Праблема 1514

Тое, што пісалася, пішацца і будзе пісацца ў СМІ пра Аршанскую баталію, 500-годдзе якой набліжаецца, мы больш-менш ведаем. Там зашмат пафасу, эмоцый і не ў апошнюю чаргу палітыкі. А вось што на сёння мае на гэты конт сказаць гістарычная навука?



4_b_tva_pad_orshaj.jpg

Бітва пад Оршай

Дзе гэта было?

Найактуальнае на сёння пытанне. Самае цікавае, што першымі, хто падступіўся да вывучэння Аршанскай бітвы, былі расійскія даследчыкі ХІХ стагоддзя. Ужо ў першых расійскіх выданнях даведачна-энцыклапедычнага характару сярэдзіны ХІХ стагоддзя (напрыклад, «Военный энциклопедический лексикон») мы сустракаем самае падрабязнае апісанне Аршанскай бітвы Івана Барычаўскага, аж да імёнаў галоўных дзеючых асобаў. Без эмоцый і пафасу. Але плану бітвы яшчэ няма.

У гэты ж час у музеі Сілезскіх Старажытнасцяў у Брэслаў даследчыкі звярнулі ўвагу на невядомую батальную карціну на дошках. Карцінай зацікавіліся нямецкія даследчыкі Каро і Шульц, угледзеўшы ў ёй руку майстра нямецкай школы. Спачатку думалі, што яна паказвае нейкую сярэднявечную бітву палякаў з татарамі, але калі разгледзелі герб князя Астрожскага на сцяжку дзіды вершніка, стала зразумела, што гэта за бітва.

Шэдэўр батальнага жывапісу ХVI стагоддзя паходзіў з Кракава, дзе праўдападобна захоўваўся ў перасціле галерэі аднаго з манастыроў. Многія даследчыкі сыходзяцца на тым, што невядомы аўтар карціны быў відавочцам бітвы. Атрымаўшы ў свае рукі такі выдатны дакумент, польская мастацтвазнаўчая і гістарычная грамада надоўга засяродзілася на вывучэнні карціны «Бітва пад Оршай». Дарэчы, назва ўмоўная: мы не ведаем, як у сапраўднасці невядомы майстра назваў свой твор. Вывучэнне гэтае працягваецца і сёння.

Навукоўцы спрачаюцца аб аўтарстве карціны, часе стварэння, нават аб тым, хто ў каго «спісаў» выяву вялікай гарматы на пярэднім плане карціны — невядомы аўтар у Альбрэхта Дзюрэра ці наадварот? Прафесар Кракаўскай Акадэміі мастацтваў Здзіслаў Жыгульскі нарэшце зрабіў грунтоўны аналіз-разбіўку большасці сцэн карціны з вычляненнем асобных фігур, узораў баявых нагалоўяў, рыштунку і зброі.

4_.jpg

Бітва пад Оршай (фрагмент)

Наратыўная (хронікі і летапісы) і тым больш дакументальна-архіўная база падзеі вывучаліся ў значна меншай ступені. Нарэшце ў 1949 годзе Станіслаў Хербст і Міхал Валіцкі апублікавалі сваё даследаванне «Карціна бітвы пад Оршай. Дакумент гісторыі мастацтва і вайсковай справы ХVI ст.» У ім упершыню ў польскай гістарыяграфіі аўтары змясцілі сітуацыйны план бітвы пад Оршай. Згодна яму, бітва адбылася на левым беразе Дняпра ў 3–4 кіламетрах на ўсход ад Оршы на абшарах паміж сённяшнімі вёскамі Пашына і Стахоўка. З таго часу ўсе польскія даследчыкі праблемы 1514 нязменна прытрымліваліся гэтага плана.

Хутчэй за ўсё, Хербст і Валіцкі тады яшчэ не ведалі (няма ніводнага згадвання), што расійская гістарыяграфія ў сваіх распрацоўках задоўга да іх выйшла на сваю версію лакалізацыі бітвы: у 1914-м у «Военной энциклопедии» быў апублікаваны план Аршанскай бітвы 1514 года, які абсалютна не супадае з планам Хербста і Валіцкага. Паводле расійскіх гісторыкаў, бітва адбылася ў 14–15 кіламетрах на ўсход ад Оршы на правым беразе левага прытоку Дняпра рэчкі Крапіўны пры самым яе вусці на палях перад сённяшняй вёскай Гацькаўшчына. І да самага апошняга часу расійскія гісторыкі ў сваіх публікацыях па ваеннай гісторыі Расіі нязменна трымаліся гэтага плану.

Беларуская гістарычная навука савецкага часу старанна пазбягала нават простага ўзгадвання Аршанскай бітвы, або ў лепшым выпадку імкнулася давесці, што беларусы ў гэтай баталіі ўдзелу практычна не прымалі.

З прыходам суверэнітэту галоўным адмыслоўцам па праблеме 1514 у Беларусі стаў гісторык Анатоль Грыцкевіч. Менавіта яму ў сааўтарстве з Алегам Трусавым належыць першая айчынная публікацыя па нашай тэме ў часопісе «Мастацтва». Затым Грыцкевіч надрукаваў шэраг артыкулаў з планам бітвы ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі», «Беларускай энцыклапедыі» і энцыклапедыі «Вялікае княства Літоўскае». За аснову свайго плана ён ўзяў план Хербста і Валіцкага, разбіўшы яго на некалькі фаз бітвы.

Гісторык Міхась Чарняўскі ў 1993 годзе апублікаваў свой план бітвы ў часопісе «Маладосць», які хаця і выклікае пэўныя пытанні, але ў цэлым таксама ўпісваецца ў канцэпцыю плана польскай гістарыяграфіі.

Апошнім па часе з апублікаваных планаў Аршанскай бітвы можна назваць план расійскага гісторыка Аляксея Лобіна, змешчаны ў выдадзенай у 2011 годзе манаграфіі «Битва под Оршей 8 сентября 1514 года». Лобін — першы з гісторыкаў расійскай школы, які адмовіўся ад традыцыйнага для расійскай гістарыяграфіі плана размяшчэння бітвы на беразе Крапіўны. Некалькі змяніўшы вось размяшчэння войскаў, Лобін насамрэч далучыўся да вядомага нам погляду на лакалізацыю Аршанскай бітвы польскіх даследчыкаў.

Праблема палягае ў тым, што ні Лобін, ні іншыя даследчыкі хоць польскай, хоць расійскай школы не праводзілі адмысловых палявых доследаў на мяркуемым месцы бітвы, не рабілі прывязкі баталіі да тапаграфічных асаблівасцяў мясцовасці, не вывучалі мясцовую мікратапаніміку і не праводзілі апытанняў старажылаў сярод навакольнага насельніцтва на прадмет наяўнасці ці адсутнасці тут нейкіх даўніх міфаў і паданняў, а таксама знаходак, якія маглі б даць пэўныя падказкі даследаванням. Для параўнання: у 1960-х гадах дзеля лакалізацыі месца Лядовага пабоішча 1242 года комплексная экспедыцыя ў складзе гісторыкаў, археолагаў, тапографаў, тапанімістаў і вадалазаў-аквалангістаў працавала тры (!) палявыя сезоны.

Ніводнага фундаментальнага даследавання

На сённяшні дзень няма ніводнага фундаментальнага даследавання беларускіх гісторыкаў па гісторыі Аршанскай бітвы. У Інстытуце гісторыі НАН гэтай тэматыкі пазбягаюць дакладна гэтак жа, як і за савецкім часам. Прычына гэтаму ёсць — рэжым гранічна выразна выказаўся ў сваім стаўленні да праблемы 1514: у 2003 годзе з нетраў Інстытута сацыяльна-палітычных даследаванняў пры Адміністрацыі прэзідэнта РБ выйшла работа М. Амбражэвіча «Оршанская битва 1514 г.: военно-исторический аспект». Даследаванне не столькі навуковага, колькі ідэалагічна-кан’юнктурнага характару, калі пад загадзя акрэсленыя высновы падбіраецца неабходная доказная база.

А высновы такія: гэта была братазабойчая бітва ў братазабойчай вайне, падпальшчыкамі якой выступілі Ватыкан і каралеўства Польскае. Падобныя глупствы прыдворныя гісторыкі дазвалялі сабе пісаць толькі ў змрочныя часы сталінізму. Відавочна, што рэжым ніякім чынам 500-годдзе бітвы адзначаць не мае намераў.

Ну, магчыма, па БТ арганізуюць адно-два пагромныя talk-show, дзе кампанія апалагетаў заходнерусізму ў гістарычнай навуцы будзе даводзіць ужо сфармуляваныя Амбражэвічам ісціны. Апублікаваць жа сёння ў нас нейкія сур’ёзныя даследаванні па праблеме 1514 — гэта ўжо сама па сабе сур’ёзная праблема.

Аднак няма фундаментальных работ па нашай тэме і ў палякаў, і ў літоўцаў. Хаця не выключана, што нешта грунтоўнае яшчэ з’явіцца. Адзіная праца такога ўзроўню на сёння — гэта ўжо згаданая манаграфія расійскага даследчыка Аляксея Лобіна, таму больш падрабязна спынімся на ёй.

Аўтар у значнай ступені ўзняў якраз тую дакументальна-архіўную базу падзеі, якую амаль не краналі гісторыкі. Абапіраючыся ў асноўным на гэты корпус архіўных дакументаў, а не на наратыўныя крыніцы, Лобін падвяргае крытычнаму аналізу высновы сваіх папярэднікаў. Паводле сваіх падлікаў, ён у разы змяншае лічбы войскаў, якія ўдзельнічалі ў кампаніі 1514-га і ў самой бітве. Паводле Лобіна, пад Оршай у Астрожскага пад рукой было да 13 тысяч воінаў, у маскоўскіх ваяводаў Чалядніна і Булгакава-Голіцы — 11–14 тысяч воінаў. Лічбы 30 тысяч (у Астрожскага) і 80 тысяч (у масквіцян) Лобін прыпісвае выключна «ягелонскай прапагандзе» канцылярыі вялікага князя літоўскага.

Аб стратах маскоўскага боку Лобін у манаграфіі нічога прама не гаворыць, палонных жа дзяцей баярскіх вызначае ў некалькі сотняў. Пазней, ужо пасля публікацыі сваёй працы, Лобін у адным інтэрв’ю СМІ, спасылаючыся на дакумент з таемнага кенігсбергскага архіва прускіх магістраў, гаворыць аб 2 000 забітых у Аршанскай бітве масквіцянах. «І гэта многа», — дадае ён у заключэнне. Здаецца, без іроніі.

Высновы расійскі даследчык робіць такія: чыста тактычная перамога пад Оршай не дала літоўскаму боку вырашальнай перавагі ў вайне 1512–1522 гадоў, не змяніла балансу сіл бакоў, Смаленск застаўся ў руках Масквы, а ініцыятыва ў вайне па-ранейшаму засталася ў вялікага князя маскоўскага.

Праца грунтоўная, але, на жаль, таксама не свабодная ад палітычнай заангажаванасці. З якой, можна не сумнявацца, нашы прыдворныя апалагеты заходнерусізму паспрабуюць выцягнуць кан’юнктурны козыр. Але ж гэта была не апошняя бітва пад Оршай.

4_gusari_astrozhskaga_fragment_karc_ni_b_tva_pad_orshaj_.jpg

Гусары Астрожскага. Фрагмент карціны "Бітва пад Оршай"

Другая Аршанская бітва

У палеміцы з нагоды 500-годдзя Аршанскай бітвы і 150-годдзя паўстання Каліноўскага ў нас неяк забыліся пра яшчэ адзін юбілей. Гэта 450-годдзе Другой Аршанскай бітвы. Праз 50 гадоў пасля першай Аршанскай бітвы ў нешчаслівых для маскоўскіх заваёўнікаў мясцінах блізу Оршы іх зноў чакала няўдача.

Пасля паражэння пад Улай, дзе 23 студзеня 1564 года Радзівіл і Хадкевіч разбілі полацкае войска князя Шуйскага, на ўсход ад Дуброўны спынілася другое маскоўскае войска князя Сярэбранага (да 50 000), што ішло ад Вязьмы на злучэнне з Шуйскім.

Ёсць версія, што да старосты дубровенскага быў адмыслова пасланы ганец з лістом, дзе распавядалася пра перамогу над Шуйскім, з тым, каб яго перахапілі раз’езды масквіцян. Нібыта, так яно і сталася, і маскоўскае войска, устрывожанае весткай аб паражэнні Шуйскага, толькі пабачыўшы прапарцы на дзідах авангарду войска літоўскага — рот Філона Кміты і Юрыя Осціка, — кінулася ўцякаць, пакінуўшы непрыяцелю ўвесь свой лагер з абозам. У палон патрапілі два дзясяткі масквіцян і татарскі мурза з войска Сярэбранага.

У гістарычную літаратуру гэтыя падзеі і ўвайшлі пад найменнем Другой Аршанскай бітвы. Вось гэтую перамогу з поўным правам можна назваць тактычнай, бо яна практычна не адбілася на ходзе Інфлянцкай вайны, але разам з ульскай перамогай некалькі збіла амбіцыі Івана ІV пасля захопу ім Полацка. Таму і вартая нашай удзячнай памяці.