Здрада камандзіра, годнасць радавых

Украінскія вайскоўцы пакідаюць Крым невялікімі групамі. Адну з такіх груп — радавых асобнага стацыянарнага берагавога ракетнага дывізіёну, в/ч А-2290 — разам з украінскімі калегамі я сустракаў на мяжы. Іх камандзір здрадзіў Украіне.



Узаеміны паміж матэрыком і Крымам не перарваліся. У абодва бакі едзе нямала аўтатранспарту, збольшага грузавога, але ёсць і грамадскі — міма праехаў аўтобус «Сімферопаль — Херсон». Ездзяць і легкавікі, на якіх нярэдка замацаваныя ўкраінскія сцяжкі.

— Не баіцеся з украінскім сцяжком туды ехаць?, — пытаюся ў кіроўцы ў аўтамабільнай чарзе.

 

— Чаго гэта я буду баяцца з уласным сцягам ездзіць? — з выклікам адказвае ён, але пытанне яго троху нервуе, гэта бачна. Падчас размовы высвятляецца, што едзе ён не ўглыб паўвостраву, а «тут недалёка». 

hlopci_priladz_l_scjag_na_kapot_logo.jpg

Хлопцы прыладзілі сцяг на капот

 

Севастопаль — «зомбі-таўн»

Са мной ў размову ахвотна ўступае дальнабойнік з Міргарада, які загружаецца ў Севастопалі зярном. Настроям у горадзе ён дае характарыстыку, вельмі падобную да той, што даў мне раней камандзір узводу МНС з Армянска. Шафёр называе Севастопаль «зомбі-таўнам»: 

 

Іх там накручваюць моцна па тэлеканалах. У нас тут, тыпа, бязладдзе, паўсюль бандыты і фашысты, якія тэрарызуць насельніцтва, мірнаму грамадзяніну жыцця няма, усялякая такая фігня.

 

Рэальна замбакі нейкія. Талдычаць: “Расія, Расія”. А што Расія? Тыя ж яйцы, толькі шыварат-навыварат. Нагналі ў Крым вайскоўцаў, як з вітрыны, дык гэтыя сліну распусцілі. Ооо! Ааа! Зараз зажывем!

 

Я па Расіі шмат ездзіў, удалечыні ад вялікіх гарадоў усё выглядае, як у нас на Чарнігаўшчыне. Крывабокае, паўразваленае, бруднае. І народ п’е, як у апошні раз. А яны думаюць, што ім тут другую Маскву пабудуюць. Ну, хай сабе ў іх усё будзе добра, я толькі парадуюся за людзей. Абы нас не чапалі.

 

Дальнабойнік кажа, што севастопальцы абавязкова падкрэсляць у размове: «У нас усё спакойна, у нас усё ў парадку». І хаця, па яго назіраннях, у самім Севастопалі сапраўды даволі спакойна, «у Крыму ўсё роўна бардак, што ні кажы».  

Жонка чакае мужа

На ўзбочыне жанчына чакае свайго мужа — вайскоўца з Севастопалю. Раней яны там жылі разам, але яна выехала з дзецьмі перад рэферэндумам. Працавала ў зямельным кадастры. Як і ў іншыя дзяржаўныя ўкраінскія ўстановы, туды прыходзілі ўзброеныя людзі, «загадвалі спыняць працу і вымятацца».

 

zhonka_chakae_muzha_logo.jpg

У чаканіі мужа

 

Я не адразу зразумеў, калі прыбылі вайскоўцы, бо чакаў пабачыць нешта кшталту кадраў вываду войскаў з Аўганістану. А тут пад’ехаў аўтобус, з якога высыпала нібы школьная экскурсія. Хлопцы ў звычайнай моладзевай вопратцы, смяюцца, тузаюцца.

shkol_naja_ekskurs_ja_logo.jpg

Вайскоўцы прыбылі

 

Калегі распавялі, што колькі дзён таму іначай вярталіся з Крыму дэсантнікі. Яны нібыта сказалі: «Як заходзілі сюды, так і выходзіць будзем». І рушылі ў форме, са зброяй. «Казачкі з самаабароны ўсе паразбягаліся падалей ад граху», — кажа сведка іх выхаду, херсонскі журналіст Алег Зайчанка.

aljaksandr_makaranka_logo.jpg

Старшы лейтэнант Аляксандр Макаранка

 

Захоўвае суворасць камандзір ракетчыкаў, старшы лейтэнант Аляксандр Макаранка. Гэта цяпер ён камандзір, а яшчэ нядаўна быў толькі намеснікам. Ранейшы камандзір, які, па словах салдатаў, «ледзь не рваў на грудзях цяльняшку», заклікаючы іх заставацца вернымі прысязе, першым перайшоў да расейцаў... Хлопцы даюць яму вельмі кароткую характарыстыку: «Здраднік».

Для мяне радзіма — тут, для іх — там

 

Што тычыць экс-камандзіра, думаю, падобныя паводзіны з яго боку іначай як здарадай не назавеш. Але з словаў Аляксандра Макаранкі можна зрабіць выснову, што і радавыя, і афіцэры, якія перайшлі ў расійскую армію, не заслугоўваюць такой жорсткай характарыстыкі.

 

«Асабіста для мяне радзіма — гэта вы ўсе, вось усё гэта вакол, дзяўчына мая тут недзе побач служыць, ахоўвае нашы межы. А для іх радзіма там. Пераходзілі тыя, у каго сувязяў з матэрыком няма. Ані сваякоў, ані жытла. Усё ў Крыму. Ім не было куды вяртацца, з коранем давялося б адтуль сябе вырываць. Таму я не бяруся іх асуджаць», —  кажа Аляксандр.  

 

У адказ на пытанне, як ён ставіцца да таго, што не было загаду з Кіева абараняць Крым, старшы лейтэнант насупліваецца і кажа: «Гэта правакацыйнае пытанне, я не буду адказваць».

 

А вось на пытанне пра далейшыя планы адказвае рашуча, не задумваючыся: «Абараняць радзіму». Тое ж самае ўпэўнена гавораць і хлопцы, падобныя да ўдзельнікаў школьнай экскурсіі. Перад ад’ездам яны прыладжваюць на машыны ўкраінскія сцягі, усё гэтак жа тузаючыся і смеючыся.

 

Яны захавалі годнасць

«Я рады за гэтых сваіх хлопцаў, што яны не зрабілі таго, што лягло б потым ліпкай плямай на іх душу. Менавіта таму ў іх такі добры настрой цяпер. Бо яны захавалі годнасць. Толькі не трэба зашмат пафасу, размоваў пра тое, якія мы героі. Лепей стварыце нам належныя ўмовы, каб мы маглі выконваць свой абавязак належным чынам. Хацелася б таксама, каб кіраўнікі краіны не былі падобныя да нашага былога камандзіра», — рэзюмуе Аляксандр Макаранка.  

 

Гледзячы на старыя машыны салдацікаў і танную вопратку, іхную шчупласць, нявольна думаеш, што яны ўсё-ткі героі. Проста таму, што не паквапіліся на шчодрыя абяцанкі расійскіх рэкруцёраў, у адрозненне ад свайго гора-камандзіра. «Абяцалі, што будуць грошы, дом у Чыкага, шмат жанчынаў і машын», — з усмешкай цытуе Высоцкага адзін салдат.

 

Але яны адмовіліся нават выходзіць на плац, калі там зладзілі цырымонію спуску ўкраінскага і ўзняцца расійскага сцяга, засталіся ў казарме.

a_tobus_l_v_v_logo.jpg

Аўтобус «Львів»

Хлопцы грузяцца ў аўтобус «Львів». Калегі штурхаюць мяне ў бок: «Сімвалічна. Львоў сапраўды пачынаецца з Херсону».

 

За еднасць Украіны

Вярнуўшыся ў Херсон, мы выпадкова трапілі на акцыю з удзелам навучэнцаў Марской акадэміі — за еднасць Украіны. Яны прайшліся са сцягамі па цэнтральнаму праспекту да набяражнай, дзе пусцілі на ваду караблікі з назвамі розных украінскіх гарадоў і добрымі пажаданнямі. Потым разам з грамадзянамі, якія далучыліся да шэсця, навучэнцы заспявалі ўкраінскі гімн і гучна пракрычалі: «Одна, єдина, соборна Україна!

navuchenci_marskoj_akadem_z_karabl_kam__logo.jpg

Шэсце за еднасць Украіны

 

Ці будуць адзінымі ў сваіх памкненнях радавы і камандзір, грамадзянін і кіраўнік, алігарх і наёмны работнік? Ад адказу на гэтае пытанне залежыць лёс Украіны.