Сёння Данбас, а заўтра — Харкаў і Адэса?

Якім будзе новы парламент і яго першыя крокі, што чакае Украіну, калі скончыцца вайна? Пра гэта НЧ распавёў журналіст і грамадскі дзеяч, прадстаўнік Блока Пятра Парашэнкі Аляксандр Чарненка.



ukr_vibor_logo.jpg

— Чатыры з паловай мільёны украінскіх грамадзян не змаглі прыняць удзел у выбарах у Раду. Як можна выправіць гэтую сітуацыю, каб іх голас усё-такі быў улічаны?

— Па меры таго, як там будуць створаны ўмовы (па меры вызвалення тэрыторый) там будуць праводзіцца давыбары ў Вярхоўную Раду. Парламент іх мусіць прызначыць. Зараз парламент будзе працаваць без 25 галасоў, але канстытуцыйная большасць — 300 галасоў у нас будзе. У такім складзе парламент можа паўнавартасна працаваць.

— Вярхоўная Рада не здолела прыняць змены ў Закон, які спрашчае галасаванне удзельнікаў АТО. Якім чынам удалося забяспечыць галасаванне вайскоўцаў на перадавой?

— Сапраўды, парламент не прыняў змены ў Закон пра выбары, каб удзельнікі АТО каля 19 тысяч вайскоўцаў змаглі прагаласаваць. То бок яны маглі гэта зрабіць і па дзейснаму закону, але для іх было гэта дужа складана фізічна. Трэба было за некалькі дзён рэгістравацца на участку, мяняць дыслакацыю. ЦВК прыняла пастанову пра спрошчанае галасаванне вайскоўцаў АТО. Ім не трэба спачатку ехаць на участкі, каб рэгістравацца, потым ехаць, каб галасаваць. Камандзір скаладае спісы. Да месца нясення службы прывозяць скрыні. І вайскоўцы на месцы змаглі прагаласаваць. Ёсць пэўныя захады, каб прадухіліць магчымыя парушэнні, тыя ж “каруселі”, якія некаторыя палітыкі закідалі.

— Блок Пятра Парашэнкі лідзіруе на выбарах і хутчэй за ўсё будзе фарміраваць кааліцыю. Якія будуць першыя крокі ва ўладзе?

— Першыя крокі будуць прысвечаны кадравым пытанням. Гэта стварэнне кааліцыі і ўраду. Мяркую у нас не будзе спікірыяды і прэм’ерыяды, як было раней. Другі крок, змена Канстытуцыі (у двух сесіях, праз абавязковую экспертызу зменаў у Канстытуцыйным судзе) і правядзенне рэформаў. Будуць прынятыя антыкарупцыйныя законы. Мы хочам таксама дэцэнтралізаваць уладу, больш паўнамоцтваў даць мясцовым органам самакіравання. Хаця гэта і аслабіць прэзідэнта і ўрад, але мы ідзем на гэта, бо такое патрабаванне часу. Будзе адменена дэпутацкая недатыкальнасць, ліквідаваная адміністрацыя прэзідэнта. Застануцца толькі прадстаўнікі прэзідэнта (прэфекты), якія змогуць аспрэчваць мясцовыя рашэнні выключна праз суд.

exit_pvr_logo.jpg

— Хто можа ўвайсці у кааліцыю з Блокам Пятра Парашэнкі?

— Кааліцыйнае пагадненне будзе стварацца на аснове Блока Пятра Парашэнкі. Нашыя патэнцыйныя партнёры — усе, хто праходзіць у Раду, акрамя “Апазіцыйнага блоку”. Камуністы і блок Цігіпкі не праходзяць. Больш дакладна пра гэта можна гаварыць на наступным тыдні.

— Акрамя рэфармавання ўлады, у якасці асноўнай задачы Блока дэкларавалася таксама ўсталяванне міру. Што будзеце рабіць у гэтым кірунку?

— Будзем працягваць рэалізацыю мірнага плану. Мы са свайго боку усе крокі для гэтага робім. Мясцовыя выбары на Данбасе, якія планаваліся, зараз вымушана адкладаюцца, бо там не выкананы шэраг умоў (спыненне агню, абмен ваеннапалонных).  Сёння на жаль няма з кім там размаўляць. Безуладзе, адсутнасць легітымнасці. А мясцовыя выбары (гэта адзін з пунктаў мірнага плана) маглі б сфармаваць легітымную уладу, сумесна з якой можна вырашаць усе гэтыя праблемы. Зараз ужо, паводле ранейшага плану, павінна адбывацца выбарчая кампанія, таму мясцовыя выбары на Усходзе 7 снежня, як намячалася напачатку, на жаль адкладаюцца.

— Ці не з’яўляецца такім чынам акупаваныя землі баластам для Украіны?

— Там жа не толькі тэрыторыі, там людзі, мы не можам іх пакідаць на вырак лёсу. Хаця ў эканамічным сэнсе, гэта сапраўды баласт. Ведаеце, калі аддаць Крым, аддаць Данбас, заўтра можна паўстаць пытанне пра Харкаў, Днепрапятроўск, Адэсу і г.д. Гэта шлях, які вядзе дзяржаву да разбурэння. Таму трэба шукаць шляхі, а яны ёсць, аднаўлення тэрыторыі Украіны.

img_0280_logo.jpg

Даведка:

Аляксандр Чарненка — журналіст, да нядаўняга часу ачольваў Камітэт выбаршчыкаў Украіны. Як назіральнік і эксперт з 1996 года працаваў ва усіх агульнанацыянальных выбарчых кампаніях Украіны. Быў памочнікам народнага дэпутата, працаваў прэс-сакратаром у шэрагу грамадскіх арганізацый, рэдактарам палітычнай інфармацыі часопіса “Улада грошаў”, палітычным аглядальнікам часопіса “Фокус”, рэдактарам праграм на “5 канале”. На выбарах у Вярхоўную Раду уключаны у спіс Блока Пятра Парашэнкі пад №21.