Дурныя, злыя і статусныя

Французскае грамадства паўстала ў абарону сатырычнага выдання «Charlie Hebdo», офіс якога падпалілі ісламісты. Так нечакана вельмі хуліганскае выданне стала сімвалам мясцовай журналістыкі.



773fc3013fec43c958724a25b7dcb360.jpg

Французскае грамадства паўстала ў абарону сатырычнага выдання «Charlie Hebdo», офіс якога падпалілі ісламісты. Так нечакана вельмі хуліганскае выданне стала сімвалам мясцовай журналістыкі.
Як вядома, падпал офісу рэдакцыі адбыўся ў мінулую сераду. Падпал, а таксама хакерская атака на сайт, безумоўна, звязаныя з тэмай апошняга нумару. Выпуск прысвечаны перамозе памяркоўных ісламістаў на выбарах у Тунісе, а таксама праекту ўвядзення ісламскага права Шарыят у посткадафісцкай Лівіі. Тое, што адбылося, можна таксама лагічна звязаць з палемікай вакол публікацый у газеце карыкатур на Мухамеда ў 2006 годзе. Тады мусульманскія арганізацыі спрабавалі асудзіць «Charlie Hebdo», аднак суд аказаўся на баку журналістаў.
Хаця ў выніку таго працэсу газета абараніла права на публікацыі падобных карыкатур, стаўленне грамадства да выхадкі «Charlie Hebdo» было дастаткова насцярожанае. Так, прэзідэнт Жак Шырак крытычна паставіўся да перадрукоўкі малюнкаў з дацкай газеты. Зараз сітуацыя іншая. Вядучыя газеты краіны прапанавалі сваю дапамогу ў публікацыі новага нумару «Charlie Hebdo». У Парыжы адбыўся марш салідарнасці з журналістамі, у якім у тым ліку прынялі ўдзел ісламскія арганізацыі. Яны неслі транспарант «Мусульмане таксама могуць смяяцца». Можна сказаць, што напад на рэдакцыю разглядаецца большасцю як замах экстрэмістаў на свабоду прэсы. Адначасова рэзка павысіўся статус выдання, яно стала адным з інстытутаў нацыянальнай прэсы.
На першы погляд, гэта поўны нонсенс. «Charlie Hebdo» — палітычна-сатырычнае выданне, якое працуе ў стылі брутальнага чорнага гумару. Да прыкладу, можна згадаць вокладку аднаго з выпускаў 2005 года, калі ў краіне праходзіў рэферэндум наконт праекту Еўрапейскай канстытуцыі. Тады шматлікія арганізацыі заклікалі да байкоту рэферэндуму. Адгукнулася і «Charlie Hebdo». Газета размясціла выяву самалёта, які падаў у акіян (трагедыя сапраўды мела месца), і дадала надпіс: «235 чалавек (менавіта столькі было на борце разбітага авіялайнера) падтрымалі ідэю байкоту».
Знаўцы гісторыі французскай журналістыкі, аднак, не лічаць «Charlie Hebdo» чымсьці ўнікальным. Стыль газеты звязаны з традыцыямі французскай сатыры ХІХ стагоддзя, якая змагалася за аддзяленне Касцёла ад дзяржавы. У выніку аб’ектамі жартаў часта станавіліся маральныя нормы хрысціянства. У 1950-я гады пасля вяртання Шарля дэ Голя ва ўладу, у Францыі зноў устанавілася нейкая буржуазная ідылія, падобная на старыя часы. І культура радыкальнага гумару зноў адрадзілася. У 1960-х некалькі маладых сатырыкаў вырашылі стварыць свой праект. Газету назвалі «Hara-Kiri».
Каб сабраць грошы на друк і працу рэдакцыі, аўтарам спачатку даводзілася самім прадаваць наклад на вуліцах. Толькі праз год часопіс з’явіўся ў шапіках. Рэакцыя аўдыторыі была спецыфічная. У адным з першых лістоў ад чытачоў, які прыйшоў на адрас рэдакцыі, было напісана: «Вы дурныя, і ў дадатак вы не проста дурныя, вы яшчэ і злыя». Журналісты палічылі гэта добрай характарыстыкай канцэпцыі выдання. Так з’явіўся славуты слоган: «Hara-Kiri» — выданне для дурных і злых».
Змест матэрыялаў «Hara-Kiri» адразу выклікаў цікавасць цэнзараў. Ужо праз год у выдаўцоў адабралі ліцэнзію. Нейкім чынам ім удалося захаваць праект. Гісторыя паўтарылася яшчэ праз пару гадоў. А вось у 1970-м выратаваць газету не ўдалося. Міністр унутраных спраў асабіста патрабаваў яе закрыцця.
Каб зразумець, чаму гэта здарылася, трэба ўзгадаць, што адбылося ў сталічным танцавальным клубе «Пяць-сем». Тады з-за пажару загінула каля 100 маладых людзей. Усе тагачасныя жоўтыя газеты стракацелі загалоўкамі кшталту: «Баль у «Пяць-сем» — 100 нябожчыкаў». Прыкладна ў гэты час у сваёй рэзідэнцыі Каламбэ памёр Шарль дэ Голь. «Hara-Kiri» адразу адгукнулася загалоўкам: «Баль у Каламбэ — адзін нябожчык». Такога здзеку ўлады газетчыкам не прабачылі.
Праз тыдзень пасля забароны «Hara-Kiri» на свет нарадзіўся новы праект — «Charlie Hebdo», што можна перакласці як «Тыднёвы Шарль» — яўны жарт з нябожчыка. Аднак заснавальнікам удалося пераканаць дзяржаўныя органы, што гаворка не пра Шарля, а пра Чарлі — дакладней, пра Чарлі Чапліна. Дазвол на выданне «Charlie Hebdo» быў атрыманы.
1970-я гады можна лічыць залатым часам для «Charlie Hebdo». Тагачасная сэксуальная рэвалюцыя пахавала шматлікія табу. Смяяцца з тэмаў сэксу, сям’і або царквы стала прасцей. Масавая палітызацыя юнацтва пасля 1968-га прывяла ў журналістыку шмат цікавых аўтараў, якія зараз лічацца класікамі французскай сатыры.
Напрыклад, карыкатурыст Жорж Валінскі або актор Мішэль Калюш. Менавіта з прозвішчам апошняга звязаная самая буйная правакацыя газеты тых часоў. На базе «Charlie Hebdo» быў створаны выбарчы штаб Калюша, якія абвясціў пра намер заняць пасаду прэзідэнта на выбарах 1981 года. Вар’яцкая кампанія, адным з лозунгаў якой было надаць права чарнаскурым шафёрам давіць белых пешаходаў, нечакана спадабалася французам. Адпаведна сацыялагічным апытанням, Калюш быў трэцім па папулярнасці кандыдатам пасля Жыскар д’Эстэна і Франсуа Мітэрана. На жаль пасля таго, як пры таямнічых абставінах быў забіты імпрэсарыо Калюша, той вырашыў выйсці з выбарчай гонкі.
Разам з пазітывам 1970-я прынеслі і негатыў: нафтавы шок і, як следства, эканамічную рэцэсію ў Заходняй Еўропе. У 1982 годзе газета апынулася ў крызісе. Праект давялося зачыніць. Толькі ў 1992-м ён адрадзіўся пад кіраўніцтвам Філіпа Валя. На першай старонцы адноўленай газеты было напісана, што выйдзе тры нумары, а пасля газету абавязкова забароняць. На гэты час у Францыі існаваў сапраўдны міф пра «Charlie Hebdo». Наклад першага нумару склаў 120 тысяч экземпляраў. Зараз сярэдні тыраж газеты 60 тысяч асобнікаў.
Канцэпцыя «Charlie Hebdo» апошніх часоў трошкі змянілася. Цяпер тут менш бытавога гумару, кшталту парадаў падлеткам, як пазбавіцца ад надакучлівых бацькоў. У 1970-я выданне рэкамендавала спакусіць іх сэксуальна, каб яны атрымалі турэмны тэрмін як вычварэнцы і не перашкаджалі гучна слухаць музыку. Зараз у газеце больш палітыкі.
Сама рэдакцыя яскрава праяўляе свае сімпатыі да левых. Той жа Філіп Валь заклікаў галасаваць за Зялёных і падтрымаў ідэю прыняцця Еўрапейскай канстытуцыі. Аднак гэта не значыць, што ў рэдакцыі існуюць дыктат і цэнзура. Вядучыя журналісты могуць пісаць усё, што ім захочацца.
Апошні падзеі адчыняюць новую старонку ў гісторыі незвычайнай газеты. Калі меркаваць па першай рэакцыі, «Charlie Hebdo» гатова правакаваць і далей. На першай старонцы нумару, які з’явіўся пасля падпалу рэдакцыі, выяўлены тыповы мусульманскі мужчына, які застыў у пацалунку з журналістам «Charlie Hebdo».