Мамзэлі і сутэнёры Заходняй Беларусі

У 1930-я ў Варшаве працавала каля 25 тысяч прастытутак, сярод якіх было нямала жыхарак Заходняй Беларусі. Найбольш танных дзяўчын называлі «мамзелямі». Тых хто паляваў на мужчын ля казарм — «ваўчыцамі».



7_u_buduary_logo.jpg

У будуары

Варшаўскія бардэлі

Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны большасць насельніцтва ІІ Рэчы Паспалітай знаходзілася ў цяжкім эканамічным становішчы. Асабліва гэта тычылася Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэта спрыяла, у тым ліку, і распаўсю­джанню крыміналу і прастытуцыі.

 

10_adz_n_sa_zdimka_zrobleni_padpol_nim_atel_e_varshavi_logo.jpg

Адзін са здымкаў, зроблены ў падпольным атэл'е Варшавы 

 

Сапраўдным цэнтрам «вольнага кахання» стала сталіца краіны — Варшава. Як вынік таго, што ў горадзе на Вісле знаходзіўся вялікі гарнізон кайзераўскіх войскаў. Здымаць стрэс франтавых выпрабаванняў жаўнеры прызвычаіліся ў тылавых варшаўскіх бардэлях.

 

3_u_adnim_z_varsha_sk_h_kabare_logo.jpg

У адным з Варшаўскіх кабарэ

 

Менавіта «прафесіяналкі» часоў Вялікай вайны, а таксама іх сутэнёры стаялі ў пачаткаў стварэння сферы сэксуальных паслуг незалежнай Польшчы. Варшаўскія публічныя дамы размяшчаліся на вуліцах Пенкнай, Маршалкоўскай, Хмельнай, Жэлязнай. Аднак хутка ў гэты бізнэс прыйшлі новыя людзі, якія «гандаль жывым таварам» паставілі на паток.

 

«Гешэфт» на прастытутках

Яшчэ ў другой палове ХІХ стагоддзя яўрэйскія эмігранты з польскіх тэрыторый стварылі ў Аргенціне арганізацыю «Civ Migdal», праз якую ажыццяўлялі вываз на працу маладых дзяўчат яўрэйскай нацыянальнасці з тэрыторыі Расійскай імперыі, у тым ліку і з беларускіх губерняў. Тады ў публічных дамах Буэнас-Айрэса апынулася каля 30 тысяч жанчын «з Расіі».

 

4_dzja_chini_bjal_zne_varshava_1930_ja_gadi_logo.jpg

Дзяўчыны ў бялізне, Варшава 1930 гады

 

Актыўнасць сутэнёраў з Еўропы выклікала супраціў мясцовага крыміналітэту, аднак скінуць прышлых гандляроў прастытуткамі ў іх не атрымалася. Больш таго, з цягам часу «польскія» бізнэсмэны адкрылі свае бардэлі ў Рыо-дэ-Жанейра, Сан-Паўлу, Нью-Ёрку і іншых гарадах. Па падліках паліцыі, даход ад публічных дамоў прынёс «Civ Migdal» каля 50 мільёнаў тагачасных амерыканскіх долараў.

 

Пасля атрымання Польшчай незалежнасці бізнэсмэны працягвалі вывозіць маладых дзяўчат у «новы свет». Яны бязлітасна распраўляліся з канкурэнтамі. Так, гаспадар аднаго з варшаўскіх публічных дамоў паспрабаваў наладзіць адпраўку жывога тавару ў бардэлі Мексікі. Дзяўчат ён атрымліваў пераважна з ваколіц Наваградку. Калі пра гэта даведаліся сутэнёры з Аргенціны, яны хутка злілі канкурэнта польскай крымінальнай паліцыі.

 

Зрэшты, у 1930 годзе правасуддзе дабралася і да «Civ Migdal». Інспектар федэральнай паліцыі Буэнас-Айрэса Хуліа Алсогарай накрыў усю вярхушку гэтай арганізацыі. У верасні таго ж года аргенцінскі суд прысудзіў 108 чалавек да вялікіх тэрмінаў зняволення.

 

Амерыканскі консул-сутэнёр

На пачатку 1930 гадоў у адным з варшаўскіх гатэляў паліцэйскія арыштавалі грамадзяніна ЗША Маўрыцыя Баскіра. Пры ператрусе ў яго нумары былі знойдзены дзясяткі лістоў ад жанчын, да якіх былі далучаны здымкі ў негліжэ. Брэст, Вільня, Львоў, Познань, Лодзь — па адрасах гэтых пасланняў можна было вывучаць геаграфію міжваеннай Польшчы.

 

Але не паспелі паліцэйскія завезці Баскіра ў следчы ізалятар, як на стале начальніка паліцыі ўжо ляжаў ліст ад віцэ-консула Злучаных Штатаў Гары Хола, у якім той патрабаваў вызваліць арыштаванага і пагражаў дыпламатычным скандалам. Аднак пракурор з Нясвіжу, адкуль паходзіў арыштаваны амерыканец, не толькі не спужаўся пагроз з боку дыпламата, але і запатрабаваў выдаць з консульства пашпарты трох жыхарак Навагрудскага ваяводства, якім Баскір дапамагаў аформіць візы для выезду ў ЗША.

 

6_pol_skaja_reklama_amerikansk_h_tavara_1930_ja_gadi_logo.jpg

Польская рэклама амерыканскіх тавараў, 1930-я гады

 

Хутка на адным з допытаў арыштаваны прызнаўся, што ён афармляў фіктыўныя шлюбы з маладымі грамадзянкамі ІІ Рэчы Паспалітай і вывозіў іх за акіян для працы ў публічных дамах. Паліцэйскім удалося выявіць, што амерыканец паспеў ажаніцца на 200 дзяўчынах.

 

Праз некаторы час дзяржаўная паліцыя затрымала злачынцу, пры якім было некалькі пашпартоў з амерыканскімі візамі за подпісам консула Гары Хола. За ім усталявалі нагляд. Аказалася, што ў Польшчу той прыехаў у 1920 годзе з місіяй Чырвонага крыжа, пазней працаваў консулам ЗША ў Рызе. Там ён пазнаёміўся з будучым кампаньёнам па крымінальным бізнэсе Маўрыцыем Баскірам.

 

З таго часу яны пачалі зарабляць адпраўкай дзяўчат у сэксуальнае рабства за акіян. Дарэчы, амерыканскі дыпламат падрабіў дакументы, дапамог падзельніку збегчы з польскай турмы і выехаць у Злучаныя Штаты. Пасля гэтага сам Хол таксама з’ехаў. Аднак польскія ўлады перадалі назбіраны супраць злачынцаў матэрыял амерыканскай паліцыі, і праз некаторы час абодва апынуліся ўжо ў амерыканскай турме.

 

Спецыяльная брыгада

Для барацьбы з прастытуцыяй у Варшаве была створана спецыяльная брыгада Следчага аддзялення Дзяржаўнай паліцыі. Узначальвала брыгаду лейтэнант Станіслава Палеалог.

 

2_pol_sk_ja_zhanchini_pal_cejsk_ja_1930_ja_gadi_logo.jpg

Польскія жанчыны-паліцэйскія, 1930 гады

 

Брыгадзе ўдалося знішчыць 19 публічных дамоў, арыштаваць 55 буйных сутэнёраў. Адным з іх быў гаспадар двух буйных варшаўскіх бардэляў Ізраіль Мосак. Спачатку ён ездзіў па розных мястэчках Заходняй Беларусі і шукаў дзяўчат «для працы ў сталіцы». Справы пайшлі ўгару, і ён стаў пастаўляць прастытутак у публічныя дамы Пінска і Навагрудка. Гэта яго і згубіла. Калі з гораду на Піне ў Варшаву прыехаў чарговы кур’ер за новым таварам, паліцыя арыштавала ўсіх на месцы злачынства.

 

Яшчэ адным буйным варшаўскім сутэнёрам быў Архіп Калашнікаў. Акрамя гандлю дзяўчатамі, ён падпрацоўваў вышыбалам у адным з бардэляў. Пасля таго, калі ён на кароткі час трапіў пад следства, яго дзяўчаты паспрабавалі вызваліцца з няволі. Адна нават выйшла замуж. Але калі Архіп выйшаў з турмы, то жорстка збіў былую прастытутку, за што зноў на тры гады апынуўся ў за кратамі.

 

Працу польскіх бардэляў кантраляваў так званы «сутэнёрскі суд», на чале якога стаяў Іцэк Кіфер. Гэта быў вельмі багаты чалавек, якому належаў рэстаран і дарагая кватэра ў цэнтры Варшавы. Два яго сыны таксама займаліся сутэнёрствам. Прастытуткі мелі права звярнуцца са скаргай у гэты суд, які прымаў рашэнне пакараць сутэнёра, якому належала жанчына, ці перадаць прастытутку іншаму гаспадару. Да таго ж суд змагаўся супраць канкурэнтаў, якіх проста здавалі паліцыі. Усяго ў 1930-я гады ў Варшаве працавала каля 25 тысяч прастытутак, сярод якіх было нямала і ўраджэнак Заходняй Беларусі. Іх працу кантралявала сем тысяч сутэнёраў.

 

1_1930_ja_gadi_zahodnjaja_belarus_u_adnim_z_restarana__logo.jpg

1930-я гады. Заходняя Беларусь. У адным з рэстаранаў 

 

Дэталі порнаіндустрыі

Сярод путан існавала свая градацыя. Напрыклад, «мамзелямі» называлі найбольш танных дзяўчын з правінцыі, а «ваўчыцамі» — жанчын, якія палявалі на мужчын ля вайсковых казармаў. Большасць з прастытутак былі з бедных сямей, часта непісьменныя.

 

Аднак былі і выключэнні. У 1936 годзе ў Варшаве за злачынства судзілі княжну Ірыну Трубяцкую, якая была… гаспадыняй аднаго з варшаўскіх бардэляў. У яе «доме цярпімасці» працавалі дзяўчыны з багатых польскіх сямей. Гэта былі тыя, каму было сумна, яны шукалі нечага новага, якіх-небудзь прыгод, хаця б сэксуальных. Урэшце элітны бардэль закрыла паліцыя, а руская графіня атрымала два гады турмы.

 

9_dzja_china_restarane_1930_ja_gadi_logo.jpg

Дзяўчына ў рэстаране, 1930 гады

 

Звычайна кар’ера путаны пачыналася ў 16 гадоў, праз пяць-восем год яе выцяснялі больш маладыя. Пасля гэтага жанчыны або змянялі сферу дзейнасці, або іх прадавалі ў бардэлі на перыферыі.

 

Кошт гадзіны працы прастытуткі складаў каля 1,5 злотага (за гэтыя грошы можна было набыць пяць кілаграмаў селядца, тры кілаграмы цыбулі, кілаграм ялавічыны з косткай, або двойчы паабедаць у танным рэстаране). З гэтай сумы злоты ішоў сутэнёру, астатняе — жанчыне. Большая частка прастытутак хварэла на сіфіліс і іншыя венерычныя захворванні, шмат з іх сканчалі жыццё самагубствам. Дапамагаць путанам спрабавалі розныя рэлігійныя і дабрачынныя арганізацыі, але сітуацыі гэта не змяніла.

 

Каханкі. Фота зробленае ў падпольнай студыі

 

У Варшаве існавала некалькі падпольных фотаатэлье, якія выраблялі порнапрадукцыю, якую распаўсюджваліся па ўсёй тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай. Так, у 1936 годзе вучняў адной з гімназій Гродна схапілі ў той момант, калі тыя разглядалі фатаздымкі, прывезеныя са сталіцы, для канспірацыі ўклееныя ў афіцыйны маладзёвы часопіс. Дарэчы, гэтыя фатаздымкі сёння можна сустрэць на шматлікіх інтэрнэт-аўкцыёнах.

 

8_eratichnae_fota_pol_shcha_1930_ja_gadi_logo.jpg

Эратычнае фота, Польшча, 1930 гады

 

У верасні 1939 года НКУС і міліцыя, акрамя іншага, узяліся і за барацьбу з прастытуцыяй на далучаных тэрыторыях. Жанчыны лёгкіх паводзін падлягалі вывазу ў аддаленыя раёны Савецкага Саюза. Пасля 1945 года новыя камуністычныя ўлады Польшчы таксама ўзяліся за ліквідацыю прастытуцыі, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.