Адвакаты Бабарыкі не могуць знайсці свайго падабароннага

Адвакаты Віктара Бабарыкі заявілі, што дагэтуль не атрымалі пацверджання прыбыцця падабароннага ў калонію ў Наваполацк, дзе Бабарыка павінен адбываць тэрмін.

photo_2020_06_09_13_56_14_1200x798_1.jpg


«У суботу, 10.07.2021, Віктар Дзмітрыевіч быў адпраўлены з СІЗА №1, дзе мы яго апошні раз наведалі за дзень да гэтага, у папраўчую калонію №1 (Наваполацк). Пра гэта абароне стала вядома раніцай у панядзелак, 12.07.2021. Па стане на вечар аўторка (13.07.2021) няма пацверджання прыбыцця Віктара Дзмітрыевіча ў ПК-1 Наваполацка», — перадае «Беларускі партызан» допіс у тэлеграм-канале Дзмітрыя Лаеўскага.

У сувязі з гэтым абаронай накіраваныя звароты. Лаеўскі падкрэсліў, што адвакаты маюць намер «рэгулярна наведваць Віктара Дзмітрыевіча, дзе б ён ні знаходзіўся, і аказваць неабходную прававую падтрымку».

Экс-кіраўніка «Белгазпрамбанка», прэтэндэнта ў прэзідэнты Беларусі Віктара Бабарыку Вярхоўны суд прысудзіў да 14 гадоў пазбаўлення волі. Былы банкір прызнаны вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай, а таксама ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса). Суд пастанавіў спагнаць з Бабарыкі ў даход дзяржавы больш за 47,7 млн. BYN.

Сваю віну экс-банкір не прызнаў. Праваабаронцы лічаць Бабарыку палітычным зняволеным. «Следства і суд па дадзенай справе адбываліся з грубейшымі парушэннямі прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва. Гэты несправядлівы і жорсткі прысуд яшчэ больш замацаваў нашую перакананасць у выключна палітычна матываным пераследзе Віктара Бабарыкі. Мы, як і раней, патрабуем ад улад Беларусі неадкладнага вызвалення Вікатара Бабарыкі, чальцоў яго ініцыятыўнай групы і выбарчага штаба», — сказаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.