«Галоўнае пытанне»: Пасляваенная калектывізацыя ў Заходняй Беларусі

Лятучы ўніверсітэт запрашае на чарговую прамову з серыі «Галоўнае пытанне». Гісторык Алесь Смалянчук у лекцыі «Пасляваенная калектывізацыя ў Заходняй Беларусі ў асвятленні вуснай гісторыі» аналізуе вынікі першай экспедыцыі Беларускага архіва вуснай гісторыі, прысвечанай гэтай тэме.



smaliancuk1.png

Пасляваенная калектывізацыя ў Заходняй Беларусі (1948-1952) шляхам прымусу змяніла жыццёвы ўклад некалькіх мільёнаў яе жыхароў. Вусныя ўспаміны непасрэдных удзельнікаў падзей дазваляюць не толькі больш глыбока, праўдзіва адлюстраваць адну з самых трагічных старонак беларускай гісторыі ХХ стагоддзя, але і становяцца крыніцай разважанняў пра светапогляд, жыццёвыя прыярытэты сённяшніх беларусаў.

Што сталася з чалавекам, які з гаспадара ператвараўся ў калгасніка? Як гэта змяніла традыцыйны сялянскі светапогляд, асноўнымі каштоўнаснымі арыенцірамі якога былі праца, зямля і вера? Магчыма, адказ на гэтыя пытанні дазволіць нам больш грунтоўна зразумець сучасную Беларусь.

Лекцыя Алеся Смаленчука «Пасляваенная калектывізацыя ў Заходняй Беларусі ў асвятленні вуснай гісторыі» адбудзецца 7 кастрычніка (серада) а 18.30. Удзел у ёй вольны, але абавязковая папярэдняя рэгістрацыя. Інфармацыя пра месца правядзення будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам напярэдадні.

«Канспірацыі тут ніякай няма. Проста мы будзем выбіраць месца пад лекцыю ў залежнасці ад колькасці зарэгістраваных удзельнікаў», — патлумачыла каардынатарка праекта Юлія Галіноўская.

Расклад і тэмы далейшых лекцый глядзіце www.fly-uni.org.