Ірак заклікае да авіяўдараў для абароны старажытнасцяў

З паўночнага Іраку працягваюць паступаць вусцішныя звесткі. Пасля знішчэння на пазамінулым тыдні экспанатаў у Музеі горада Масул, цягам 4–6 сакавіка 2015 г. бульдозерамі і выбухоўкай баевікі Ісламскай Дзяржавы знявечылі асірыйскі горад Німруд і парфянскі — Хатру.



На выходныя чарга дайшла да сталіц старажытнай Асірыйскай дзяржавы ў розныя перыяды — Нінэвіі і Дур-Шарукіна паведамляе www.reuters.com

Нарэшце, у нядзелю, 8 сакавіка, урад Ірака заклікаў кааліцыю на чале з ЗША ўзмоцніць дзеянні супраць сучасных вандалаў, выкарыстоўваючы ваенна-паветраныя сілы для абароны старажытнасцяў краіны і зберажэння найвялікшых археалагічных скарбаў свету.

Са жніўня 2014 г. кааліцыя здзейсніла 2800 паветраных удараў па баевіках, але гэтага аказалася недастаткова, каб захаваць бясцэнную спадчыну сусветнай культуры.

Знішчэнні помнікаў выклікалі ўсеагульнае асуджэнне, ААН прыраўняла іх да ваенных злачынстваў, але акты вандалізму не спыніліся.

Іракскі міністр турызму і старажытнасцяў Адэль Шыршаб (Shirshab) мяркуе, што толькі ваенная кааліцыя ЗША здольная пакласці канец рабаванням.

“Паветраная прастора Іраку не знаходзіцца ў нашых руках, — сказаў ён журналістам. — Таму я заклікаю міжнародную супольнасць актывізаваць паветраныя ўдары па тэрарыстах, дзе б яны ні знаходзіліся”.

Німруд і Хатра ўжо знішчаны бульдозерамі. Адзінае, што пакуль удакладняецца, — памер плошчы знішчэнняў у гэтых гарадах, а таксама ў Нінэвіі. Між тым, частку помнікаў можна было выратаваць, асабліва ў размешчанай у пустэльні ў 110 км на поўдзень ад Масула Хатры. Намер тэрарыстаў выкрыла разведка. Але прэвентыўны адпор  не быў аказаны.

Удары па калысцы цывілізацыі, Месапатаміі, дзе зарадзілася пісьменства і сельская гаспадарка, — не маюць аналагаў у гісторыі варварства. Ісламская Дзяржава, самаабвешчаны халіфат у частках Ірака і Сірыі, вызнае выключна пурыстычную інтэрпрэтацыю ісламу суніцкага толку, якая натхняецца ўзорамі ранняга ісламу. Яна адмаўляе рэлігійныя святыні любога роду і абвяшчае іракскіх мусульман-шыітаў ерэтыкамі.

“Фактычна яны вядуць бітву за сваю “ідэнтычнасць”, імкнучыся ачысціць Паўночны Ірак ад культурнай спадчыны чалавецтва”, — заявіў іракскі міністр турызму і старажытнасцяў Адэль Шыршаб (Shirshab). Да помнікаў сусветнага значэння ў Іраку адносяцца асірыйскія сталіцы Ашур, Нінэвія, Дур-Шарукін, парфянская Хатра, цытадэль Эрбіль, а таксама найбольш старажытныя — Самара (V тыс. да н.э.) і Вавілон (ІІІ тыс да н.э.).

Паглядзець помнікі Нінэвіі і Дур-Шарукіна можна тут:

Нінэвія:

Дур-Шарукін 

assirija1.jpg

ДАВЕДКІ:

Асірыя — рабаўладальніцкая дзяржава на тэрыторыі сучаснага Ірака. Існавала прыкладна з 2500 г. да н.э. да 605 г.. да н.э. Палітычныя і гаспадарчыя цэнтры: Ашур, Нінэвія, Дур-Шарукін. Першая імперыя ў гісторыі чалавецтва. Пакінула выдатныя помнікі ў мастацтве (будаўніцтва гарадоў на штучных платформах са сценнамі і вежамі, скульптура, асабліва анімалістычная, рэльефы з гістарычнымі сцэнамі, дробная металапластыка), літаратуры, тэхніцы, пакінула значны след у ваенным будаўніцтве (стандартнае узбраенне, вайсковыя адзінкі, ужыванне калясніц, таранаў, катапульт), навуцы (астраномія) і эканоміцы (сельская гаспадарка).

parf_jakarta.jpg

Парфія — або Парфянскае царства — рабаўладальніцкая дзяржава на поўдзень і паўднёвы ўсход ад Каспійскага мора. Існавала ў сяр. 3 ст. да н.э. — 226 н.э. яе гісторыя праходзіла ў пастаянным супрацьстаянні з антычнымі дзяржавамі Грэцыі, потым Рымам. У культуры дэманструе цікавыя варыяцыі грэчаскіх традыцый у спалучэнні з мясцовымі (храмы з калонамі). Развіваецца скульптура, гліняная пластука і ганчарства, жывапіс, дробная пластыка. У вайсковым мастацтве развівала выкарыстанне конніцы, у тым ліку цяжкай. Найбольшы росквіт — пры Мітрыдаце І (170–138/137 гг. да н.э.), які ўзяў найменне “цара цароў”.

kartaas_ri_2.jpg