Таямніца аднаго забойства

70 гадоў таму пад Валожынам быў забіты кіраўнік Дзяржаўнай дырэкцыі лясоў ІІ Рэчы Паспалітай Адам Ларэт. Сёння на месцы яго пахавання знаходзіцца аўтобусны прыпынак. А абставіны гэтага забойства дасюль малавядомыя.



2_adam_laret_u_svaim_kabiniecie_u_varshavie_logo.jpg

Адам Ларэт у сваім кабінеце ў Варшаве

Лясы ратуюць польскую эканоміку

16 студзеня 1919 года быў прыняты дэкрэт Юзафа Пілсудскага аб арганізацыі ўстаноў па ахове лесу. Праз год былі створаны чатыры акругі Дзяржаўнай лясной гаспадаркі з цэнтрамі ў Варшаве, Радаме, Седлецах і Львове, якія курыравала Міністэрства сельскай гаспадаркі і дзяржаўнай маёмасці.

Аднак ужо ў 1924 годзе па распараджэнні прэзідэнта ІІ Рэчы Паспалітай Станіслава Вайцехоўскага ствараецца прадпрыемства «Польскія дзяржаўныя лясы», якое павінна было стаць адным з галоўных флагманаў эканомікі Польшчы. У гэтым сэнсе вялікая ўвага надавалася менавіта тэрыторыі Заходняй Беларусі, дзе меліся багатыя лясныя масівы.

6_lesn_k_zahodnjaj_belarus__logo.jpg

Леснікі ў Заходняй Беларусі

У 1925 годзе Варшаўскую дырэкцыю ўзгаданай арганізацыі ўзначаліў Адам Ларэт, які ў 1933 годзе стаў генеральным дырэктарам «Польскіх дзяржаўных лясоў».

Чыноўнік-рэфарматар

Адам Ларэт нарадзіўся ў 1884 годзе. Вучыўся ў Вышэйшай лясной акадэміі ў Львове, а таксама аналагічнай навучальнай установе ў Саксоніі. У перыяд з 1910 па 1920 гады працаваў тэхнікам у маёнтку князя Браніцкага. Пасля адраджэння незалежнасці польскай дзяржавы Адам Ларэт пайшоў на дзяржаўную службу.

Адам актыўна ўдзельнічаў у працы Прафсаюзу леснікоў і гаявых. Па яго ініцыятыве ў 1928 годзе была праведзена рэформа лясной гаспадаркі. Павышаліся заробкі службы лясной аховы, а «Польскія дзяржаўныя лясы» павінны былі стаць сапраўдным узорам для іншых еўрапейскіх краін. Усе лясныя масівы павінны былі мець дакладныя інвестыцыйныя планы, а таксама меліярацыйныя праекты. Апошняе датычылася, перш за ўсё, заходнебеларускіх ваяводстваў міжваеннай Польшчы.

1_adam_laret_logo.jpg

Адам Ларэт

Таксама прадпрыемства пад кіраўніцтвам Ларэта павінна было ўласнаручна арганізаваць апрацоўку лесу ў лесапілках і продаж кругляка і будаўнічых матэрыялаў як унутры краіны, так і за мяжу.

Паспяховы менеджар

У перыяд, калі Адам Ларэт быў «галоўным лесніком» Польшчы, у краіне было пабудавана некалькі дзясяткаў новых лесапільных прадпрыемстваў, у тым ліку адно з буйных — у Гайнаўцы. Былі наладжаны лагістыка і транспарт лесаматэрыялаў у заходнееўрапейскія краіны праз польскую фірму «Paged», а таксама порт у Гдыні.

Па ініцыятыве дырэктара быў створаны Навукова-даследчы інстытут Дзяржаўных лясоў, а ў ім аддзел запаведнікаў. У жніўні 1932 годзе быў створаны Белавежскі нацыянальны парк (4693,24 гектара).

У 1923 годзе ІІ Рэч Паспалітую накрыла хваля інфляцыі: кошт долара скокнуў з 18 тысяч польскіх марак да 2 мільёнаў. Гэта прывяло да павялічэння колькасці забастовак у розных сферах прамысловасці. Таксама адзначаўся і рост крымінальных злачынстваў. Новы прэм’ер-міністр Уладзіслаў Грабскі пачаў з грашовай рэформы і ўвядзення злотага, а затым звярнуўся да вырашэння праблемы развіцця экспарту з Польшчы. Тут галоўную ролю адыгрывала менавіта дрэва, даход ад продажу якога павінен быў складаць 1/3 бюджэту краіны.

5_gajavija_belavezhskaj_pushchi_logo.jpg

Гаявыя ў Белавежскай пушчы

Тады эканамічную сітуацыю ў Польшчы фактычна выратавалі лясы ў раёне Слоніма і Гродна, дзесяцігадовую канцэсію на вырубку якіх атрымала брытанская фірма «The Century European Timber corporation». Аднак у 1929 годзе з падачы Адама Ларэта (ён быў супраць кантракту з замежнікамі, якія, па яго меркаванні, займаліся рабаўніцкай эксплуатацыяй лясоў, і асабліва Белавежскай пушчы) польскія ўлады разарвалі кантракт з заходнімі контрагентамі, за што вымушаны былі заплаціць няўстойку ў 525 тысяч фунтаў стэрлінгаў.

3_adam_laret_u_centri_logo.jpg

Адам Ларэт у цэнтры

На працягу 1930-х гадоў Адам Ларэт са звычайнага дзяржаўнага служачага ператварыўся ў бізнэсмэна, а яго «Дзяржаўныя лясы» — у паспяховае прадпрыемства, якое фармавала значную частку бюджэту краіны. Акрамя прафсаюзных арганізацый леснікоў, у міжваенны час актыўна дзейнічалі і іншыя структуры гэтай арганізацыі.

Вялікую папулярнасць набылі атрады Грамадзянскай абароны, якія ствараліся з гаявых (PWL). Напярэдадні Другой сусветнай вайны была паменшана лічба дырэкцый Дзяржаўных лясоў, а колькасць надлясніцтваў склала 434. Усяго ў валоданні дзяржавы на тэрыторыі Польшчы было 3,3 мільёна гектараў лясных угоддзяў. Дарэчы, закладзеная Адамам Ларэтам сістэма арганізацыі дзяржаўнай лясной гаспадаркі з невялікімі зменамі захавалася да сённяшняга дня.

Забытае забойства

Пасля нападу Германіі на Польшчу Адам Ларэт разам з іншымі супрацоўнікамі дырэкцыі, а таксама архівам арганізацыі выехаў на Віленшчыну, дзе размясціўся ў сядзібе Надлясніцтва Налібокі ў Навагрудскім ваяводстве. 16 верасня 1939 года чыноўніку прапанавалі выехаць за межы краіны, аднак ён адмовіўся.

7_pol_skaja_ljasnaja_ahova_1930_ja_gadi_logo.jpg

Польская лясная ахова, 1930-я гады

На наступны дзень Чырвоная Армія перайшла «рыжскую мяжу». Галоўны ляснічы ІІ Рэчы Паспалітай вырашыў рухацца на поўдзень, аднак на скрыжаванні дарогі Налібокі-Навагрудак у раёне Смалярні калона машын, у якой ехаў генеральны дырэктар, была затрымана чырвонаармейцамі.

Адзін з відавочцаў арышту Адама Ларэта так апісваў тыя падзеі: «17 верасня мы ехалі праз лес. Ля адной з палян спыніліся. З машыны выйшлі пан Ларэт, яго жонка і супрацоўнікі сакратарыяту. Хутка на дарозе з’явіліся жаўнеры з чырвонымі зоркамі на фуражках».

8_pol_sk_ja_lesn_k_1930_ja_gadi_logo.jpg

Польскія леснікі, 1930-я гады

Ужо праз некалькі дзён на стол Лаўрэнція Берыі лягла справаздача, у якой адзначалася, што ў рукі НКУС трапіла «буйная рыба», кіраўнік «Дзяржаўных лясоў Польшчы» Адам Ларэт. Доўгі час лічылася, што польскі чыноўнік у рангу міністра трапіў у распараджэнне НКУС у Мінску і быў расстраляны савецкімі спецыяльнымі органамі ў Курапатах увесну 1940 года.

Аднак у 2003 годзе ў сямейным архіве сяброўкі сям’і Ларэтаў былі знойдзеныя надрукаваныя на машынцы ўспаміны былога гаявога Францішка Дубіцкага з Белага Берагу на Віленшчыне, якога арыштавалі і трымалі разам з кіраўніком лясной гаспадаркі міжваеннай Польшчы. У гэтым дакуменце апісваюцца абставіны гібелі польскага чыноўніка.

Пасля арышту Адама Ларэта накіравалі ў турму ў Валожын. У адзін з дзён кастрычніка, ці пачатку лістапада 1939 года, Дубіцкага разам з яго шэфам і яшчэ некалькімі арыштаванымі вывелі з камеры і павезлі на працу.

Звернемся да ўспамінаў лесніка Дубіцкага: «На двары турмы было яшчэ шэсць вязняў, сем вазоў з гаспадарамі і каля 15 нкусаўцаў. Вязням сказалі, што яны едуць у лес на працу па нарыхтоўцы лесу для турмы. Праз нейкі час арыштаваныя апынуліся на месцы працы ля ракі Свіслачы, у 10 кіламетрах ад Валожына. Гэта былі лясы маёнтку Пяршаі, якія да вайны належалі графу Бенедыкту Тышкевічу. Пасля таго, як вязні апынуліся ў лесе, канвой НКУС папярэдзіў, што пры спробе збегчы будзе распачаты агонь на паражэнне. Арыштаваныя пачалі разбіраць бярвенні і класці іх у вазы. Дырэктар Ларэт працаваў як і ўсе. У пэўны момант раздаўся стрэл. Пан Адам упаў на зямлю. Смерць наступіла імгненна. Пасля забойства нкусаўцы сцягнулі з цела піджак і штаны, а таксама элегантныя туфлі. Яны абшукалі кішэні вопраткі і знайшлі схаваныя гадзіннік і заручальны пярсцёнак. Канвойныя ледзь не пабіліся з-за гэтых трафеяў. Вязні працягвалі працу. А калі вазы былі запоўненыя бярвёнамі, нехта запытаў: «А што з целам рабіць?» Адзін з канваіраў крыкнуў па-руску: «Пусть гниет». Тады адзін з найбольш смелых сялян звярнуўся да нкусаўцаў па-беларуску: «Таварышы, гэта толькі парэшткі. Трэба іх дзесьці па дарозе закапаць». Нкусаўцы загадалі пагрузіць цела ў адзін з вазоў. Калі калона заехала ў Валожын, на скрыжаванні вуліцы Віленскай і дарогі да станцыі Харудкі адзін з нкусаўцаў дастаў рыдлёўку і загадаў капаць магілу. Ля помніку Незалежнасці вязні выкапалі яму і пахавалі Адама Ларэта».

Гаявы Францішак Дубіцкі ўспамінаў таксама, што калі закопвалі, ён адарваў кавалак кашулі і накрыў ім твар нябожчыка.

4_pomn_k_adamu_laretu_belavezhi_logo.jpg

Помнік Адаму Ларэту ў Белавежы

Сёння на тым месцы, дзе ўвосень 1939 года быў пахаваны дырэктар Дзяржаўных лясоў ІІ Рэчы Паспалітай, знаходзіцца аўтобусны прыпынак. Вядома таксама, што праз гэта месца праводзілася каналізацыя. Сучаснае кіраўніцтва Дзяржаўных лясоў Польшчы звярталася ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з просьбай перадаць архіўныя матэрыялы, якія датычацца арышту Адама Ларэта, аднак беларускі бок паінфармаваў, што ніякіх дакументаў у архівах не знойдзена. У 2008 годзе ля будынку пошты ў Белавежы былому галоўнаму ляснічаму Польшчы быў пастаўлены помнік.