План «W». Абараніць «крэсы»

У 1921 годзе паміж Польшчай і Савецкай Расіяй было заключана па сутнасці доўгачасовае перамір’е. Аднак у Варшаве разумелі, што савецкі бок рана ці позна паспрабуе вярнуць страчаныя тэрыторыі. Для іх абароны і быў распрацаваны план «W»



14_8_saldaty_vojska_poljskaha_logo.jpg

Салдаты Войска Польскага. Фота з архіва Ігара Мельнікава.

Заходняя Беларусь — тэатр вайсковых дзеянняў

У пачатку 1930-х гадоў напружанне ў двухбаковых адносінах не знікла. Да таго ж пагрозліва выглядала і ўзрастанне вайсковага патэнцыялу краіны Саветаў. Калі ў 1924 годзе колькасны склад Чырвонай Арміі быў усяго 550 тысяч чалавек, то ў 1930 годзе Чырвоная Армія ўжо налічвала 940 тысяч, а ў 1936 годзе — каля 1 мільёна 100 тысяч чалавек.

voennij_dokument_o_nastroenii_soldat_vp_v_zb_logo.jpg

Вайсковы дакумент пра настроі салдат Войска Польскага ў Заходняй Беларусі. З асабістага архіва Ігара Мельнікава

Акрамя гэтага, савецкае кіраўніцтва ўзяло накірунак на мадэрнізацыю ўласнага войска, развіццё танкавых і авіяцыйных частак.

Непакоіла польскае камандаванне і тое, што бальшавікі вельмі актыўна ўзяліся за развіццё транспартнай інфраструктуры ў сваіх заходніх ускраінах.

Будаваліся дарогі, масты, чыгуначныя шляхі. Толькі сляпы не мог убачыць таго, што СССР рыхтуецца да вялікага кідку на Захад.

artillerija_vojska_pol_skogo_logo.jpg

Артылерыя Войска Польскага. Фота з архіва Ігара Мельнікава

tjazhelaja_artillerija_vojska_pol_skogo_logo.jpg

Цяжка артылерыя Войска Польскага. Фота з архіва Ігара Мельнікава

 

Магчымы тэатр вайсковых дзеянняў у Заходняй Беларусі меў свае асаблівасці. Па-першае, важную ролю для боку, што абараняецца, іграў багністы і бездарожны абшар Палесся. Па-другое, тэрыторыя заходнебеларускіх ваяводстваў была багатая на лясы і пушчы, што таксама накладала свой адбітак на характар магчымай вайны. Нарэшце, па-трэцяе, варта пазначыць неразвітасць дарожнай сеці на «крэсах». Асфальтаваных дарог амаль не было, а грунтовыя моцна залежалі ад надвор’я.

Хто падтрымае ў выпадку вайны?

Паводле меркавання польскіх вайскоўцаў, савецкі бок, у выпадку вайны з Польшчай, будзе імкнуцца нанесці два ўдары: у беларускім напрамку на Баранавічы—Беласток—Варшаву і ў украінскім — на Львоў—Кракаў. У сярэдзіне 1930-х гадоў вайсковае кіраўніцтва Польшчы зрабіла стаўку на развіццё кааліцыйнага супрацоўніцтва з заходнімі хаўруснікамі.

arhivnij_dokument_o_lojal_nosti_britancev_k_pol_she_nakanune_vojni_logo.jpg

Архіўны дакумент пра лаяльнасць брытанцаў да Польшчы напярэдадні вайны. Дакумент з асабістага архіва Ігара Мельнікава

Яшчэ з 1921 года ў Польшчы былі добрыя адносіны з Францыяй і Вялікабрытаніяй. Партнёрскія стасункі ў Польшчы былі і з Румыніяй. У 1936 годзе Варшава і Бухарэст падпісалі тайную вайсковую канвенцыю, па якой кожная з краін была абавязаная прыйсці на дапамогу ў выпадку агрэсіі на іх з боку СССР.

Вайсковая дактрына ІІ Рэчы Паспалітай прадугледжвала арганізацыю на ўсходзе добра ўмацаванай абароны з перспектывай стрымаць наступленне ворага да моманту, пакуль хаўруснікі не прыйдуць на дапамогу атакаванай бальшавікамі Польшчы.

 

Пяхота першай сустракае ворага

У лістападзе 1935 года генеральны інспектар узброеных сіл Польшчы Эдвард Рыдз-Сміглы вызначыў галоўныя моманты аператыўнага плану «Усход». Паводле яго, Войска Польскае на «крэсах» павінна было арганізаваць аператыўную манеўраную абарону з мэтай скаваць сілы праціўніка. Асноўную ролю пры гэтым іграла пяхота, якая контрударамі скоўвала дзеянні Чырвонай Арміі.

raschjoti_krupnokalibernih_pulemetov_logo.jpg

Разлікі буўнакаліберных кулямётаў. Фота з архіва Ігара Мельнікава

 

У сваю чаргу, кавалерыя павінна была трымаць флангі польскай абароны, а артылерыя — прыкрываць пяхоту.

Польская авіяцыя, у выпадку вайны з Савецкім Саюзам, забяспечвала транспартную падтрымку польскіх частак, што абараняліся, а ў задачу ВМФ уваходзіла абарона сваіх партоў і баз ад савецкіх караблёў.

Паводле плана «Усход», мабілізацыя павінна была праходзіць у два этапы: прыхаваная і ўсеагульная. Апошняя таксама падзялялася на дзве фазы: вайсковыя адзінкі першага кідка павінны былі быць гатовыя на працягу 6 дзён, а рэзервісты другога кідка павінны былі дасягнуць ступені гатоўнасці на 12-ы дзень мабілізацыі.

Абараніць Віленскі калідор

Польскае камандаванне мела намер выставіць супраць Чырвонай Арміі пяць аператыўных злучэнняў: «Вільня», «Баранавічы», «Палессе», «Валынь», «Падолле». Першыя тры з іх павінны былі змагацца ў Заходняй Беларусі. У склад арміі «Вільня» ўваходзілі ўсе вайсковыя часткі ІІІ Корпуснай акругі (1-я пяхотная дывізія легіёнаў, 19 і 29 пяхотныя дывізіі, Віленская, Сувальская і Падляская брыгады кавалерыі, палкі Корпусу аховы памежжа «Глыбокае», «Вілейка» і «Валожын» і паўбрыгада нацыянальнай абароны «Дзісна»).

shema_dislokacii_tankovih_chastej_krasnoj_armii_v_evropejskoj_chasti_sssr_logo.jpg

Схема дыслакацыі танкавых войскаў Чырвонай Арміі ў еўрапейскай частцы СССР. Дакумент з асабістага архіва Ігара Мельнікава

Гэтыя часткі павінны былі абараняць Віленскі ўмацаваны ўчастак — лінію пабудаваных яшчэ немцамі ў Першую сусветную вайну і мадэрнізаваных палякамі ўмацаванняў. Найбольш моцнай групоўкай Арміі «Вільня» павінна была стаць Аператыўная група кавалерыі №1 «Паставы». У яе задачу ўваходзіла затрымаць 5-ю савецкую армію ў накірунку Глыбокае—Паставы.

У ДАКах пад Баранавічамі

У сваю чаргу, Армія «Баранавічы» павінна былі перашкодзіць Чырвонай Арміі сходу адрэзаць сканцэнтраваныя на Поўначы часткі Арміі «Вільня», і абараніць шляхі на Гродна, Беласток і Брэст. У склад гэтай групоўкі войскаў уваходзіла 9-я, 20-я, 8-я, 28-я пяхотныя дывізіі, Навагрудская і Мазавецкая брыгады кавалерыі і полк КАП.

pogranichniki_kop_na_sovetsko_pol_skoj_granice_v_zapadnoj_belarusi_logo.jpg

Памежнікі ў Заходняй Беларусі. Фота з архіва Ігара Мельнікава

Цалкам мабілізаваная Армія «Баранавічы» налічвала каля 100 тысяч салдат, пры падтрымцы 48 цяжкіх, 256 лёгкіх, 154 супрацьтанкавых гармат і 102 мінамётаў. Галоўную ролю ў абароне павінны былі згуляць 127 доўгатэрміновых абарончых кропак (ДАКаў) Баранавіцкага ўмацаванага ўчастка. У раёне Дарэва і Слуцкай шашы былі пабудаваны новыя польскія ўмацаванні, у задачу якіх уваходзіла затрыманне руху савецкіх механізаваных частак.

Гарнізон ДАКаў складаўся з палка 20-й дывізіі пяхоты, спецыяльна падрыхтаванай да вядзення баявых дзеянняў у фартыфікацыйных умацаваннях.

У раёне мястэчка Цырын абаранялася Навагрудская брыгада кавалерыі, а дарогу са Стоўбцаў на Навагрудак «пільнавала» Мазавецкая брыгада кавалерыі. У выпадку неабходнасці польскае камандаванне дапускала магчымасць адступлення сваіх войскаў на гэтым участку да 50 кіламетраў на Захад. Пры гэтым, важную ролю павінны былі адыграць збудаваныя на Шчары і Сервечы шлюзы, якія давалі магчымасць хутка затапіць частку тэрыторыі і затрымаць наступленне праціўніка.

pol_skij_voennij_dokument_o_nastroenijah_soldat_v_zapadnoj_belarusi_logo.jpg

Польскі дакумент пра настроі ў Заходняй Беларусі. З асабістага архіва Ігара Мельнікава

Што тычыцца авіяцыі, то польскае камандаванне на гэтым участку магло разлічваць на 64 самалёты знішчальнай і вывядоўчай авіяцыі. Значную праблему складаў недахоп сродкаў супрацьпаветранай абароны. Найбольш добра забяспечанай 75-міліметровымі зянітнымі гарматамі была толькі чыгуначная станцыя ў Ваўкавыску. Паводле меркавання польскіх генералаў, трэба было ўзмацніць супрацьпаветраную абарону баранавіцкага чыгуначнага вузла.

 

Балота супраць танкаў

Палессе павінна была абараняць аднайменная самастойная аператыўная група (САГ). Падраздзяленні КАП і матросы Пінскай рачной флатыліі, што ўваходзілі ў яе склад, першымі ўступалі ў бой супраць агрэсара з Усходу. Пазней, у другім кідку, на дапамогу гэтым фарміраванням павінны былі прыйсці часткі 30-й пяхотнай дывізіі, а таксама яшчэ адной рэзервовай дывізіі.

parad_v_varshave_3_maja_1939_goda_logo.jpg

Парад у Варшаве. 3 мая 1939 года. Фота з архіва Ігара Мельнікава

 

У распараджэнні САГ «Палессе» было 16 цяжкіх гармат, 100 лёгкіх, 39 супрацьтанкавых гармат і 48 мінамётаў. Улічваючы, што наступаючая Чырвоная Армія не мела магчымасці манеўраваць на забалочаных тэрыторыях палескага рэгіёну, польскіх сіл павінна было хапіць дзеля таго, каб першапачаткова затрымаць армію ўварвання. У сваю чаргу, у задачу Пінскай рачной флатыліі ўваходзіла скоўванне дзеянняў савецкай Дняпроўскай флатыліі і забеспячэнне агнявой падтрымкі сухапутных частак Войска Польскага.

prezident_pol_shi_h_mostickij_podpisivaet_dokumenti_varshava_1939_god_logo.jpg

Прэзідэнт Польшчы Ігнацый Масціцкі падпісвае дакументы. Варшава 1939 год

***

На пачатку 1939 года Варшава зразумела, што вайна прыйдзе з Захаду. Войска Польскае пачало рыхтавацца да баявых дзеянняў з нацысцкай Германіяй, і большасць баяздольных частак польскай арміі былі перакінуты з заходнебеларускіх ваяводстваў у цэнтральную Польшчу. 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу і атакавала ў Заходняй Беларусі невялікія па колькасці падраздзяленні польскіх памежнікаў і зводныя атрады польскай арміі, адступіўшыя з Захаду. Аднак нават гэтыя «недабіткі» здолелі нанесці ўрон савецкім войскам у Гродна, пад Кадзёўцамі і Шацкам. Праблемы, якія войска «першай краіны працоўных і сялян» адчула падчас «польскага паходу», у поўным маштабе нагадалі пра сябе падчас вайны ў Фінляндыі.