Мікола Папека: у калоніі людзі цікавыя, а службоўцы больш цярпімыя

Паэта-пчаляра зняволілі-такі на два гады па сумнавядомай «карагоднай справе». Касацыйная скарга не была задаволеная. Пасля прысуду суда першай інстанцыі спадар Мікола рыхтаваў сваю гаспадарку да адсутнасці. Кажа, паспеў амаль усё.

Пчаліная карціна

Пчаліная карціна


«Два дні ўжо ў Мазыры, — перадае ён на волю. — Афармляюць мяне тут. У пакоі са мной яшчэ двое. Ложкі свабодныя ёсць. Нарэшце не цесна, умовы цярпімыя, як і стаўленне службоўцаў».
Як дыскамфортную нязручнасць згадвае ён, што шмат на што трэба дазвол. У горад пайсці купіць прадукты якія — трэба атрымаць звальненне. Парэзаць хлеба — дык трэба прасіць у аховы ножык. «Таму ўсё больш лыжкаю рэжу», — Папека ніколі не любіў залежнасць.
У калоніі ў Мазыры не перанаселена, сведчыць вязень-паэт. Нават вольных памяшканняў — з пяць, якія рамантуюць. У няволю патрапілі адметныя людзі з біяграфіяй, ім ёсць што расказаць пра сябе. Часу вольнага пасля знясільваючай часам працы ва ўласнай гаспадарцы дык і багата. Бадай што, напішацца з усяго гэтага нейкі літарацкі тэкст.
На поспех касацыйнай скаргі спадар Мікола не спадзяваўся. На сітуацыю глядзіць з вышыні сваіх сацыял-дэмакратычных поглядаў:
«Склалася сістэма ўседазволенасці, якая пасля 9-га паказала сябе канчаткова. Гэта з-за алігархізацыі так сталася. Калі б у кожнага цераз пятую хату\кватэру была свая справа — той пячэ пірагі, гэты рамантуе аўтамабілі, я даглядаю пасеку, — то так не сталася б, такі прававы дэфолт».
Папеку ў яго амаль шэсцьдзесят гадоў маглі накіраваць у Купліно пад Пружанамі, Выстаяла б яго справа, пчолы. Але не — ударылі, каб разбурыць дазвання. Пакаралі дастаткова, заадно жорстка і машынна. Ну, ды стойкасць — адна з асноўных рыс Папекава характару.

Гэтая дзяржава ў 50 гадоў мабілізоўвала Папеку ў так званыя «партызаны»

Гэтая дзяржава ў 50 гадоў мабілізоўвала Папеку ў так званыя «партызаны»


«Пчол закарміў надоўга, падрыхтаваў, — паведамляе ён. — Частку вулляў у цесця пакінуў, частку яшчэ дзе. Мацёрыя пчаляры мясцовыя ярыліся пераняць маіх пчол, але пакуль не аддаў».  
Настрой у новага вязня рэжыму не падаўлены, нават нейкія планы на будучыню трымае ў сабе. Але ж не на волі, ёсць нявыкруткі.
«Амаль усё парабіў, каб перабыло да вызвалення. Адно што вось — гараж, відаць, заваліцца. Не паспеў умацаваць».
Дык дапамажыце, хто бліжэй! Спытаў у Папекі — жонка на такое пагодзіцца.
Post scriptum. Адметная рэч: Мікола Папека мог з’ехаць за мяжу, перачакаць. Але свядома застаўся. Не любіць быць у гасцях. Гаспадарлівы патрыёт — гэтыя два словы цудоўна кладуцца разам. Бы камяні ў падмурак.