Ці трэба забараняць конкурсы прыгажосці?

Скандал вакол конкурсу «Міс Мінск» выклікаў патрабаванне змяніць фармат шоў. Між тым, у свеце даўно існуе рух за поўную забарону такога кшталту імпрэзаў. Прапануем кароткі экскурс у яго гісторыю.



231582_506x285.jpg

Калі верыць некаторым гісторыкам і этнографам, праводзіць конкурсы прыгажосці чалавецтва пачало ледзь не пасля таго, як навучылася здабываць агонь. У шматлікіх міфах мы знаходзім фрагменты апавяданняў пра спаборніцтвы прыгажунь. Напрыклад, у грэчаскіх міфах ёсць сцэна — багіні Гера, Афіна і Афрадыта пасварыліся наконт таго, хто з іх, так бы мовіць, «Міс Алімп». У журы яны выбралі Парыса (чалавека), які і аддаў галоўны прыз — яблык і званне самай прыгожай — Афрадыце. Менавіта гэта і стала прычынай для развязання Траянская вайны.

Аднак міфы недалёкія ад рэчаіснасці. Вядома, што ў Старажытным Вавілоне пасля конкурсу прыгажосці пераможцы прысвойвалася не толькі званне самай прыгожай, а таксама ёй прызначалася цана. Менавіта за гэту цану і можна было пасля купіць гэтую дзяўчыну ў сям’і для таго, каб з ёй ажаніцца. У Расіі доўгі час жонку цара абіралі ў выніку кастынгу, на які ўсе арыстакраты ў дзяржаве павінны былі прывесці сваіх дзяўчат.

Аднак першая спроба правесці сапраўдны конкурс прыгажосці (падзея мела месца ў 1854 годзе ў ЗША) закончылася канфузам. Публіка сарвала імпрэзу.

Гісторыкі лічаць, што ідэю ўспрынялі ў штыкі праз засілле ў тагачасным соцыуме кансерватыўных нормаў віктарыянскай маралі. Прадзюсарам (як правіла, гэта былі ўладальнікі курортаў) давялося ўлічыць такога кшталту настроі. На наступных конкурсах кандыдаткай на карону першай прыгажуні магла стаць толькі незамужняя дзяўчына да 25 гадоў. Плюс — ніякіх фрывольных гардэробаў.

Першы ў гісторыі конкурс прыгажосці зафіксаваны на адным з курортаў у амерыканскім штаце Дэлавар у 1880 годзе. Хутка мода перакрочыла акіян. У верасні 1888 года ў бельгійскім горадзе Спа адбыўся свой конкурс. 21 з 350 кандыдатак дасягнула фіналу, дзе журы, якое складалася з адных мужчын, «аглядала» дзяўчат за зачыненымі дзвярыма.

Першая сусветная вайна, як вядома, прынесла дэфіцыт мужчын у шматлікіх сектарах вытворчасці. Вакантныя месцы прыйшлося займаць жанчынам, што выклікала разбурэнне былых табу і хвалю жаночай эмансіпацыі.

Таму калі ў 1921 годзе ў Атлантык-Сіці правялі першы конкурс «Міс Амерыка», у праграму якога ўваходзіла дэфіле ў бікіні, пратэстаў амаль не было чутна. Абураліся толькі дзяўчыны, якім было за 25 гадоў. Яны таксама жадалі пазмагацца за прызы і патрабавалі адмяніць дыскрымінацыю паводле ўзросту.

Хутка конкурсы прыгажосці сталі на Захадзе звычайнай з’явай. Недзе з пачатку 1930-х практычна кожная заходняя краіна праводзіла свой нацыянальны конкурс. А пасля вайны турніры прыгажунь нават увайшлі ў набор каштоўнасцяў кансерватараў. Лічылася, што ўсе нармальныя хлопчыкі ў дзяцінстве павінны марыць стаць прэзідэнтам, а нармальныя дзяўчынкі — адхапіць карону «Міс Амерыка». Адпаведна, конкурсы атрымалі новы імпульс, і нават хутка выйшлі на глабальны ўзровень. З 1951 года стартуе конкурс «Міс Свету», а з 1952-га — «Міс Універс» (Miss Universe).

Толькі ў 1960-я гады ў час студэнцкай рэвалюцыі на тыя конкурсы пачынаюць глядзець больш крытычна.

Фемінісцкіх рух, што нараджаўся на Захадзе, бачыць у шоў камерцыялізацыю жаночага хараства і дэманстрацыю «прыгнёту слабага полу, прадстаўнікі якога вымушаны змагацца паміж сабою, каб спадабацца мужчынскай аўдыторыі».

У дадатак звярталася ўвага на тое, што абраныя на конкурсах міс часта пасля цырымоніі ўзнагароджання адпраўляліся па амерыканскім гарнізонам для ўздыму баявога духу жаўнераў. Таксама Пентагон рабіў прыгажуням туры ў В’етнам, дзе ў той час Амерыка вяла вайну.

Найбольш буйную акцыю праціўнікі конкурсаў правялі 7 верасня 1968 года. У гэты дзень 400 феміністак заблакавалі падыходы да гатэлю «Ritz» у Атлантык-Сіці — месцы фіналу «Міс Амерыка». Акцыя атрымала рэзананс у СМІ. У тым ліку дзякуючы плётцы, якую запусціў адзін з журналістаў, які пісаў, што феміністкі на знак пратэсту палілі свае бюстгальтары. На самой справе, такога, вядома, не было. Проста журналісту вельмі хацелася развіць паралель паміж феміністкамі і пацыфістамі, якія на знак пратэсту супраць вайны ў В’етнаме публічна палілі свае ваенныя білеты. Грамадскі рэзананс быў такі вялікі, што на наступны год прадзюсеры шоў дабіліся праз суд забароны ўсіх публічных акцый каля месца правядзення конкурсу «Міс Амерыка», хаця гэта не дапамагло.

У 1980–1990-я гады спектр крытыкаў конкурсаў прыгажосці пашырыўся. Па-першае, склаўся цэлы фронт медыкаў, якія бачылі ў конкурсах крыніцу эпідэміі анарэксіі. Амаль 2 працэнты жанчын у ЗША хварэюць з-за наступстваў няправільнага рэжыму харчавання — следства жадання выглядаць як першая прыгажуня. «Конкурс хараства — гэта як Вялікі Брат або Вялікая Сястра, якая заўсёды за табой», — піша адзін з праціўнікаў конкурсаў. Вядомая заакіянская феміністка Наомі Вольф называе анарэксію галоўным забойцам амерыканскіх дзяўчынак-тынейджараў.

Варта выдзеліць такі накірунак руху ненавіснікаў конкурсаў, як антырасісты. Антырасісты лічаць, што конкурс замацоўвае расавыя забабоны, паколькі абсалютная большасць канкурсантак мае белы колер скуры. Праўда, апошнім часам у шэрагу краін пачалі праходзіць імпрэзы накшталт «Міс Чорная Францыя», аднак публіка пакуль успрымае іх як нейкую пародыю.

З ростам уплыву ісламу супраць конкурсаў паўстала і частка мусульманскага свету. У 2002 годзе ў Нігерыі, дзе праводзіўся конкурс «Міс Свету», каля ста чалавек загінулі ў вулічных беспарадках. Прычынай стала правакацыйная публікацыя ў адной з хрысціянскіх газет пра тое, што, быццам, прарок на конкурсе прыгажунь выбіраў сабе сярод кандыдатак будучую жонку. У дадатак фундаменталісцкія мусульманскія арганізацыі паспрабавалі ўскласці адказнасць за мужчынскую нявернасць менавіта на тыя конкурсы. Беспарадкі цягнуліся тры дні. У выніку мерапрыемства было вырашана перанесці ў Лондан.

Апошнім часам у лагеры апанентаў папулярная тэорыя пра тое, што конкурсы прыгажосці сталі падставай для правядзення конкурсаў дзіцячай прыгажосці, у якіх бачаць прапаганду сэксуальных вычварэнняў.

Як бачым, у свеце існуе цэлая армада змагароў з конкурсамі прыгажосці. Праўда, большасць з іх самі прызнаюць, што конкурсы — гэта вяршыня айсбергу. Іх фармальная забарона мала што вырашыць. Галоўная прычына палягае ў грамадскіх стэрэатыпах сэксуальнасці. Таму можна пажадаць нашым крытыкам амаральных учынкаў «Міс Мінск» менш крытыкаваць кагосьці асобна, а шукаць прычыны ў мадэлі арганізацыі ўсяго грамадства пад назвай «Квітнеючая Беларусь».