Парламенцкія выбары: куды крочыць Венгрыя?

Парламент Венгрыі абраны. Сенсацыі не адбылося. "ФІДЭС" будзе кіраваць краінай яшчэ чатыры гады. Гэта будзе шлях да аўтарытарызму, — лічыць апазіцыя. Венгрыя стане ўзорам для ўсёй Еўропы, — лічыць "ФІДЭС".



vienhryju_viarnuli_vienhram.jpg

Венрыю вярнулі венграм, — лічыць прэм'ер Віктар Орбан

Адкрыццё новай лініі метро, плошчы Лаяша Кошута пасля рэканструкцыі, сучаснага футбольнага комплексу на радзіме прэм’ера, зніжэнне коштаў на камунальныя паслугі, павелічэнне заробкаў дактароў і настаўнікаў — усё гэта адбывалася напярэдадні парламенцкіх выбараў. І ўсё гэта павінна было ўпэўніць венгерскага выбаршычыка, што лепей за Віктара Орбана  і яго партыю “ФІДЭС” ніхто не можа кіраваць краінай.

І не гледзячы на гэта... Венгерскі сацыялагічны цэнтр Median напярэдадні выбрараў апублікаваў дадзеныя апытання, згодна з якімі, правячая партыя “ФІДЭС” карысталася падтрымкай 36 працэнтаў выбаршчыкаў. Але і ўзровень падтрымкі лева-ліберальнай кааліцыі на чале з лідарам Сацыялістычнай партыі Ацілам Мештэрхазі знізіўся з 23 да 18 працэнтаў. Гэта вынік карупцыйнага скандалу.

Скандал разгарнуўся вакол былога віцэ-старшыні сацпартыі Габара Сімана, якога арыштавалі ў сакавіку па падазрэнні ў неўплаце падаткаў. Праўрадавая газета "Мадз'яр Немзет" паведаміла, што палітык мае таемны рахунак ў Аўстрыі, на якім знаходзіцца 240 мільёнаў форынтаў (каля 800 тысяч еўра). І хаця яшчэ ідзе следства, скандал моцна паўплываў на рэпутацыю апазіцыйнай кааліцыі, якая і без гэтага мае шмат праблемаў.

Дарэчы ў 2010 годзе менавіта карупцыйны скандал дапамог Віктару Орбану атрымаць пераважную большасць у венгерскім парламенце. І хаця зараз, калі верыць сацыялагічным апытанням, каля 60 працэнтаў венграў жадалі змены ўрада, нічога дзіўнага ў тым, што “ФІДЭС” перамагла, няма.

І справа не ў тым, што венграм вельмі падабаецца кіраўніцтва Орбана ці яго перадвыбарчая праграма. У “ФІДЭС” наогул не было акрэсленай перадвыбарчай праграмы. Хаця папулісцкія захады і лозунгі Орбана, безумоўна, кладуцца на ўрадлівую глебу крызіснага становішча Венгрыі.

Справа ў тым, што сённяшняе венгерскае выбарчае заканадаўства, што называецца, заточана пад правячую партыю.

У 2012 годзе разам са зменай канстытуцыі, што значна цэнтралізавала ўладу, Орбан змяніў і выбарчае заканадаўства. Апазіцыя назвала тады ўсе гэтыя змены «ударам у твар дэмакратыі». І мела рацыю.

Па новаму выбарчаму закону, амаль удвая скарацілася колькасць дэпутатаў — да 199 (106 — аднамандатныя, 93 — партыйныя спісы). Суадносна павялічылася і тэрыторыя акругі, ад якой абіраецца дэпутат

«Праблема не толькі ў тым, што, скараціўшы колькасць дэпутатаў, значна павялічылі памер акругі, — папярэджвала яшчэ ў верасні экс-старшыня Сацыялістычнай партыі Ільдзіка Лендваі, — а ў тым, што гэтыя акругі цалкам перадзялілі. Да тых раёнаў, дзе былі даволі моцныя пазіцыі ў сацыялістаў ці лібералаў, дадаліся тэрыторыі, якія традыцыйна падтрымліваюць кансерватараў, то бок правячую партыю «ФІДЭС». Акрамя таго, змянілася сістэма заліку так званых кампенсацыйных галасоў (галасы, пададзеныя за кандыдатаў, што пацярпелі паразу ў аднамандатных акругах, часткова кампенсаваліся партыям, якія пераадолелі 5-працэнтны бар’ер). Цяпер кампенсацыю атрымлівае не той, хто прайграў, а той, хто выйграў. З улікам перакройвання акругаў, гэта значна зніжае шансы апазіцыі. Калі на мінулых выбарах «ФІДЭС» атрымала 53% галасоў, гэта дало ёй каля 70% месцаў у парламенце. То пры сённяшняй сістэме падліку галасоў для атрымання 2/3 месцаў у парламенце будзе дастаткова і 45% галасоў выбаршчыкаў».

Новы закон забараняе выкарыстоўваць для выбарчай кампаніі прыватныя СМІ і інтэрнэт, дазваляючы карыстацца толькі бясплатнымі плошчамі ў дзяржаўных выданнях. Працягласць жа самой выбарчай кампаніі скарачаецца да 50 дзён. З улікам павялічанай тэрыторыі акругаў, гэта дае безумоўныя перавагі дзеючай уладзе: яе справаздачы і бадзёрыя планы на будучыню, якія яшчэ са жніўня друкаваліся ў дзяржаўных СМІ, не лічыліся перадвыбарчай кампаніяй.

А яшчэ новы закон дазволіў удзельнічаць у выбарах венграм замежжа. Для гэтага толькі трэба зарэгістравацца ў Нацыянальным выбарчым бюро (тэхнічны орган), запоўніць спецыяльны бланк і не пазней, чым за 15 дзён да пачатку галасавання, яго даслаць. Ёсць магчымасць і анлайн рэгістрацыі.

«Прыкладна 2–2,5 мільёна выбаршчыкаў жыве за межамі Венгрыі. Калі ўлічыць, што колькасць выбаршчыкаў у самой Венгрыі каля 8 мільёнаў, то ўплыў замежных венграў можа быць даволі значны. Але гэтыя людзі стала не жывуць у Венгрыі і не могуць аб’ектыўна ацаніць тое, што тут адбываецца. Да таго ж яны будуць галасаваць па пошце, што адчыняе магчымасці для фальсіфікацый», — папярэджвала Ільдзіка Лендваі.

Ну і апошняе, новы закон адмяніў парог яўкі на выбары і другі тур. Такім чынам, толькі цалкам салідарныя дзеянні апазіцыі змаглі б дазволіць з першага туру перамагчы “ФІДЭС”. Магчымасці дамовіцца пра адзінага кандыдата ў другім туры, у залежнасці ад вынікаў першага ўжо не было. Гэтак жа як і не было еднасці ў шэрагах апазіцыі. У выніку — кааліцыя на чале з сацыялістамі атрымала толькі каля 20 працэнтаў галасоў — найгоршы вынік за дваццаць пяць гадоў.

Новы выбарчы закон не пакінуў ніякай інтрыгі ў венгерскіх выбарах. Можна было не сумнявацца, што “ФІДЭС” зноў атрымае большасць у парламенце. Разглядалася і магчымасць павялічыць колькасць дэпутацкіх мандатаў ультраправай партыяй «Jobbik» («За лепшую Венгрыю»). Ментавіта так і атрымался, у параўнанні з мінулымі выбарамі, «Jobbik» набрала некалькі пунктаў.

Такім чынам Віктар Орбан яшчэ на чатыры гады стаў кіраўнікоў Венгрыі. Шмат хто ў апазіцыі лічыць, што гэта правядзе краіну да аўтарытарызму. Сапраўды палітыка прэм'ера, накіраваная на празмерную цэнтралізацыю ўлады, пра гэта сведчыць. Хаця сам Віктар Орбан былы дысідэнт, быў у засценках камуністычнага рэжыму. А зараз яго кумір — Уладзімір Пуцін.

“Віктар Орбан шукае мэты на паддашку. І знаходзіць іх у спадчыне Хорці, нацыяналізме Хорці”, — лічыць экс-міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Балаш.

А яшчэ Орбан паўсюль будуе футбольныя палі і стадыёны. Адзін з іх за некалькі дзён да выбараў быў ўрачыста прэзентаваны на радзіме прэм’ера. У Еўропе ўжо быў дыктатар, які будаваў стадыёны, — Чаўшэску. Усім вядома, як ён скончыў свой шлях.