіліна маўчання ў памяць аб загінулых вайскоўцах і мірных жыхарах. Удалае віншаванне з Новым годам на трох мовах — украінскай, крымскататарскай і расійскай. Выразна пазначаная мэта — глыбінныя рэформы, які дазволяць Украіне стаць членам ЕС. Надыход Новага году абвясцілі саборныя званы, тыя самыя, якія будзілі калісці кіяўлянаў, заклікаючы іх на Майдан. Не механічнае адстукванне гадзіннікам адрэзкаў часу, а покліч, які ззывае і заахвочвае, паведамляе пра штосці важнае.  
Карацей, усё атрымалася ажно занадта добра. Пераўтварэнні ў жыцці Украіны адбываюцца са значна меншай інтэнсіўнасцю, хутчэй з вялікім скрыпам. Ужо цяперашняй уладай зроблена шмат памылак, за якія не зашкодзіла б і павініцца. Гэта ніколі не рана рабіць. Не ўсё змаглі, не на ўсё хапіла сілаў, часу, умення, жадання, і наогул мы не бязгрэшныя. Трымайце нас у тонусе, прысцёбвайце, кантралюйце, біце па руках, калі спатрэбіцца, каб мы не забывалі, хто, якім коштам і дзеля чаго пасадзіў нас у высокія крэслы. 
Гэтага не было сказана. Таму безумоўна прыгожае і арыгінальнае віншаванне, на жаль, часткова выглядае як пыл у вочы. Дэманстрацыя знакаў перамен, але яшчэ не самі сутнасныя перамены.