Туалетная папера супраць улады

На мінулым тыдні баліварскі рэвалюцыйны працэс спрабавалі спыніць дэфіцытам туалетнай паперы. Венесуэла (чацьвёрты ў свеце імпарцёр нафты) не здольная забяспечыць сябе асноўнымі таварамі.



yves_guillou_venezuela_flag_copy.jpg

Пасля ўвядзення вайсковага становішча ў Польшчы ў 1981 годзе ў краіне акрамя «Салідарнасці» дзейнічалі розныя групы супраціву. Адной з найбольш вядомых арганізацый была анархісцкая тэатральная група з Вроцлава «Аранжавая альтэрнатыва», якая праславілася сваімі перфомансамі. Адзін з самых славутых называўся «Пахаванне туалетнай  паперы» (намёк на яе татальны дэфіцыт). Тэатральная акцыя па ходу ператварылася ў масавыя беспарадкі.

 

Польскія будні пачатку 1980-х гадоў чымсьці нагадваюць венесуэльскія рэаліі. Як і ў тагачаснай Польшчы, тут назіраецца недахоп самага прымітыўнага гігіенічнага сродку. Калі меркаваць па шматлікіх публікацыях у прэсе, у краіне пануе ажыятаж вакол гэтага тавару. Яго, дарэчы, ахвотна абмяркоўвалі сусветныя СМІ. Так, некаторыя газеты ў дэталях апісвалі сцэны з венесуэльскіх кафэ, уладальнікі якіх прапануюць кліентам пры візіце ў WC ужываць замест звыклай паперы ваду.

 

Натуральна, гэта праблематыка стала проста кландайкам для аматараў жартаў. Так, мясцовыя сатырыкі жартуюць, што ўпершыню Гавана (асноўны партнёр рэжыму Чавеса) можа дапамагчы Каракасу. Як? Вельмі проста — пераправіць у Венесуэлу увесь тыраж штодзённай газеты «Granma» (орган кубінскай кампартыі), які, быццам, дапаможа венесуэльцам камфортна задаволіць фізіялагічныя патрэбы. Іншыя сатырыкі заклікаюць Нікаласа Мадура кінуць у масы лозунг — «Радзіма або анус».

 

Прычыны дэфіцыту большасць звязвае з некаторымі перакосамі венесуэльскай мадэлі эканомікі. З-за таго, што з 2003 года ўрад кантралюе кошты на асноўныя прадукты, трымаючы іх вельмі нізкімі, прыватны бізнэс іх часта не жадае вырабляць. У сваю чаргу, дзяржаўны сектар, які складае 53 працэнты эканомікі, не ўключае галіну вытворчасці прадуктаў паўсядзённага попыту. Менавіта таму краіна (чацьвёрты ў свеце імпарцёр нафты!) хранічна не здольная забяспечыць сябе асноўнымі катэгорыямі нават прадуктовых тавараў. Час ад часу з паліцаў знікаюць розныя прадукты. Нарэшце прыйшла чарга і для рулонаў туалетнай паперы, якая таксама знаходзіцца ў рэестры сацыяльных тавараў.

 

 

karikatura(1).jpg

Карыкатура з El Nuevo Herald на Нікаласа Мадура: «Яны распачалі кампанію за зніжэнне коштаў на прадукты харчавання... Для чаго? Для таго, каб людзі болей елі, а значыць, узрастаў попыт на туалетную паперу, правакуючы дэстабілізацыю і даючы ЗША нагоду для інтэрвенцыі»

 

Агенцтва AFP цытуе аднаго з дырэктараў венесуэльскіх супермаркетаў, які так тлумачыць прычыны крызісу: «Ніхто не вырабляе туалетную паперу, паколькі яе можна прадаваць выключна па дзяржаўных коштах, а значыць, вельмі танна. Таксама з-за той жа прычыны ніхто не жадае яе імпартаваць».

 

Арыфметыка вельмі простая: кошт упакоўкі паперы, адпаведна цыркуляру ад 2003 года, павінен быць роўны 18 баліварам. Між тым, з-за інфляцыі (толькі з пачатку года яна склала 18 працэнтаў) за апошнія гады сабекошт прадукту вырас у 3–4 разы. Яшчэ адным з фактараў, які падарваў сектар вытворчасці паперы, стаў валютны крызіс. Дзяржава два месяцы таму ўскладніла аперацыі прыватных фірм з валютнымі рахункамі, што абмежавала дзейнасць прадпрыемстваў, якім для вытворчасці паперы патрэбна імпартная сыравіна.

 

toilet.jpg

Надпіс у венесуэльскай краме: адзін рулон у адны рукі

 

Праўда, урад не стаў пасіўна назіраць, як народ разносіць крамы ў пошуках паперы і душыцца ў чэргах. Ужо заключаны кантракт пра набыццё 50 мільёнаў упаковак паперы за мяжой, што павінна супакоіць шалёны попыт.

Прадпрыемствам, якія занятыя у гэтай сферы, лібералізавалі доступ да валюты. Быццам, спажывецкі бум ужо сапраўды пачаў спадаць. Людзі супакоіліся. Чаго, праўда, нельга сказаць пра палітолагаў і эканамістаў.

 

Эксперты заўзята спрачаюцца наконт шэрагу пытанняў. Па-першае, яны спрабуюць высветліць, якое месца займаюць апошнія перабоі з паперай у маштабных эканамічных трэндах. Акурат напярэдадні выбуху ажыятажу вакол паперы некаторыя СМІ заявілі, што эканоміка Венесуэлы, якую вечна трасе ліхаманка, выйшла на больш цяжкую крызісную стадыю. Другое спрэчнае пытанне — як гісторыя з паперай адлюстравалася на іміджы рэжыму, палітычных рэйтынгах.

 

Трэба прызнаць, што вялікіх зменаў адсутнасць туалетнай паперы не прынесла, хаця некаторыя гарачыя галовы з апазіцыі чакалі нават выхаду людзей на барыкады. Пра стабілізацыю сітуацыі сведчаць паводзіны ўладаў, якія прывычна пачалі спісваць усе свае правалы на стрэлачнікаў. На гэты раз стрэлачнікам стала кампанія «Alimentos Polar», якая займалася сабатажам, каб дэстабілізаваць урад. У прамым эфіры тэлебачання венесуэльскі гарант ужо распавёў пра выяўленыя факты таго, як дырэкцыя «Alimentos Polar» наўмысна скарачала пастаўкі на рынак.

 

Ці была фірма звязаная з замежнымі шпіёнскімі цэнтрамі, пакуль застаецца пытаннем. А вось наконт Google ужо ўсё зразумела. Па словах афіцыйнага Каракасу, праграмісты Google наўмысна выдаюць на пошукавы запыт «Мадура» смешныя выявы і карыкатуры на венесуэльскага прэзідэнта. Адсюль выснова: «Google стаў часткай міжнароднай кампаніі з мэтай дыскрэдытацыі Мадуры і Баліварскай Рэспублікі Венесуэлы, за якой стаяць рэакцыйныя і правыя сілы».

 

Аднак цалкам заспакоіць грамадства Мадура не здолеў. Сапраўдным следствам эканамічнай палітыкі стаў рост унутраных супярэчнасцяў у асяродку чавісцкай гвардыі. 20 мая апазіцыя распаўсюдзіла аўдыёзапіс, на якім, быццам, запісаная размова аднаго з апаратчыкаў Мадура і чальца кубінскіх спецслужб. З размовы можна зразумець, што вакол спікера Дыасдада Кабельё фармуецца фракцыя незадаволеных курсам Нікаласа Мадура. Каб нейтралізаваць групоўку, удзельнікі размовы нават дапускаюць сцэнар вайсковага перавароту — увод у Каракас танкаў і гвалтоўны разгон парламенту. Цяпер усе чакаюць развіцця падзей, і перш за ўсё рэакцыі Кабельё. Між тым, апазіцыя вуснамі свайго лідара Энрыке Капрылеса ўжо заявіла, што гатовая падтрымаць фракцыю спікера ў канфлікце з Мадура.

 

Нават калі цяперашні канфлікт унутры чавістаў будзе вырашаны, сітуацыя ў краіне застанецца напружанай. Каб пазбегнуць новага дэфіцыту імпартных прадуктаў, патрэбна дэвальвацыя балівара. Сёння афіцыйны курс венесуэльскай валюты — 6,3 балівара за долар ЗША, а неафіцыйны — амаль 23–24. Пакуль калідор будзе такі вялікі, застануцца праблемы з валютай для прадпрымальнікаў, а значыць, гарантаваныя і перабоі з пастаўкамі імпарту. Аднак пасля гісторыі з туалетнай паперай дэвальвацыя сапраўды можа стаць апошняй кропкай.