Марыя Калеснікава: «Я дакладна ведаю, што дабро пераможа»

«Турма — агіднае месца, але тут я асабліва пачуваюся свабоднай… Можна замураваць у турму, схаваць ад людзей, даць 11 гадоў. Але ўсё гэта, як і страх, нянавісць і кандалы, разабʼецца аб нашыя песні, смех, танцы і любоў», — распавяла Марыя Калеснікава карэспандэнтцы BBC.

Маскоўскай карэспандэнтцы BBC Сары Рэйнсфорд удалося звязацца з Марыяй Калеснікавай і распытаць у яе пра жыццё ў турме, сітуацыю ў краіне і пра тое, якой бы яна хацела бачыць Беларусь.

— Як з вамі абыходзіліся ад моманту вашага арышту? Як вам удаецца даваць рады псіхалагічна? Які ўвогуле лад вашага жыцця ў турме — камера, распарадак дня?

— Прачынаюся заўсёды а 6-й раніцы вельмі лёгка і бадзёра. У маім мінулым жыцці гэтага немагчыма было ўявіць.

У 6:30 пачынаецца турэмны сняданак у выглядзе кашы, соку, хлеба і чаю. Але я ніколі не ем так рана і нічога з прапанаванага не бяру. «Прымаю душ» — награваючы ваду ў тазіку.

Цяжка паверыць, але ў цэнтры Менску людзі ўтрымліваюцца ў камерах з халоднай вадой, а душ прымаюць у агульным душавым пакоі (на чатыры чалавекі без перагародак) адзін раз на тыдзень па 20 хвілін.

Бялізну мыем у тазах, награваючы ваду кіпяцільнікам. Сохне яна ўначы на батарэі або нарах.

А 8-й раніцы — праверка, пасля чаго 2-3 гадзіны я вучу мовы ці чытаю на нямецкай ці ангельскай мове. Гэта самы плённы час.

Каля 9-й выходжу на прагулку. Турэмны дворык — 3 метры на 3 метры. (у Жодзіне быў большы). Але нават там я схітраюся бегаць 40-50 хвілін і яшчэ 30 хвілін раблю практыкаванні.

Снедаю пасля прагулкі: бутэрброды або, рэдка, каша з сухафруктамі і абавязкова — моцная кава. Прыбіраюся ў камеры, і ў гэтым ёсць пэўнае задавальненне: рабіць чысцей, утульней, лепей тое месца, дзе ты ёсць.

Калі ў мяне няма сустрэчы з адвакатамі ці допытаў, то я чытаю і пішу наступныя 2–3 гадзіны. Кнігі выдаюцца па заяве, дзе трэба пазначыць аўтара і назву. Праз некалькі дзён бібліятэкар прыносіць усё, што знайшлі. 

У кнігах шукалі інфармацыю, «напісаную малаком»

У Жодзіне кніг для мяне хутчэй не было, чым былі. Адміністрацыя тлумачыла гэта тым, што праблемы з кнігамі для мяне звязаныя з страхам, што ў іх ёсць нейкая інфармацыя, як у Леніна, «напісаная малаком» (нябачным чарнілам).

Гэта і ёсць сапраўдная прычына таго, чаму ў мяне забралі і тры тыдні правяралі кнігі Харары, Хокінга. «Малака не знайшлі» — вярнулі.

У СІЗА з кнігамі іншая сітуацыя. Ёсць шмат з таго, што я прашу, нават падручнікі і кнігі на нямецкай і ангельскай мовах. У Жодзіне гэтага не было.

За ўвесь час я пабывала ў пяці камерах з розным «складам» сябровак-аднакамерніц. Цяпер камера вельмі маленькая, 2,5 на 3,5 мэтра, дзе двое нараў на чатырох чалавек, прыбіральня, умывальнік, тэлевізар, кіпяцільнік, кубак, тазы, стол, лаўка. Праз шыбу і краты відаць неба.

У Беларусі забаронена курэнне ў грамадскіх месцах і нават на прыпынках, але турма — не месца для законаў. Тут кураць амаль усе і ўсюды: у камерах, калідорах, кабінетах. У маім выпадку гэта не толькі шкода здароўю і пагроза жыццю, але і шкода, якая не дазволіць мне застацца ў прафесіі музы́кі-флейтысткі.

У 13:00—14:00 абед. У мяне ён таксама свой: суп ці гародніна з мясам. Пазней кава і прысмакі, якімі мяне балуюць у перадачах.

Наступныя тры гадзіны чытаю, працую ў справе (маецца на ўвазе крымінальная справа Марыі. — BBC), пішу тэксты і лісты.

Вячэра ў турме а 18-й, але я вячэраю а 17-й. Гародніна, чай і халва. 

У месяц Калеснікава піша каля 200 лістоў

З 18:00 пішу лісты кожны дзень. За месяц атрымліваецца каля 200. Гляджу навіны, якія і не навіны ўвогуле, а «пяціхвілінкі нянавісці» даўжынёй у гадзіны, як у Джорджа Оруэла. Вельмі «карысна», але шкада людзей, якія гэта ствараюць і ў гэта вераць. А 20-й — праверка, потым забіраюць лісты і заявы.

А 21-й вечаровы «душ» з кіпяцільнікам, кніга. З 22:00 да 6:00 здаровы моцны сон. Так многа я не спала шмат гадоў, асабліва апошнія месяцы перад 7 верасня 2020 года (дзень, калі Марыю Калеснікаву скралі, а потым арыштавалі. — BBC).

«Рэжым перакладае на нас тое, у чым вінаваты сам»

— Што вы думаеце пра выстаўленае вам надзвычай сурʼёзнае крымінальнае абвінавачанне?

— Рэжым перакладае на нас тое, у чым вінаваты сам. Бо сапраўдную змову з мэтай захопу ўлады ўчыніў акурат рэжым Лукашэнкі.

Калі вы спытаеце, ці ў захапленні я ад таго, што мне далі 11 гадоў, то не, цяжка знайсці чалавека, якому спадабалася б такая перспектыва. Але калі я ўспамінаю, за што насамрэч улады і іхныя кішэнныя суды далі нам з Максімам такія тэрміны, то дыхаць становіцца лёгка, а жыць весялей.

Гэтае абсурднае абвінавачанне нам выставілі таму, што мы былі дастаткова смелымі і сумленнымі з сабой і беларусамі, за тое, што хацелі пазітыўных перамен у краіне і рабілі гэтыя перамены. Не здзіўлена, што для рэжыму гэта лічыцца злачынствам. 

«Я ведала, што калі мяне не забʼюць, то дакладна пасадзяць»

— Ці шкадуеце вы пра што-небудзь? Ці зрабілі б вы інакш, калі б змаглі наноў пражыць мінулы год? Можа, было б лепш з’ехаць у той самай машыне, як вашыя калегі?

— Нельга сказаць, што, калі я рвала свой пашпарт, я не разумела маштабу наступстваў для сябе. 7 верасня 2020 года я ведала, што калі мяне не забʼюць, то дакладна пасадзяць. Бо людзі, якія падпарадкаваліся сістэме, не пакінулі ў гэтым сумневаў.

Увесь год яны намагаліся зрабіць усё, каб я пашкадавала. Год у гарачых і халодных камерах, без паветра, без святла, без людзей… Год без анічога, але я не шкадую і цяпер зрабіла б гэтаксама. Я тут і цяпер праходжу складаны шлях разам з сваім народам.

Мы разам з беларусамі хадзілі па вуліцах летам, абдымаліся, хваляваліся, спадзяваліся. Мы разам пачыналі гэты шлях, і цяпер мы разам. Вось жа я не шкадую. 

«Хачу, каб перамагла справядлівасць»

— Што б вы хацелі змяніць у Беларусі? І ці ёсць шанец, што гэта адбудзецца?

— Хачу, каб перамагла справядлівасць, працавалі законы і выкананне права. Я хачу, каб беларусы верылі ў сябе і адзін аднаго. Я хачу, каб беларусы не баяліся думаць, гаварыць, крытыкаваць, гуляць і любіць.

Я хачу, каб мы жылі ў свабоднай, багатай і бяспечнай краіне, дзе ўлада служыць народу, а не наадварот. Гэта вельмі простыя, але неабходныя рэчы, і нам належыць яшчэ прайсці складаны шлях, каб іх здабыць.

«Думаю, што ў Беларусі ёсць яшчэ кволы шанец»

— Судовы працэс быў закрытым, і мы не можам гутарыць з вамі наўпрост. Што б вы больш за ўсё хацелі сказаць краіне і астатняму свету?

— Турма — гэта агіднае месца, але тут я асабліва пачуваюся свабоднай і шчаслівым чалавекам.

Ведаю, як шмат людзей мяне любяць і думаюць пра мяне — гэта дае мне неймаверныя сілы ісці далей. І я дакладна ведаю, што дабро пераможа.

Я хачу, каб беларусы верылі ў сябе і любілі сябе і адзін аднаго. Не, вы не сталі горшымі ад таго, што больш не выходзіце на праспекты з нашым сцягам. Не, вы не сталі слабейшымі праз тое, што баіцеся за сваё жыццё і свабоду. Вам няма ў чым вінаваціць сябе і адзін аднаго, няма ў чым папракаць. Вы не прайгралі, вы не змірыліся, вы ўсё гэткія ж неймаверныя. Так, сябры, вы — неймаверныя.

І я думаю, што ў Беларусі ёсць яшчэ кволы шанец вырашыць крызіс у краіне ўласнымі сіламі, але ўлада для гэта мусіць павесці сябе інакш.

«Уяўляеце, суддзя б устала і вынесла апраўдальны прысуд»

— Прысуд аказаўся суровым. Вы былі гатовыя да гэтага? Вы дасце рады?

— Ці была я да гэтага гатовая? Шчыра кажучы, крыху не чакала. Думала, дадуць 12 гадоў.

Ну а калі сурʼёзна, то апошні год не пакінуў беларусам ніякіх ілюзій. Давер да ўсіх дзяржаўных інстытутаў разбураны. Усе цудоўна разумеюць, што няма незалежных судоў і незалежных суддзяў. Што гэта больш не пасады, гэта абслуга рэжыму. Што кадры падабраныя гэтак, што рука не здрыганецца. А як толькі паўстае сумнеў, то кадры адразу мяняюцца і ператасоўваюцца.

Уяўляеце, калі б раптам, нягледзячы на тое, што ёй загадалі зрабіць, суддзя б устала і вынесла апраўдальны прысуд. Чалавек увайшоў бы ў гісторыю як герой! Пра яе гаварылі б і пісалі не менш, чым пра нас. Так, хутчэй за ўсё, яе арыштавалі б адразу пасля, але ў гэтым і сутнасць цяперашняга беларускага часу — ці ты чалавек, ці адпраўляй невінаватага (і ты ведаеш, што ён невінаваты) на 10 гадоў у калонію, а потым неяк жыві з гэтым, супакойваючыся на лецішчы, на якое абмяняў сваё сумленне.

«Мае прынцыпы і мае каштоўнасці не ўпісваліся ў карціну свету рэжыму Лукашэнкі»

— Як вы думаеце, чаму супраць вас пачалі гэткую сурʼёзную крымінальную справу?

— Таму што мае прынцыпы і мае каштоўнасці, як і прынцыпы і каштоўнасці Віктара Бабарыкі і штабу Бабарыкі, не ўпісваліся ў карціну свету рэжыму Лукашэнкі.

Мы перакананыя, што правы чалавека, свабоды і закон павінны быць на першым месцы. Што ўлада павінна мяняцца — і выбіраць яе павінен народ. Што суды павінны быць сумленнымі і незалежнымі, а не падпарадкоўвацца ўладзе. Што незалежныя журналісты павінны пісаць, а не сядзець у турме. Што ў дастатку павінны жыць беларусы, а не група людзей, якая акупавала ўладу і тэрыторыю краіны.

Але гэта ўсё супярэчыць сістэме, якую збудаваў рэжым. Апроч таго, мы надта падабаемся беларусам :)

Нянавісць і кандалы разабʼюцца аб нашыя песні, смех, танцы і любоў

— Як вам удалося прыстасавацца да жыцця пасля арышту — і фізічна, і ў думках?

— Да новага жыцця адаптавалася імгненна і безбалесна. Новы досвед, новыя людзі, новыя адкрыцці.

Да таго ж, я музы́ка, а ў класічных музыкаў за гады рэпетыцыі выпрацоўваецца практычна вайсковая стойкасць і дысцыпліна :)

— Вы танчылі на судзе ў першы дзень працэсу. Чаму?

— Бо танчыць лепей, чым пакутаваць. Гэта маё прывітанне родным, блізкім і ўсяму свету.

Можна замураваць у турму, схаваць ад людзей, даць 11 гадоў. Але ўсё гэта, як і страх, нянавісць і кандалы, разабʼецца аб нашыя песні, смех, танцы і любоў.

 Паводле «Радыё Свабода» 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: