ФРАНАЧАК

Як і ў выпадку з Паўлам Севярынцам, пачну фрашкай з асабістага жыцця. На маёй «плыні» ва універсітэце вучылася адна ўвішная дзеўчына. З першага курсу яна добраахвотна ўзваліла на сябе ўсе арганізацыйныя клопаты нашага навучання: прафсаюзныя зборы, прэзенты выкладчыкам, культпаходы — нічога не адбывалася без яе гіперактыўнага ўдзелу. Яна добра ведала, якому прафесару трэба самы прыгожы букет, якому — рарытэтную кнігу, а якому — гумарыстычную сцэнку і насценгазету напамяць. «Высунулі, а цяпер ніяк засунуць не можам», — часам кпілі мы з яе, згадваючы вядомага персанажа савецкай камедыі.



fe9fc289c3ff0af142b6d3bead98a923.jpg


На пятым курсе нашай «Шурачцы» прыйшлося сапраўды няпроста. Яна паралельна вучылася з намі, у Мінску, — і ў мытным каледжы ў сябе на радзіме, да таго ж ў інтэрнаце выконвала адначасова функцыі правай і левай рук каменданта. Перад заканчэннем універсітэта арганізацыйных спраў значна паболела: «Шурачка» падбягала «збіраць па тысячы» ледзь не штодня. І вось аднойчы, у разгар дзяржаўных іспытаў, калі галава была затлумленая вучобай і дыпломам, я прысніла сон. Нібы на філфак прыйшоў генерал авіяцыі і абвясціў: «Мы выпраўляем у космас першых касманаўтаў эпохі незалежнай Беларусі. Абавязкова павінен паляцець адзін прадстаўнік вашага факультэту». Па актавай зале паляцеў гАлас неахвоты: сесія, а ім касманаўта падавай! І ўсе ўздыхнулі з палёгкай, бо наперад выйшла яна — «Шурачка». Ніхто нават не задумаўся, куды гэта ёй — з інтэрнатам і дзвюма ВНУ — яшчэ і ў космас. Заканчваўся сон паходам нашай групы ў факультэцкі буфет, побач з якім усталявалі касманаўцкі трэнажор, дзе «Шурачка» наразала колы пад столлю ў перапынках паміж заняткамі.

Я думаю, калі б я прысніла гэты сон на некалькі год пазней, трэнажор стаяў бы ў памяшканні сядзібы БНФ, а пад столлю круціўся Франак Вячорка.

  

Не такі, як усе

  

Адкуль увогуле гэтае панібрацкае «Франак» у загалоўках навінаў, рэпартажах, і нават у назве артыкула Вікіпедыі? Некаторыя мае калегі, у якіх працоўная мова — руская, нават не здагадваюцца, што Франак Вячорка — гэта тое самае, што Дзіма Паўлічэнка ці Саша Зімоўскі.

Франак рос у нас на вачах. Спачатку ён быў вядомы ў вузкіх колах грамадскіх актывістаў і аматараў беларушчыны як самы жвавы з трох дзяцей выбітнага апазіцыйнага палітыка Вінцука Вячоркі. Дзеці раслі, і неяк пакрысе стала відавочна, што Франак — нешта большае за нашчадка вядомай асобы. Яблык упаў ад яблыні. Увесь шум — ад таго, што цэлы кангрэс садоўнікаў ніяк не можа вырашыць, як далёка. «Ой Франачак, куды ты коцішся…» магло б стаць гімнам усіх нас, хто пільна сочыць за яго жыццём і барацьбой.

Тое, што цябе ўжо ў дарослым веку называюць дзіцячым іменем, і часта нават прозвішча тваё дадаваць няма патрэбы, — верны сімптом нават не народнай славы, а наўпрост выключнасці ды унікальнасці. Маці Тэрэза. Прынцэса Дыяна. Садам. Фідэль. Франак. У гэтым святле досыць забаўна, з’яўляючыся беларусам, глядзець разлічаны на замежнага гледача польскі дакументальны фільм 2006 года «Урок беларускай мовы». Франак, калі вы памятаеце, яго галоўны герой, які кажа пра сябе: «Я — звычайны беларускі маладзён». І пры гэтым відэашэраг дэманструе нам беларускага маладзёна вельмі нават незвычайнага. Звычайны беларускі маладзён не размаўляе свабодна па-польску (няхай і з моцным акцэнтам). Не раздае апазіцыйныя ўлёткі на вуліцах. Не мае пашпарту, заштампаванага памежнікамі ўздоўж і ўпоперак ад частых, але кароткіх паездак за мяжу з абавязковымі вяртаннямі на радзіму. І ўрэшце, не арганізоўвае з аднакласнікамі студыю гуказапісу, прадзюсіруючы дыскі песень пра родную школу (у яго выпадку — Нацыянальны ліцэй імя Якуба Коласа). І, падазраю, не марыць, каб Беларусь стала такой краінай, дзе ён зможа больш не раздаваць улётак, а спакойна заняцца якім-небудзь прыемным яму бізнесам. Прадаваць паштоўкі, калі я правільна згадваю. Наймацней з таго фільму мне ў памяць урэзаўся абавязковы прыём дакументалістыкі, калі яна хоча быць бліжэй да народу, — слайд-шоу здымкаў з сямейнага архіву. На адным з іх зусім маленькі, годзіка тры, Франачак сфатаграфаваны ў абавязковай для кожнага познесавецкага малога позе «ў садок прыйшоў фатограф». Нічога ніжэй за пояс не выдае ў нашым героі выключную дзетачку. Кароткія чорныя шорцікі і, па-мойму, чэшачкі — як ва ўсіх. Але вышэй пачынаецца сюр — на хлопчыку вышываначка, а ў ручцы надзейна сціснуты бел-чырвона-белы сцяжок. Мяне ў такім веку фатаграфавалі з цацачным тэлефонам. Праз год апраналі ў рускі народны какошнік, а яшчэ праз год — у касцюм мушкецёра.

Вельмі хацелася б напісаць нешта пра — як ён фігуруе ў знакамітай позве з ваенкамату — Францішка Вячорку, арыгінальна параўнаўшы яго з першадрукаром, у гонар якога, цалкам верагодна, хлопчык і быў названы ў не такім і далёкім ужо 1988 годзе. Але пішацца адно пра Франачка, бо ўвесь час уваччу стаіць той дзіцячы здымак. З яго, я думаю, усё і пачалося.

Такі, як не ўсе

Паменшыўшы-абласкаўшы яго імя, я не спынюся на дасягнутым. Мне здаецца, найлепей постаць Франачка раскрываецца праз паслядоўнае параўнанне з трыма яркімі жаночымі вобразамі савецкага, а пасля і расійскага экрану.

Першую асобу я ўжо згадвала. Актывістка Шурачка са «Службовага раману». З папраўкай на сферу дзеяння, актыўнасць нашага героя здаецца гэткай жа хаатычнай. Ён паўсюль, але ў той жа час не вельмі зразумела, чым ён, уласна, займаецца. Культарг партыі БНФ і журналіст з няскончанай адукацыяй — вось дзве яго іпастасі, якія я з пэўнасцю магу вылучыць. Далей можна пералічваць хіба дзеянні. Кіраваў дубляжом папулярных фільмаў на беларускую мову і прадаваў іх. Арганізоўваў смс-цкаванне журналіста БТ Дзяніса Бальшакова. Абараняў сядзібу ў Лошыцы ад бязглуздай рэканструкцыі. Вешаў на плошчы Якуба Коласа “Гісторыю Беларусі. Пратэставаў супраць выключэння сябе з універсітэту. Дасылаў міністру інфармацыі галаву свінні. Здымаўся ў кіно. Раздаваў улёткі. Пералік далёка няпоўны. Спіс заслугаў 21-гадовага Франака перад грамадствам здольны выклікаць бязмежную павагу, але ж камбінацыя гэтых заслугаў — іранічную ўсмешку.

Другая асоба, да якой фатальна падобны Франачак, — непараўнальная Леначка з «Карнавальнай ночы». Грацыёзная дзяўчына, харызматычная лідэрка, якая крэатыўна змагаецца супраць недалёкага дырэктара-дыктатара Агурцова і перамагае яго, залучыўшыся падтрымкай калектыву. Да таго ж, Леначка — не проста актывістка. Яна актывістка з муфтачкай. Гэтак жа і Франак — палітык у ружовым гальштуку. «Гламурны змагар», як кпліва любяць называць яго ў беларускім «доме культуры».

Магчыма, у гэтым і палягае галоўны недахоп шоубізнага прадукту, які паўстае пад лейблам «Франак». Чамусьці адчуваецца: усё, што намагаецца рабіць Франак у культуры і грамадскай сферы, ён робіць не з любові да культуры і грамадства, а каб давесці нешта выключна важнае свайму Агурцову. Калі «Палп фікшн» Квенціна Таранціна дублюецца беларускай мовай, каб пераканаць кагосьці, што вось, і Траволта можа сакатаць па-наску, — гэта ўжо не «Палп фікшн». А магчыма, усё дакладна наадварот: Франак раздае ўлёткі, бо яны аддалена нагадваюць яму паштоўкі.

Такі, як усе

Калі ў СМІ прайшла навіна, што Франака «выцягнулі ў ваенкамат з ложка дзяўчыны», загаварылі — хто задаволена, а хто раздражнёна — пра тое, што нарэшце на экраны выйшла чарговая серыя любімага серыялу. Шмат хто знаходзіць непрымальным тое, што асабістае жыццё пэўнай асобы ўвесь час навідавоку. Жыццё Франака і сапраўды структурна нагадвае серыял — звычайныя здарэнні (выключэнне з ВНУ, позва ў ваенкамат), якія могуць адбыцца з кожным, прымаюць незвычайны ракурс (у нашым выпадку герой не здаецца, прынамсі — не здаецца так проста). У гэтым месцы мы ўсё-ткі дамо веры Франку з польскага фільму, які кажа пра сябе, што ён — «звычайны беларускі маладзён». Франак — такі, як усе, і свой у дошку, менавіта таму ўсё, што з ім адбываецца, не пакідае гледачоў яго жыцця абыякавымі. Уласна, тут можна знайсці адказ на самае вострае на дадзены момант пытанне беларускай інтэрнэт-супольнасці: ці піярыцца Франак?

Мне здаецца, не піярыцца. Прынамсі, не піярыцца адмыслова. Талент ператвараць уласнае жыццё ў бясконцае шоу — унікальны, але роднасны дару цара Мідаса рабіць золатам усё, да чаго б ты ні дакрануўся. І ў гэтым я знаходжу пэўнае падабенства майго героя з трэцяй знакамітай рускай паненкай — Ксюшай. Каторая Сабчак. Дзеці палітыкаў, якія яшчэ не вызначыліся, кім быць і хто яны па жыцці, але ўжо трапілі ў поле зроку СМІ розных адценняў жоўтага. Чые рашучыя жыццёвыя ўчынкі непазбежна стаюцца вядомымі шырокай аўдыторыі, што міма іх волі разбівае гэтую самую аўдыторыю на лагеры апантаных прыхільнікаў і зацятых ненавіднікаў. Безумоўна, яркія асобы.

А яшчэ я з упэўненасцю магу сказаць, да якой дзяўчыны Франак не падобны. Франак — не Паліна. Хаця б таму — і прадзюсерам спявачкі даўно час пачаць непакоіцца на гэты конт — што ніхто не называе Паліну Смолаву Поляй.

«На жаль, сёння беларуская эстрада — гэта каманда-аўтсайдэр Другой лігі. Яна ніколі не згуляе на роўных з еўрапейскімі зоркамі», — Франак ведае, пра што піша. Якія б вар’яцкія скандалы не выдумвалі іх піяршчыкі, у зорак беларускай эстрады няма шанцаў на VIP-месцы ў свецкай хроніцы, бо ўсе яны надзейна занятыя беларускімі палітыкамі. Згодная, гэта не вельмі здарова — як для эстрады, так і для палітыкі. Але зірнем на пазіцыю Франака іначай. У грамадстве, дзе правячая эліта надзейна хавае ад грамадскасці асабістае жыццё, гатоўнасць прадстаўніка апазіцыі быць публічнай асобай выглядае як мужны ўчынак чалавека, які разумее, на што падпісваецца.

Фактычна немагчыма (зноў згадаем Паліну) стварыць сабе імідж ахвяры папарацы штучна. Папарацы не пачынаюць клацаць затворамі фотакамер перад тым, хто для іх не харызма. А для іх харызма той, хто харызма для масаў — такі ўжо закон. У гэтай сувязі — яшчэ адно мае асабістае перажыванне. Толькі аднойчы я бачыла «сіндром папарацы» ўжывую, а не ў кіно ці тэленавінах. Гэта здарылася ў жніўні 2008 года, калі менчукі ладзілі шэраг акцый па згаданай ужо абароне Лошыцкага парку і сядзібы. «Нешта зрабіць» адначасова сабраліся «Моладзь БНФ», лідэрам якой з’яўляецца Франак, і «мірныя людзі», натхнёныя мастачкай Нікай Сандрас. Апошняя надзвычай абурылася тым, што ў грамадскую ініцыятыву мяшаецца апазіцыя: ёй здавалася, гэта сапсуе справу.

Скандал пагражаў паставіць крыж на добрых намерах усіх удзельнікаў, але бакам удалося дамовіцца. Мы стаялі перад ганкам Лошыцкай сядзібы пад густым дажджом і падпісвалі звароты ў Мінгарвыканкам — як раптам пачаўся сапраўдны шквал фотаўспышак, нават светла зрабілася. На ганак, дзе ўжо стаяла Ніка, выйшаў Франак, каб дапоўніць яе прамову нейкімі словамі. Журналістам і блогерам закарцела захаваць у сваіх архівах сцэну прымірэння непрыяцеляў. Як выглядае, Ніка і Франак і сапраўды тады пасябравалі. Магчыма, кожнаму з нас варта пазнаёміцца з Франакам асабіста.

Такі, не як усе

«Не б, як усе — пайшоў і адслужыў!» — рашуча абураецца правае паўшар’е грамадскай думкі. «Хлопец робіць правільна: нельга патураць злачыннай сістэме», — не менш рашуча пярэчыць левае паўшар’е, пакуль беларускія вайскоўцы і медыкі вырашаюць лёс прызыўніка Францішка Вячоркі. Здаецца, я цалкам падзяляю адно з гэтых меркаванняў. Але не скажу, якое. А лепш наастачу параўнаю свайго героя з яшчэ адной савецкай знакамітасцю (дарэчы, беларускай па паходжанні) — Валяй Церашковай. Не ведаю, як патлумачыць гэта рацыянальна, але адчуваю: у прамым ці пераносным сэнсе — аднойчы той хлопчык у чэшачках і вышываначцы ўсё-ткі паляціць у космас.

P. S. Аляксея Караля: Абавязкова паляціць. У космас палітыкі, журналістыкі, кіно?.. Абярэ сам. Бо ёсць талент і моцны характар. Характар жа вызначаецца здольнасцю на ўчынак.

З той самай, уласцівай яму натуральнай лёгкасцю, пра якую піша Марыя Мартысевіч, юнак Франак Вячорка па заканчэнні ліцэя свядома адмовіўся ад  магчымасці вучыцца ў любым прэстыжным замежным ВНУ. А потым яшчэ раз — пасля адлічэння з БДУ, нягледзячы на рэпрэсіі, што абрынуліся на яго. Ён выбраў Беларусь. Лёгка і натуральна. Як дыханне.