Дзядзька Рыгор. Дзённік выбраных сустрэч

Я ўчора запытаўся, а ці ёсць у яго эпіграмы на самога сябе? Барадулін: «Былі-былі. Я прыгадаю». Валянціна Міхайлаўна: «Рыгор, калі няма, дык трэба напісаць». І сапраўды, сёння дзядзька Рыгор напісаў...  



1_baradulin_na_kani.jpg

І ў 70 гадоў Барадулін быў па-ранейшаму на кані. Лошыцкі парк, 2005 г.

Амаль 15 гадоў Сяргей Шапран занатоўваў гутаркі з Рыгорам Барадуліным. Прапануем вам выбранае з гэтых дзённікаў. 

 

2003

22 чэрвеня. У дзесяць хвілін а дзясятай вечара патэлефанаваў Барадулін. Па голасе было зразумела, што адбылося нешта кепскае. «Рыгор Іванавіч, што здарылася?» — «Васіль памёр». Павісла доўгая паўза… Быкаў памёр гадзіну таму. Барадуліну паведаміў пра тое Сяргей Законнкаў…

25 чэрвеня. Хавалі Васіля Уладзіміравіча… Падчас развітання ў Доме літаратара Барадулін ледзь не зарыдаў — твар яго сказіўся ад гора, ён неаднойчы ставаў на калені перад труной. Глядзець на гэта было немагчыма. І хоць гэта было не зусім так, але здавалася, што ніхто не быў настолькі несуцяшальны, як Барадулін…

Падчас жа кароткага выступлення гаварыў крыху блытана. Казаў, у прыватнасці, што для яго тры найдаражэйшыя імёны: Бог, мама і Васіль. Выказваў шкадаванне, што не пачуе больш быкаўскага «Рыгорка»… Пасля ён сядзеў у асобным пакойчыку і нешта пісаў, каля яго ляжаў невялічкі пакуначак з вушацкай зямлёй, якую прывезла з Бычкоў Наталля Крывец з «Камсамолкі»… Ужо на могілках Барадулін, абвясціўшы, што гэта вушацкая зямля, кінуў яе на труну.

2004

14 лютага. Быў у Барадуліна ў бальніцы, дзе ён прабудзе, відаць, не менш трох тыдняў. Тут жа былі Валянціна Міхайлаўна і Дамініка. Дзядзька Рыгор першым чынам распавёў, што ўчора пасля службы ў мячэці ўзарвалі машыну Яндарбіева. Самому Яндарбіеву адарвала ногі, а яго пятнаццацігадовы сын з апёкамі патрапіў у шпіталь. Часам раней забілі і двух сваякоў Яндарбіева. «Гэта ўсё ФСБ, — са скрухай казаў Барадулін. — Род Яндарбіева вынішчаюць».

15 лютага. Дзядзька Рыгор тройчы тэлефанаваў з бальніцы — чытаў новыя эпіграмы:

Як ні сьвярбела ў срачцы паклёпам,

А голае ісьціны не зацёрлі.

Усім часовым уладахопам

Генадзь Бураўкін,

Як костка ў горле…

* * *

Я ў адпадзе ад Вовы Някляева

І ад ягонага акаляева,

Пафасна-найкрытычнага,

Бахусна-эратычнага.

Між іншым, я ўчора запытаўся, а ці ёсць у яго эпіграмы на самога сябе? Барадулін: «Былі-былі. Я прыгадаю». Валянціна Міхайлаўна: «Рыгор, калі няма, дык трэба напісаць». І сапраўды, сёння дзядзька Рыгор напісаў:

За славай пёр, як на ражне,

Аж адусюль сьвістала полымя.

А слава паказала мне

Свае дзьве палавінкі голыя.

26 лютага. Быў у Барадуліна разам з маім сябрам Андрэем Палудам. (Паходжаннем з мястэчка Бялынічы, Андрэй выхоўвае двух сыноў і раней працаваў у міліцыі, але не здолеў больш трываць ментаўскія парадкі і звольніўся, цяпер быў у скла­дзе нефармальнай арганізацыі «Зубр». Андрэй адразу спадабаўся Барадуліну, ён пасля казаў, што не думаў, што ёсць яшчэ ў правінцыі такія чыстыя людзі.)

4_baradulin_z_paludaj.jpg

Па дарозе на Вушачу. Разам з Адрэем Палудам, 2004 г.

 

Тады ж дзядзька Рыгор сказаў пад дыктафонны запіс — у знак удзячнасці за той артыкул, які па маёй просьбе Уладзімір Някляеў напісаў для «БДГ» да дня яго нараджэння: «Дарагі, залаты мой Валодзенька, Вовачка мой! Я да сораму радасны за твае цёплыя словы, я нават і не чакаў. Я ведаў, што ты самы далікатны, самы чулы, самы ўдзячны, удзячна-помлівы, але што такі… Відаць, з усяго, што пра мяне калі-небудзь пісалася, гэта самае лепшае. Баюся сказаць, але гэта як развітальнае слова са мной, — настолькі яно шчыра напісана. Але думаю, што яшчэ дажыву да твайго круглага юбілею і пастараюся таксама нешта напісаць, хоць бледна, але падобна, як ты… У мяне многа было ў гады працы ў выдавецтве так званых сяброў — засталіся ж пералічаныя адзінкі. І сярод гэтых некалькіх сяброў нумар адзін — ты, зорка нашай літаратуры, душэўны, таленавіты, шалёна-малады і шалёна-філасофскі мудры. Такія нараджаюцца раз у стагоддзе. Ты і для таго стагоддзя быў самы яркі — думаю, і для гэтага застанешся самы яркі. Не тое, што застанешся — ты застаешся самым яркім нашым паэтам гэтага стагоддзя. Ну, ужо наступнага стагоддзя, відаць, не дачакаешся, але, па-мойму, і двух стагоддзяў для аднаго чалавека хопіць. Так што, будзь здароў, чакаю цябе, люблю цябе, шаную цябе. Заўсёды помню твой голас, тваю ўсмешку, твае вочы. І хай, Валодзенька, у цябе ўсё стаіць!» (Калі даслаў гэтае слова Някляеву, ён адказаў: «А Барадулін сказаў мне па тэлефоне, што ён больш прыдурваецца, чым хварэе. Наўрад ці?..» Дзядзька Рыгор, калі пераказаў яму тое, нічога не запярэчыў, толькі ўсміхнуўся. Увогуле, ён дужа любіў свайго сябра, што, зрэшты, не замінала часам іранізаваць над ім — так, калі Някляеў неяк прыехаў ці то з Польшчы, ці то з Фінляндыі, Барадулін усклікнуў: «Сонца нашай паэзii з’явілася!»)

30 сакавіка. Быў у Барадуліна — ён зноў у бальніцы. Выглядае кепска і гаворыць ледзь чутно, і калі ходзіць, дык робіць зусім ужо маленечкія крокі. Я пытаўся: «Як вы пачуваецеся?» — «Лепей-лепей». — «Як жа «лепей»?! Што, было яшчэ горай?» — «Было некалькі дзён таму. Але дактары вылечылі…» Пытаўся, хто да яго прыходзіць? — былі Генадзь Бураўкін, Алесь Камоцкі… Потым доўга гаварылі пра маю быкаўскую кнігу. Калі скончу яе, казаў я, хацеў бы пасля падрыхтаваць першыя варыянты аповесцей Васіля Уладзіміравіча — без цэнзуры і ўмяшальніцтва рэдактуры. Барадуліна гэтая задума дужа зацікавіла. Праўда, ён прапанаваў зрабіць кнігу не з аповесцей, а толькі з тых купюр, што нарабіла цэнзура.

2_baradulin_u_balnicy.jpg

У бальніцы. Разам з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай, дачкой Ілонай і ўнучкай Дамінікай

Ужо на развітанне дзядзька Рыгор зноў надыктаваў ліст Някляеву: «Дарагі Валодзенька, дарагі, залаты мой сябра! Я настолькі рад, што ты ёсць, настолькі ўдзячны табе за памяць, за тваю ласку, за тваю ўвагу… Разумееш, Валодзя, многа было знаёмых, многа было так званых сяброў, але цяпер нікога практычна не засталося — застаўся ты адзін, мой самы дарагі, мой самы блізкі, самы верны. І я жадаю табе самага светлага, каб ты доўга быў, доўга радаваў і Беларусь, і людства, і самога сябе. Хай у цябе будзе ў душы спакой і раскутасць. Хай у тваёй душы будзе Бог».

17 чэрвеня. Разам з Барадуліным, Валянцінай Міхайлаўнай і Міхасём Скоблам сабраліся ў Бычкі паглядзець наноў адбудаваны Музей Васіля Быкава. Яшчэ пры выездзе з Мінска машына ў Міхася раптоўна заглохла. З цяжкасцю выклікалі аўтаслесара, бо адзіная магчымая паслуга па ўсіх тэлефонах — эвакуатар. Пакуль чакалі слесара, пакуль ён рамантаваў, прайшло каля трох гадзін. Але мяне ўразіў Барадулін, які знешне абсалютна спакойна паставіўся да гэтай гісторыі і ніяк не выказваў незадавальнення, хоць у яго балела галава. Я яшчэ выказаў засцярогу, што мо гэта Васіль Уладзіміравіч хоча сказаць: маўляў, не дурэйце і вяртайцеся? Дзядзька Рыгор нічога на гэта не сказаў, але, як падалося, яго адольвалі тыя ж самыя сумненні. (Ужо калі з’ездзілі ў Бычкі і вярнуліся дамоў, Міхась, патэлефанаваўшы, распавёў, што быў уражаны, калі прачытаў ва ўспамінах Валянціна Болтача, што калі Быкаў ехаў у бок Вушачаў, практычна заўсёды нешта здаралася з яго машынай, прычым недзе там, дзе зламалася і наша машына, — у раёне Бараўлянаў.)

3_bychki_baradul.jpg

Бычкі. Разам з сястрой Васіля Быкава Валянцінай Уладзіміраўнай, жонкай Валянцінай Міхайлаўнай і Міхасём Скоблам, 2004 г.

Далей ужо да Бычкоў дабраліся без перашкодаў. Быкаўскі музей уразіў яркім колерам і навізной. Невыпадкова сястра Быкава Валянціна Уладзіміраўна пасля сказала: «Хата мая як цэркаўка стала, нават не пазнала яе». (Ужо вярнуўшыся ў Мінск, сказаў Бураўкіну, што абсалютна забыўся ў Бычках пра Быкава — так музей не падобны на старую хату. Генадзь Мікалаевіч адказаў, што цяпер наша задача заключаецца ў тым, каб там з’явіўся дух Васіля.)

8 лістапада. У рэдакцыю прыходзілі Барадулін і Ганад Чарказян. Дзядзька Рыгор некалькі разоў радасна прачытаў такі верш:

Разрубил берёзу на поленья

Он одним движением руки.

Мужики спросили: «Кто ты?!»

— «Ленин». И оп…нели мужики!

Да таго ж расказаў такі анекдот. Сямічасны (ці хто тады быў старшынёй КДБ СССР?) кажа Герэку, першаму сакратару польскай камуністычнай партыі: «У вас ёсць пісьменнік Міцкевіч. Ён вельмі дрэнна гаворыць пра рускіх і Расію». — «Дык ён жа памёр!» — «Вы правільна зразумелі маю думку».

7 снежня. У Доме літаратара адбылася прэзентацыя альбома Зміцера Вайцюшкевіча і «WZ-Orkiestra» «Паравоз кахання» на вершы Барадуліна (Зміцер жартуе, што на рускую мову назву альбома можна перакласці як «Дрезина чувств»). Супрацоўнічаць яны пачалі год таму, калі Барадулін адмыслова для Вайцюшкевіча напісаў песні «Мілавіца» і «Як сустракаеш Новы год». Астатнія адзінаццаць песень для альбома Зміцер падабраў сам. У «абавязкі» ж дзядзькі Рыгора ўваходзіла напісаць прыпевы там, дзе трэба, і, апроч таго, сачыніць да кожнай песні нешта кшталту эпіграфа. Адзін, да прыкладу, быў такі:

Пан не пытае ў пані пра гады,

Бо пані маладая заўсягды.

Аднак, як заўважыў Вайцюшкевіч падчас канцэрта, паколькі публіка сабралася дарослая, таму можна прачытаць і першапачатковы варыянт:

Пан не пытае ў пані пра гады,

Калі ў яго як певень малады.

Ужо ўвечары, калі пазваніў Барадуліну, каб распытаць пра супрацоўніцтва з Вайцюшкевічам (бо рыхтаваў матэрыял для «Камсамолкі»), дзядзька Рыгор агучыў трэці варыянт:

Пан не пытае ў пані пра гады,

Бо ў пані маладая заўсягды.

«Трохі такая хуліганская», — усміхнуўся ён. Дарэчы, Змітру дзядзька Рыгор прысвяціў такія радкі:

Агонь у паглядзе

— І лэдзі ў адпадзе!

(Першапачаткова быў іншы варыянт: «…І б-дзі ў адпадзе!»)

2005

20 лютага. Разам з Барадуліным і Кухарскім ездзілі ў Лошыцкі парк фатаграфавацца на кані. Наогул кажучы, калі першапачаткова Барадулін паставіўся да гэтай ідэі цалкам станоўча (я ўжо ўяўляў гэтыя будучыя фотаздымкі пад двухсэнсоўным загалоўкам «Рыгор Барадулін і ў 70 гадоў па-ранейшаму на кані»), дык пасля ніякай радасці чамусьці не выказваў. І я прапанаваў паехаць разам з намі Пётры Кухарскаму, бо быў перакананы: калі паедзе Пётра, згоду дасць і дзядзька Рыгор.

Покуль ішлі па парку, на Барадуліне, што называецца, не было твару (ужо пасля ён прызнаўся, што дужа хваляваўся — баяўся, што конь не вытрымае яго). Адмыслова для яго прывялі са стайні самую спакойную кабылку, а пасля дапамаглі ўзлезці на яе (дапамагаў найперш Пётра). Аднак на яго твары па-ранейшаму не было нават ценю радасці… Зрэшты, трохі засвоіўшыся, дзядзька Рыгор не толькі пачаў вясёла ўсміхацца, але нават пераможна падняў сціснутую ў кулак руку, і ў стайню потым не пайшоў, а паехаў. Апынуцца ж на зямлі яму дапамог Пётра, які, згробшы дзядзьку Рыгора ў ахапку, зняў яго як мех са збожжам. З парка Барадулін выходзіў з іншым, процілеглым першапачатковаму настроем.

1_baradulin_na_kani.jpg

І ў 70 гадоў Барадулін быў па-ранейшаму на кані. Лошыцкі парк, 2005 г. 

22 лютага. Патэлефанаваўшы, не пазнаў голас Барадуліна — ён захварэў на грып. У выніку юбілейныя вечарыны ў Доме літаратара і ў Чырвоным касцёле адмяніліся самі сабой.

Пачатак ТУТ

Працяг будзе