Нібыта герой Караткевіча. Змітру Сідаровічу сёння споўнілася б 56 гадоў

Прайшло сем гадоў з таго моманту, як не стала выдатнага музыканта, паэта, дудара і аднаго з распачынальнікаў рыцарскага руху ў Беларусі Змітра Сідаровіча. Сёння яму споўнілася б 56 гадоў.

Зміцер Сідаровіч, фота Радыё Свабода

Зміцер Сідаровіч, фота Радыё Свабода


Зміцер Сідаровіч пачаў пісаць песні, калі яму было 13 гадоў. Ён нарадзіўся ў Мінску, скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, стаў кандыдатам тэхнічных навук і працаваў вядучым інжынерам. Аднак яго моцна вабіла беларуская гісторыя, культура, мова, музыка... Песні на яго вершы напрыканцы 1980-х спяваў рок-гурт «Грамада». А пасля Зміцер заснаваў сваю каманду гурт — «Камелот».
Паэт Леанід Дранько-Майсюк казаў, што асоба Змітра Сідаровіча была нібыта спісана з герояў Уладзіміра Караткевіча. Ён запомніў Змітра харызматычным, крэатыўным, яскравым музыкантам, сапраўдным сябрам: «За яго вонкавай суворасцю хаваўся добры і вельмі душэўны чалавек, які заўсёды гатовы дапамагчы».
Дранько-Майсюку музыка адкрыў хараство беларускай дуды, бо сам быў у яе закаханы.
Юрый Жыгамонт пазнаёміўся з Сідаровічам падчас працы над музычным афармленнем спектакля, які ставіўся ў тэатры «Вольная сцэна». Тады агульную ўвагу акцёраў тэатра прыцягнула моўная паслядоўнасць Змітра Сідаровіча, які адрынуў прапанову праспяваць тыя ж песні, але на іншай мове: «Мы што, іншапланецяне, жывём не на сваёй зямлі?» — абураўся ён.
Акрамя таго, што Зміцер пэўны час граў у гурце «Стары Ольса», ён даследаваў гісторыю музыкі, пісаў вершы, некалькі гадоў ладзіў штотыдзень «Шляхецкую фолк-вечарыну» з музыкай ды скокамі ў ДК МАЗ. Бард Андрэй Мельнікаў заўважыў, што Зміцер сваімі песнямі вельмі шмат зрабіў для таго, каб музычнымі сродкамі папулярызаваць сярод моладзі гісторыю роднага краю, яго мову, традыцыі і культуру.
У апошнія гады Зміцер запісваў і выдаваў музыку для дзяцей. Спявачка Любоў Сівурава ўзгадвала, што дзякуючы намаганням Змітра Сідаровіча і Таццяны Матафонавай, а таксама іх дзяцей (сына Змітра Тамаша і сына Таццяны Адася), выдадзеныя «Дзіцячыя альбомы». Па іх юныя музыкі і спевакі змогуць пазнаёміцца з пярлінамі нацыянальнага фальклору, самім развучыць іх і выконваць на школьных уроках і пастаноўках.
З жыцця Зміцер Сідаровіч пайшоў нечакана і заўчасна, 17 траўня 2014 года, не дажыўшы да 50 гадоў. Аднак тое, што ён пакінуў пасля сябе, працягвае жыць і надалей.