Ганна Комар: «Калі б каты чыталі кніжкі, яны б не былі такімі»

Паэтка і перакладчыца Ганна Комар ма́е два вершаваныя зборнікі: беларускі «Страх вышыні» і англійскі «Recycled». А яшчэ яна адна з самых яркіх літаратарак пратэсту. У інтэрв’ю Ганне Варонка яна распавядае аб тым, як радавацца нават у цёмныя часы, пасябраваць са страхамі, а яшчэ пра кепскія анекдоты, добрыя вершы, экзістэнцыйную тугу ірландцаў і беларусаў ды пра фемінізм.

12_82.jpg


— Хочацца пачаць з чагосьці прыемнага... Што цябе радуе?
— Мяне радуюць натхнёныя людзі. Калі сустракаю чалавека з актыўнай грамадскай пазіцыяй, у якога гараць вочы, я ажываю. Радуюць мае ўласныя поспехі, вядома. Калі на тое, што ствараю, рэагуюць людзі. Радуе, калі атрымліваецца сябе любіць і паважаць, гэта вялікая праца. Калі выходжу на здаровае плата, дзе павага і любоў да сябе не вымучаныя, дзе і без штоімгненных нагадванняў памятаю, што нельга прыніжаць і ганьбіць сябе… Людзі радуюць. Але не ўсе (смяецца). Сваёй падтрымкаю, салідарнасцю. Радуе, калі мяне кормяць (смяецца). Мама і сястра, калі езджу да іх у Баранавічы, і адзін мой сябар. Узаемадапамога вельмі радуе. Калі кідаю які-небудзь запыт у сацыяльных сетках: знайсці чалавеку ноўтбук, які канфіскавалі, напрыклад. І камп’ютар хутка знаходзіцца. Радуе, калі я часам «забіваю» на ўсё і проста чытаю кнігу. Гэта неабходна, бо калі не адпачну, проста з’еду з глузду. Радуе, калі знаходжу ў сабе сілы не зазіраць у тэлефон, не сядзець у навінах, часам не рабіць працу і пры гэтым не адчуваць віну.
Яшчэ, дарэчы, вельмі цешыць, калі ад майго прыкладу людзі пераходзяць на беларускую мову. Як атрымліваецца: хтосьці адказвае пісьмова па-беларуску, хтосьці пачынае размаўляць штодня. Я перайшла на родную мову ў 2015 годзе. Але размаўляла не ўвесь час і не паўсюль. У грамадскіх месцах мне было цяжка гаварыць на беларускай. А цяпер наадварот. Гэта форма салідарнасці. Нядаўна пайшла ў атэлье, каб замяніць гузік на штанах. Майстрыха была такая радая: «Мне так прыемна, што вы размаўляеце па-беларуску!». Сказала, што ў дадзеных варунках, магчыма, гэта адзінае, чым мы можам падтрымаць адно аднаго.

Фота Ксеніі Свірыд

Фота Ксеніі Свірыд

— Якую, дарэчы, кнігу ты параіла б пачытаць людзям, якія знаходзяцца ў такім стане?
— Насамрэч кожнаму сваё. У мяне няма мэты прачытаць лёгкую кнігу. Апошняя — «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец. Даволі цяжкі твор. Але вельмі важна не ўцякаць ад болю, а сустрэцца з ім твар у твар. І гэта, дарэчы, таксама радуе, калі атрымліваецца. Таму што тады ты робішся мацнейшай. Чытаеш тую кнігу і разумееш, што так, было шмат цёмных старонак у гісторыіі нашай краіны: генацыд, рэпрэсіі, войны. І ад таго, што гэта ўсведамляю, я не раблюся слабейшай. Я ж не вырасла з ніадкуль, я вырасла з гэтай культуры.
Значыць, яна становіцца глебай, дае энергію... Вядома, трэба параіць пачытаць вершы. Камусьці, можа, для разнастайнасці — пра каханне. Днямі залезла ў фотаздымкі свайго старога кахання. Проста каб пераключыцца (смяецца). Апошнім часам чытала вершы расійскага паэта Уладзіміра Каркунова, раю. Думаю, часопіс «Наша гісторыя» варта пачытаць — і настрой падымае, і адукоўвае.
— Чытала твой зборнік «Страх вышыні». І знайшла там шмат блізкага, мабыць, мы выхоўваліся ў вельмі падобных умовах. Дык як змагацца са страхамі?
— Змагаюся дагэтуль. Але я перастала ўжо ставіць мэту іх перамагчы (задуменна). Калі зразумела, што страх і трывога — гэта не ворагі, яны выконваюць абарончую функцыю, ад чагосьці нас берагуць. Таму важна не перамагчы іх, а пасябраваць з імі.
— Пасябраваць са страхамі?
— Пасябраваць са страхамі (усміхаецца). Я калісьці прачытала такую псіхалагічную практыку «Пасябруй са сваім страхам». Там трэба было візуалізаваць страх як монстра і спытаць, чаго той хоча. Візуалізацыя цікава працуе, знаходзіцца нейкі ключ. І тады твой монстр пачынае расказваць: «Я хачу бяспекі, я хачу, каб мяне любілі, увагі. Я стаміўся». Гэта нашыя патрэбы, якія мы з розных прычынаў не прызнаем. А ты адказваеш монстру, напрыклад: «Давай я цябе абдыму». І гэта ўжо не страх, а сябра (смяецца). Напэўна, вершы — гэта таксама спроба пасябраваць са сваім болем. З непакоем, трывогаю, расчараваннем, чаканнямі, пачуццямі, якія хочацца адштурхнуць. Гэта я толькі што прыдумала (смяецца). Кніга «Страх вышыні» была прызнаннем праблемы, крок да яе рашэння: «Так, у мяне ёсць страхі, такія і такія раны». Кніжка, якую рыхтую цяпер, называецца «Трыпунік». Яна — ужо лекаванне ран. Раскалупала — цяпер будзем лекаваць.
— І хутка яна выйдзе?
— Ну… усе вершы ўжо гатовыя. Кніга рэдагаваная, карэктаваная, цяпер этап дызайна і вёрсткі. «Трыпутнік» — білінгва. Рэдактарка беларускай часткі — Вольга Гронская, а англійскай — амерыканская паэтка, мая сяброўка Мэры Колар. Але пакуль што пад пытаннем, калі кніга можа быць надрукаваная.
Адзін з урокаў, засвоеных апошнім часам — не трэба бегчы перад цягніком. Можна ехаць, глядзець у акно, а на сваім прыпынку выйсці. Дзякуючы маёй псіхатэрапеўтцы, вучуся (смяецца). Для ўсяго свой час. Я думаю, нашае грамадства цяпер на такім этапе, што гэтая кніга ўпала б у чорную дзірку. Магчыма. Каб яе прачытаць, патрэбны рэсурс. А на дадзеным этапе мы даволі раскіслыя. І гэтага рэсурсу проста няма. Дык навошта? Выдаць, каб выдаць? Ну, не. Яна ж жывая. Я сама, напэўна, не маю сілаў яе прачытаць цяпер. Так, «Трыпутнік» пра лекаванне, і яно б нам усім не зашкодзіла. Але і лекаванне не заўсёды праходзіць лёгка. Гэта ж можа быць і хіміятэрапія, і антыбіётыкі, і аперацыя, і швы. У свой час кніга будзе, я гэта ведаю…
— Сустракала нямала жанчынаў, якія недабразычліва ставяцца да феміністак. Што дзіўна, на мой погляд. Чаму гэта адбываецца, як думаеш?
— І я такой была, не нарадзілася ж феміністкай. А выхаванне атрымала і ўвогуле антыфемінісцкае. Нейкі час таму дыскутавала са старэйшай сястрой. Яна шчыра верыла, што жанчына павінна сядзець дома і займацца дзецьмі, а мужчына — зарабляць грошы. Я спрабавала давесці: «У цябе ўтылітарнае стаўленне да мужчыны, ён жа не інструмент, а такая ж жывая істота, як ты». Можа, у яго не атрымліваецца зарабляць гэтыя грошы, можа, ён не хоча. Таксама мае на гэта права. Яна, вядома, не пагаджалася. Не разумела, пра што я ўвогуле даводжу, думала, што сапраўды хоча так жыць. І вось з мінулага лета ў яе памянялася стаўленне, раптам зразумела, што ёй падабаецца быць незалежнай, развівацца, а не сядзець векі вечныя дома. Але займацца дзецьмі, хатняй гаспадаркай, менеджментам — таксама цяжкая праца.
— За савецкім часам чамусьці і праца, і гаспадарка паклаліся на плечы жанчын…
— Адзін з самых вялікіх падманаў савецкага часу. З аднаго боку, жанчынам далі эмансіпацыю: ты можаш дасягнуць усяго, займаць любыя пасады, кіраваць машынай, і ўсё на свеце. Але пры гэтым і гаспадарка, і дзеці ўсё роўна на табе. Мужчынам жа можна толькі працаваць. А цяпер збіраем плады, калі многія жанчыны мусяць браць на сябе ўвесь менеджмент. Трэба прыдумаць усё: што вы будзеце есці і як гэта прыгатаваць, куды трэба адвесці дзяцей і калі забраць, што купіць — усю лагістыку сямейнага жыцця. А яшчэ ад жанчын чакаюць, што яны будуць добра выглядаць і мець нейкія сілы на ўласныя амбіцыі. Прытым я ні ў якім разе не супраць, калі жанчына становіцца хатняй гаспадыняй па ўласным жаданні. Фішка ж фемінізму не ў тым, каб усе рабілі адно і тое ж, а каб усе займаліся тым, што ім бліжэй. Дарэчы, феміністкай я стала, як ні дзіўна, пад уплывам мужчыны. Майго былога партнёра-прафімініста, ірландца Марка (смяецца). Мне так смешна і трошкі сорамна гэта ўзгадваць: я, аказваецца, і расісткай яшчэ была. Мы, беларусы, насамрэч няхілыя расісты: у нашым грамадстве даволі распаўсюджаны анекдоты пра нацыянальнасці, напрыклад. Я калісьці думала, што жарты пра габрэяў — гэта проста жарты. Я ж не ненавіджу іх, увогуле ніякіх прэтэнзій да іх не маю, проста паўтараю дурацкія жарты. І вось аднойчы Марк акуратна мне кажа: «Ты разумееш, што гэта расізм?»…
Я ўжо тады была актывісткай, мела шмат замежных знаёмых. Тэма правоў чалавека стала раскрывацца, зразумела, што ад усіх гэтых зняважлівых выказванняў, нават у анекдотах, трэба пазбаўляцца. Туды ж дадаўся і сэксізм. Тады яшчэ маладзейшая была, думала, што феміністкі ненавідзяць усіх мужчын. Такое прымітыўнае бачанне. Дзякуючы Марку і камунікацыі з іншымі людзьмі паціху я стала і феміністкай. Фемінізм — гэта не пра нянавісць да мужчын, а пра роўныя мачымасці для ўсіх.
— А калі ідзеш на спатканне, ты плаціш за сваю каву?
— Залежыць (усміхаецца). М-м-м-м, калі апошні раз я на спатканне хадзіла… Па-першае, я так рэдка хаджу на спатканні, што такой праблемы ў мяне амаль не ўзнікае. Апошнім разам было так: хлопец запрасіў мяне на абед і заплаціў. Я не была супраць, ды і было бачна, што для яго гэта натуральна. А другі раз я запрасіла яго ў кіно і купіла нам квіткі. Ён хацеў аддаць грошы, але я сказала: «Не, не трэба, я цябе запрашала». Гэта вельмі прыемнае пачуццё, калі сама магу за сябе заплаціць. Але бываюць розныя сітуацыі, напрыклад, мне «не па кішэні». І каб усе ўсё разумелі, магу адразу запытаць: «Давай удакладнім: мы плацім разам ці паасобку?».
Альбо кажу: «Я хацела б сама за сябе заплаціць». І чалавек: «Не-е-е, ты што!». Ці: «Ок». Некаторых гэта крыўдзіць, мне падаецца, нават трохі палохае больш кансерватыўных мужчын. Ну, тады нам не па дарозе… Калі я не пасую табе, то ты не пасуеш мне. Правільна? Але ёсць сябры, якія плацяць за мяне. Спакойна да гэтага стаўлюся, бо яны могуць і хочуць, для іх гэта спосаб паклапаціцца пра мяне. Я ж таксама дапамагаю людзям. Вось так гэта працуе, вайны ніякай няма.
— Ты калісьці ездзіла па праграме ў Ірландыю на год. І ў пэўным сэнсе, мне здаецца, Ірландыя ма́е падабенствы з Беларуссю: гістарычныя і культурныя. Чым мы падобныя з ірландцамі?
— Насамрэч многія былыя калоніі падобныя: іх прыгняталі, знішчалі аўтэнтычную культуру, мову. Існуе ж ірландская мова, але размаўляюць амаль усе па-англійску. І, чула, што тое, як выкладаюць ірландскую ў школах, не выклікае ахвоту яе вучыць. Руская і беларуская з адной моўнай сям’і, яны падобныя. І нават калі ты не можаш размаўляць па-беларуску, хутчэй за ўсё ты яе хаця б мінімальна зразумееш. А ірландская абсалютна адрозніваецца ад англійскай, па гучанні нават болей падобная да арабскай, мне так падалося. Таму яшчэ цяжэй. Хаця ў крамах усё на дзвюх мовах.
Чытала кнігу ірландскага аўтара пра тое, як на мове адбіваецца ландшафт. Ірландыя ж камяністая, скалы, цэлыя палі плоскіх пліт, вятры, камяністыя берагі, акіян і мора, халодныя нават летам. Гэльская мова сапраўды гэта перадае.
Ірландцы таксама ў розныя часы шмат эмігравалі. У ЗША, Аўстралію і г.д. Вельмі чакаю, што агульным для нашых краінаў будзе і масавае вяртанне. Ірландыя — моцна каталіцкая, нягледзячы на тое, што гэта адна з нешматлікіх краін, дзе легалізваваны аднаплыя шлюбы, там былі забароненыя аборты. Ірландцы доўга змагаліся за адмену гэтай папраўкі, і вось два гады таму нарэшце дамагліся галасавання. Прыляталі з усяго свету, каб выкарыстаць сваё права голасу. Вельмі хацелася б, каб аднойчы беларусы з усяго свету прыляцелі, каб прагаласаваць на справядлівых выбарах!
Ну і яны многа п’юць. Збольшага, гэта ўсё, пра што магу падумаць. Карацей, агульнае ў нас — траўмы посткаланіяльнай краіны. Але мы больш ціхія, ірландцы вельмі шумныя. Як мне патлумачылі, гэта шум, якім яны спрабуюць заглушыць унутраную глыбокую тугу. Яны вельмі раскідана жывуць — горы, узгоркі. Адзінота. Раней яшчэ і гарады былі меншыя. Плюс надвор’е: шмат дажджоў, ветру, мала сонечных дзён. Цяжкая праца. П’еш і гучна сябе паводзіш — каб проста заглушыць гэтую тугу, экзістэнцыйны боль. І, можа, экзістэнцыйнай тугой мы падобныя.
Яны таксама хітра абыходзяцца з англійскай. Інкарпаруюць туды ірландскія канструкцыі. Як у нас,: быццам бы гаворыш па-руску, але ўжываеш «шуфлядка», «жменька», «тудой», «ссабойка», «байка» і г.д. У іх таксама ёсць пэўныя хітрыкі — напрыклад, ірландскія сінтаксічныя пабудовы сказа. Яны могуць ужыць няправільны для брытанскай англійскай прыназоўнік: замест «tо have money with me» — «to have money on me». Таму што так у ірландскай.
— Гэта, як у нас «смяяцца з чагосьці», і гэты прынзоўнік цягнуць і ў рускую.
— Так! «Чего ты с меня смеёшся?» Такі хітры, партызанскі спосаб мове выжыць. Яшчэ ў Ірландыі значна вышэйшы ўзровень жыцця. А ў 1990-я краіна была вельмі бедная. У нас кантэкст іншы — СССР… А ў іх пайшло-паехала, цяпер Ірландыя — вельмі дарагая краіна. Дарэчы, тэхналогіі на высокім узроўні, падчас пандэміі нават эканамічна падняліся за кошт айці-сектара.

Фота Кацярыны Шарах

Фота Кацярыны Шарах

— Чытала, у цябе было сумоўе для брытанскай адукацыйнай праграмы Chevening.
— Гэта стыпендыя брытанскага ўрада. Яна даецца для атрымання магістарскай ступені лідарам у сваёй сферы, розных узростаў і з розных краінаў. Я падалася ў тры брытанскія ўніверсітэты, ва ўсе паступіла. Адзін у Лондане, праграма ад Вэстмінстара, прыгожае пісьменства — як пісаць пра горад у розных жанрах. Другі варыянт — культура і літаратура посткаланіяльных краін — у Лідсе. Трэці — прыгожае пісьменства з ухілам на паэзію — у Эдынбургу. Ну, чакаю, ці дадуць стыпендыю, бо ўсё там вельмі дорага. Спачатку думала пачакаць, калі на радзіме справы наладзяцца, але развіццё — працэс доўгі. Сітуацыя ў Беларусі можа расцягнуцца на месяцы і гады. Трэба разумець, што я гэта раблю не толькі для сябе. Чым больш нас разбураюць, тым больш круцейшыя мы павінны быць, атрымаць адукацыю і вярнуцца ў Беларусь. Не даць сябе разбурыць. Не даць сябе аслабіць. Я кажу такім камандным тонам, бо мяне, бывае, заносіць — трэба, як я (смяецца). У мяне ёсць свае «правільныя правілы», якімі ўсе мусяць кіравацца (смяецца).
І да таго ж даўно нікуды не выязджала, а для мяне гэта крытычна важна. У замкнёнай прасторы няма адкуль браць сілы. Ну, я захрасла. І што я магу рабіць, калі ў мяне няма рэсурсу, захрасла ў гэтым ладзе жыцця, у сваіх перажываннях. І тое, што я паеду, гэта ж не азначае, што нічога не буду рабіць для Беларусі. Увогуле, рана казаць, на гэтую стыпендыю вялікая канкурэнцыя. Усё атрымаецца найлепшым чынам, часам атрымаць адмову аказваецца лепш.
— Ты была ініцыятаркай выхаду зборніка перакладаў паэззі Чарлза Букоўскі. Напачатку кнігі там маленькае інтэрв’ю. Журналіст пытае ў Букоўскі: «Цяпер банальнае пытанне: хто найвялікшы з жывых паэтаў?». А як ты думаеш?
— Не, я такімі катэгорыямі не мыслю. Столькі важных і вялікіх вершаў. Я проста не разумею гэтага пытання. Табе скажуць: гэта найвялікшы паэт. І што? Прачытаеш усе яго кніжкі і будзеш спадзявацца, што жыццё тваё пасля гэтага зменіцца?
— Можа, хтосьці ўбачыць гэтае імя ў інтэрв’ю і захоча пачытаць таго аўтара…
— Тады можна параіць паэтаў. Але я не люблю выбіраць кагосьці аднаго. Усе, хто стаяць у мяне на палічцы, крутыя. Віслава Шымборска, Эва Ліпска, Богдан Задура… У такім парадку стаіць: спачатку польскія аўтары ў беларускім перакладзе (усміхаецца). Нашыя беларусы Наста Кудасава, Вальжына Морт, Артур Камароўскі, Крысціна Бандурына, Андрэй Хадановіч, Марыя Мартысевіч, Юля Цімафеева, Віталь Рыжкоў — усе крутыя. Англамоўныя зборнікі — не магу выбраць нават аўтара. У аднаго паэта адно падабаецца, у другога — іншае. Чытаеш верш, трапляе радок — і гэта чысты кайф.
— Ну тады на фінал: якое пытанне ты хацела б, каб табе задалі, але гэтага чамусьці не адбываецца?
— Блін, вось, бывае, узнікае думка: «Ну чаму пытаюць адно і тое ж, а што цікава — не». А цяпер паспрабуй прыдумай (усміхаецца). Хм… (думае). Ёсць пытанні, ад якіх мне страшна, якія я б не хацела, каб мне задавалі (смяецца).
— Якія, напрыклад?
— (Смяецца) Ці верыце вы ў тое, што літаратура здольная змяніць свет да лепшага?
— Таму што невядома, які адказ? Ці ад таго, што вядома?
— Не хацела б сеяць песімізм, але не магу цяпер натхніць і адназначна сказаць: «Безумоўна, літаратура змяняе людзей». Таму што літаратура не можа спыніць злачынцаў, а я б вельмі хацела, каб яна магла. Калі б ка́ты чыталі кніжкі, яны б не былі такімі. Каб яны ўмелі чытаць кніжкі. То-бок сама па сабе толькі сваім фактам існавання літаратура не можа нешта змяніць.
М-м-м-м, якое пытанне я хацела б, каб мне задалі… Вялікая доўгая паўза (усміхаецца). Я ў такім нерэсурсным стане, шчыра кажучы, што і не ведаю нават. Ці будзеш ты яшчэ пісаць вершы пра каханне? (Усміхаецца.) Вось яно, можна колькі заўгодна разважаць пра філасофію, а каханне ўсё адно ўсплывае. Як бы я ні была занятая грамадстка-палітычнай актыўнасцю і творчасцю, патрэба ў каханні недзе заўжды побач, асабліва ў моманты цішыні.
— Дык што, чакаць вершы пра каханне? (У гэты самы момант за суседнім столікам хлопец цягнецца да дзяўчыны, каб пацалаваць.)
— Вось гэта сінхранізацыя (шэптам). Ці чакаць вершы пра каханне? (Маўчыць) Думаю, што так. Вельмі спадзяюся, што пра шчаслівае, не хачу ўжо пісаць пра іншае. Столькі ўжо напісала і перажыла. Можа, напішу аднойчы, якім паэтычным можа быць зямное каханне, без драм, без рамантычных ілюзій, неўтаймаванай жарсці, сузалежніцкай хваравітасці. Яшчэ не губляю надзеі перажыць такое каханне.