Марыя Калеснікава: «Я невінаватая, і ні пра якое прашэнне аб памілаванні не можа быць і гаворкі»

Марыя Калеснікава не збіраецца прасіць аб памілаванні. Асуджаная на 11 гадоў беларуская апазіцыянерка назвала вердыкт суда прысудам «усёй сістэме», піша www.dw.com. Улады Беларусі страцілі давер народа, лічыць Марыя.

59365225_303.jpg

Беларускі апазіцыйны палітык Марыя Калеснікава, асуджаная на 11 гадоў, адмовілася прасіць Аляксандра Лукашэнку аб памілаванні. «Я невінаватая, і ні пра якое прашэнне аб памілаванні не можа быць і гаворкі», — падкрэсліла яна ў інтэрв'ю расійскаму выданню РБК, што было апублікаванае ў пятніцу, 1 кастрычніка. Палітык назвала судовы вердыкт прысудам «усёй сістэме», а не асобным прадстаўнікам апазіцыі.

Адмовілася ад здзелкі са следствам

Паводле слощ Калеснікавай, ёй не раз прапаноўвалі пайсці на здзелку са следствам у тым ці іншым фармаце, у тым ліку на «інтэрв'ю» беларускаму дзяржтэлебачанню, аднак яна адмаўлялася. «Прапановы сям'і пакінуць Беларусь, напісаць прашэнне аб памілаванні, лісты, зняцца ў кіно і быць на волі — гэта сведчанні таго, што ўлада не разумее, што праблема не ўва мне і ў Максіме (сябра прэзідыума Каардынацыйнай Рады беларускай апазіцыі Максім Знак, асуджаны на 10 гадоў па артыкуле аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання і змове з мэтай захопу ўлады. — Заўв. рэд.)», — патлумачыла палітык.

«Праблема ў тым, што ўлада страціла легітымнасць, давер у вачах беларусаў», — адзначыла яна

Еўрасаюз палічыў абвінавачанні Калеснікавай і Знаку неабгрунтаванымі і заклікаў вызваліць палітычных зняволеных. Абодва апазіцыянеры абскардзілі прысуд.

Калеснікава назвала абвінавачанні «поўнай ахінеяй, складзенай па невядомых дагэтуль граматычных і лагічных правілах». «41 том матэрыялаў — збор макулатуры, які ні пра што, акрамя нашай невінаватасці, не сведчыць, нягледзячы на марныя спробы ўкараніць фэйкавыя доказы», — падкрэсліла палітык.