Карцар — плата за права душы ачысціцца ад лагернага пылу

"Цяпер я ведаю, што адна шакаладка і сто грамаў гарбаты — гэта шмат", — Ігар Аліневіч распавёў пра перакаліброўку матэрыяльных каштоўнасцяў.  А таксама пра тое, чаму ў карцары было прасцей...



alinievic_z_maci_logo.jpg

Ігар Аліневіч з маці

Сустрэцца з Ігарам удалося не адразу — былы палітвязень з’ехаў з бацькамі на лецішча падалей ад дакучлівых журналістаў. Мы сустрэліся з ім у яго караценькі прыезд у сталіцу.

Дзверы кватэры Аліневічаў у спальным раёне Мінска адчыняе высокі статны хлопец у нагавіцах ды белай кашулі. Нягледзячы на тое, што апошнія пяць гадоў Ігар правёў у няпростых турэмных умовах, з яго твару не сыходзіць ветлівая ўсмешка. Заўважаю, як спрытна былы палітвязень абыходзіцца з новым смартфонам — у 2010 годзе, калі Ігара арыштавалі, такіх тэлефонаў у Мінску былі адзінкі. Слухаўка, дарэчы, не маўчыць — падчас нашай размовы Ігару некалькі разоў тэлефануе паплечнік па анархічным руху і саўдзельнік па крымінальнай справе Мікалай Дзядок. Апошнія пяць гадоў сябры чулі адзін пра аднаго толькі з аповедаў сваякоў — паміж вязнямі забаронена перапіска, таму цяпер яны наганяюць прапушчанае.

— Ігар, як апынулася, што вас адзінага з вызваленых у той дзень палітвязняў не сустрэлі на вакзале сваякі і паплечнікі?

— З калоніі мяне давезлі да віцебскага аўтавакзала і павялі да аўтобуса — пакуль ён не з’ехаў, мяне з аўтобуса не выпускалі. Па дарозе я вырашыў не прасіць ні ў каго мабільны тэлефон, бо ў людзей стэрэатыпнае стаўленне да вязняў. Для абывацеля чалавек, які сядзеў, — гэта, умоўна кажучы, маральная пачвара, якая можа ўчыніць што заўгодна прама тут і цяпер. Таму я асцерагаўся неадэкватнай рэакцыі людзей. Наогул, пра сустрэчу я і не думаў, мне было важна хутчэй і без праблем дабрацца дахаты і абняць сваіх блізкіх.

— Нягледзячы на моцны ціск, вы так і не напісалі прашэнне пра памілаванне...

— Пачуццё ўласнага гонару не дазваляе мне звяртацца да кагосьці з просьбаю пра памілаванне. Неяк дзіўна было б у свайго непрыяцеля нешта прасіць забыць-прабачыць, гэта непаслядоўна! Змагаешся — будзь гатовы адказваць. Для мяне прашэнне пра памілаванне было б вялікім прыніжэннем. А што тычыцца ўжывання памілавання ў прымусовым парадку, дык мяне як пасадзілі прымусова, так і вызвалілі прымусова. Тут няма ніякай маёй волі і майго ўдзелу. Я ведаю, што застаўся паслядоўным і з чыстым сумленнем.

— Калі выносілі прысуд у 8 гадоў калоніі, ці чакалі вы, што давядзецца адседзець больш за палову — цэлыя пяць гадоў?

— Я чамусьці адразу асэнсаваў, што буду сядзець роўна пяць гадоў. Калі праваабаронцы далі нам статус «палітвязняў», я інтуітыўна зразумеў, што акрамя прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі няма значных падзеяў, калі дыпламатыя і грамадская супольнасць мае хоць нейкі ўплыў.

— Чым адрознівалася знаходжанне ў турме і калоніі?

— Псіхалагічна турма і лагер — гэта зусім розныя ўстановы. У калоніі мне было куды цяжэй, хаця гэта залежыць ад асобы, я чуў ад некаторых, што яны хацелі б застацца ў лагеры. Калі мяне «закрывалі» ў карцар, і я сядзеў там з іншымі людзьмі, мы вярталіся да атмасферы так званага «турэмнага брацтва». Але пасля ў зоне тыя самыя людзі зноў станавіліся больш жорсткімі. Лагер — гэта месца, у якім дзесяцігоддзямі адшліфоўваліся тэхналогіі раз’яднання людзей і прыгнечання асобы. Напрыклад, у лагеры людзі ўвесь час знаходзяцца навідавоку — такі прымусовы калектывізм. Гэта моцна цісне на чалавека. Таму я часта з нецярплівасцю чакаў карцара, каб пабыць сам-насам са сваімі думкамі. Холад, адсутнасць спальных месцаў ды іншыя нязручнасці — гэта спецыфічная плата за права душы ачысціцца ад лагернага пылу.

al_nev_ch_dzjadok_logo.jpg

Ігар Аліневіч і Мікалай Дзядок

— Падчас зняволення вы шмат аналізавалі беларускую турэмную сістэму, выкладалі свае думкі ў публіцыстычных артыкулах, што перыядычна з’яўляліся ў друку.

— Так, я сапраўды шмат думаў пра гэтае пытанне, перачытаў шмат літаратуры і прыйшоў да высновы, што лагер і турму немагчыма рэфармаваць у прынцыпе. Якія законы ні прымай, пакуль захоўваюцца стасункі ўладарання-падпарадкавання, нічога не зменіцца. Лагерная адміністрацыя заўжды знойдзе магчымасці пазбавіць вязняў іх правоў. Для таго, каб хоць неяк гуманізаваць турэмную сістэму, супрацоўнікаў адміністрацыі наогул нельга пускаць унутр калоніі. З вязнямі павінны працаваць псіхолагі, сацыяльныя супрацоўнікі, валанцёры, якія б маглі зацікавіць зэкаў новымі заняткамі, творчасцю. Для вялікай колькасці зняволеных усё жыццё складаецца з кароткіх паездак на волю і вяртання назад у лагер. Не заўсёды гэтыя людзі дрэнныя, часта на волі ў гэтых людзей няма дзе жыць, няма сваякоў і сяброў. Таму яны звяртаюцца да тых, з кім сядзелі раней, і верагоднасць таго, што іх зноўку ўцягнуць у цёмныя справы, вельмі вялікая. Калі б у лагеры чалавеку прадставілі магчымасць атрымаць прафесію, якую ён захоча, заняцца творчасцю, якая яму цікавая. У лагеры можна атрымаць прафесію, але якую — турэмшчыкі не бачаць чалавека на волі нікім, акрамя як швачкай, дрэваапрацоўшчыкам, зваршчыкам. І гэта цяпер, калі нават у нашай індустрыяльнай эканоміцы ў прамысловасці занята не больш за чвэрць насельніцтва, і далёка не ўсе гэтыя людзі з’яўляюцца рабочымі. А зэку прапануюць — пілуй дошкі і шый целагрэйкі, вось і ўсё. Чалавек жа разумее, што да яго ставяцца як да быдла, і натуральна, што адрынае ўсё гэта. Пасля лагера немагчыма трапіць у звычайнае грамадства і не адчуваць сябе адрозным ад людзей.

— Вы былі ў калоніі ў той час, калі туды прыязджала кіраўніца «Платформы Інавэйшн» Красоўская-Каспяровіч і былы вязень Мікіта Ліхавід, пасля чаго яны агучылі скандальную інфармацыю пра паляпшэнні ў беларускіх турмах. Як праходзіў гэты візіт?

— Па-першае, у калоніі ніхто не ведаў пра прыезд праваабаронцаў. Мы ішлі ў прамысловую зону, калі Алена Красоўская-Каспяровіч і Ліхавід праходзілі міма нас. Зэкі з ВК–10 (выпраўленчая калонія №10), якая была незадоўга да гэтага расфармаваная, і вялікая колькасць вязняў адтуль была этапаваная на «тройку», пазналі Мікіту. Былі хлопцы з аднаго з Ліхавідам атрада, якія сустракалі Мікіту, калі ён выходзіў з ШЫЗА. Сустрэча — гэта стол, гарбата, мінімальны набор гігіенічных сродкаў, мыла, крэмы, паста. Часта людзі аддаюць апошняе. Гэта такая старая арыштанцкая традыцыя, якую цяпер спрабуюць знішчыць. Да гэтых хлопцаў Ліхавід не падыходзіў, хаця ён, будучы ў «Платформе», ведаў, што многія зэкі з ВК–10 мусілі паехаць у гэтую калонію. Ён, наадварот, захутаў твар у каптур, толькі вочы былі бачныя, аднак яго ўсё адно пазналі, і ўвечары ўся зона пра гэта гаманіла — маўляў, нешта тут не тое, чаму Мікіта не падышоў, чаму праваабаронцы заходзілі толькі ва ўзорныя атрады. У адным атрадзе сапраўды можа быць еўрарамонт — шклопакеты, белыя ракавіны, а ў суседнім атрадзе краны выходзяць у агульны жолаб. Хаця нават у атрадах з еўрарамонтамі цяпер, напрыклад, няма разетак у жылых памяшканнях. За гады «паляпшэнняў» (паводле Каспяровіч-Красоўскай) нават імбрыкі сталі забіраць, хаця дагэтуль імі можна было свабодна карыстацца. За пяць гадоў істотна ўзмацнілася жорсткасць у тых дробязях, якія рабілі жыццё зэка не такім суровым.

— Што было найцяжэйшым падчас зняволення?

— Калі стала зразумела, што, падпісаўшы памілаванне, праз пару месяцаў можна вызваліцца. Усё ж гэта было вельмі спакусліва, асабліва ў цяжкія моманты. Аднак гэта працягнулася толькі год, пасля я ўжо выпрацаваў у сабе строгасць не спадзявацца ні на вызваленне па памілаванні, ні на вызваленне па тэрміне. Я зразумеў, што буду сядзець столькі, колькі наверсе палічаць патрэбным. Да таго часу я ўжо даведаўся пра артыкулы 410 і 411 КК, якія можна ўжыць да любога зэка і працягнуць тэрмін зняволення хоць на месяц, хоць на год. Пасля першага года адсідкі, як ні дзіўна, было цяжка асэнсоўваць грамадскую несправядлівасць — вось я «палітвязень», мяне падтрымлівае грамадскасць, а вось людзі, якія падвяргаюцца не меншаму, а тое і большаму пераследу, да іх наогул няма ніякай увагі. Калі я чытаў, што палітычных б’юць, прыгнятаюць, мне думалася: а дзе ж вы былі, калі тое самае адбывалася са звычайнымі «бытавікамі», «крымінальнікамі»? Ціск на палітычных стаў магчымым таму, што сістэма здолела адпрацаваць рэпрэсіўныя методыкі на тых людзях. Гэтая думка прыгнятала мяне ўвесь тэрмін, мне было няёмка перад іншымі людзьмі за тое, што ў СМІ з’яўлялася інфармацыя пра ціск на мяне, а тое, што на іх аказваўся такі ж ціск, нікому не было цікава.

— Ці адчувалі вы падтрымку і салідарнасць звонку?

— Безумоўна. Мяне падтрымлівала сям’я, сябры, паплечнікі-анархісты, праваабаронцы, агромістая колькасць не знаёмых мне людзей. Я маю на ўвазе не толькі лісты, гэтыя людзі надзялялі ўвагу маёй сям’і, сустракаліся з дыпламатамі, дапамагалі збіраць перадачы і клалі грошы на рахунак у калоніі, пісалі артыкулы ў СМІ. Экс-палітвязні з польскай «Салідарнасці», напрыклад, перадалі мне шалік. Гэта быў для мяне важны сімвал — здолелі яны, здолею і я. Усё гэта моцна згуртавала блізкіх мне людзей, і цэнтрам салідарнасці, канешне, стала мая мама. Яна сваёй харызмай змагла сабраць усіх гэтых разнастайных людзей з розных пластоў грамадства. Справа не ў тым, што мы сядзелі і выйшлі, галоўнае, што дзякуючы нашаму сядзенню пэўная частка грамадства змагла пераадолець бязвер’е ва ўласныя сілы і апатыю.

— Што вы для сябе вынеслі з турмы?

— У зняволенні я зразумеў, што трэба цаніць тое, што маеш, а не думаць пра тое, што магло б быць. Трэба радавацца кожнаму тэлефоннаму званку з волі, кожнай магчымасці пачытаць кніжку альбо заняцца спортам. Калі жыць так штодня і не скуліць — маўляў, раней усё было іначай, тады будзе прасцей. Таксама я зразумеў, што нельга «лячыць людзей» — не варта расказваць ім, як правільна рабіць, а трэба рабіць правільна самому. Канешне, адбылася і перакаліброўка матэрыяльных каштоўнасцяў. Што такое шмат і што такое мала ў мяне цяпер дакладна не супадае з агульнапрынятымі ацэнкамі. Цяпер я ведаю, што адна шакаладка і сто грамаў гарбаты — гэта шмат.