Пакутнік за веру і бацькаўшчыну. Пяць фактаў пра святара Фабіяна Абрантовіча

Сёння, 14 верасня, спаўняецца 137 гадоў са дня нараджэння беларускага рыма-каталіцкага і ўніяцкага святара Фабіяна Абрантовіча, пакутніка за веру і Беларусь. 

abrantovic_1200x500.png


Заснавальнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, лідар нацыянальнага руху, ён быў знакавай фігурай у няпростыя для Беларусі часы. У 1919 годзе газета «Krynica» назвала айца Абрантовіча «першароднай сілай беларускага народу і правадыром ягоным, якога працу ацаніць патрапіць толькі гісторыя».

1. Абрантовіч — адзін з ідэйных натхняльніках і стваральнікаў БХД

aalyceumfabian.jpg


Фабіян Абрантовіч скончыў духоўную семінарыю Магілёўскай архідыяцэзіі ў Пецярбургу і Пецярбургскую Каталіцкую Духоўную Акадэмію. Пасля яго, як аднаго з самых лепшых студэнтаў накіравалі на вучобу ў Бельгію — у Лувенскі Каталіцкі Універсітэт. Абрантовіч стаў першым беларусам у гісторыі гэтага ўніверсітэта, які паспяхова абараніў працу на доктарскую ступень.
Пасля Абрантовіч вярнуўся ў Пецярбург і аказаўся ў цэнтры тагачаснага беларускага нацыянальнага жыцця. Ён стаў рухавіком ксяндзоў-беларусаў, якія вучыліся там у семінарыі. Менавіта Абрантовіч разам са святаром Люцыянам Хвецькам стаяў у вытокаў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці, якая паўстала ў Пецярбургу ў траўні 1917 года, а пасля стала вядомай як Беларуская хрысціянская дэмакратыя.
24 і 25 траўня 1917 годзе ў Мінску адбыўся I з’езд каталіцкага духавенства, дзе выступаў і Абрантовіч. Гэты з’езд меў вялікае значэнне для тагачаснага беларускага касцёла: пачаўся працэс яго беларусізацыі. Многія святары пачалі прамаўляць па-беларуску, гуртаваць вакол сябе беларускую каталіцкую моладзь і выдаваць адну з самых буйных і папулярных газет міжваеннай Заходняй Беларусі — газету «Крыніца».

2. Гуртаваў вакол сябе беларускіх вернікаў у Мінску

У 1918 годзе айца Абрантовіча перавялі служыць у Мінск. Тут ён, па даручэнні біскупа, арганізаваў духоўную семінарыю, дзе працаваў яе рэктарам.
6 верасня 1918 годзе айцец Абрантовіч разам з біскупам Лазінскім адслужыў першую «беларускую імшу» ў Мінскім кафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі. Па загадзе Абрантовіча, падчас імшы хор спяваў беларускія рэлігійныя гімны. Некаторыя прыхаджане спрабавалі заглушыць гэта польскімі спевамі, але не атрымалася. Часопіс «Беларуская думка» ў 1919 годзе пісаў пра гэтую падзею так: «Цэлая імша і казанне ўхапілі за душу не толькі беларусаў-каталікоў, але і беларусаў-праваслаўных. Усе мелі слёзы на вачах…»
Беларусы нарэшце пачулі родную мову ў сценах касцёла… І гэта быў толькі пачатак.
Так, Абрантовіч стаў «душой і вокам» Мінскай філіі Беларускай хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці. У 1919 годзе ў арганізацыі налічвалася каля 200 сяброў. Па ініцыятыве Абрантовіча штонядзелю адбываліся іх сходы: гутарылі на розныя тэмы, спявалі беларускія песні.
На самай справе, нацыянальныя перакананні былі для Абрантовіча вялікай перашкодай у кар’еры. Каб ён назваў сябе палякам, то пайшоў бы далей па кар’ернай лесвіцы…
На набажэнствы, якія служыў Фабіян Абрантовіч, прыходзіў і Янка Купала. Калі паэт цяжка захварэў зімой 1921 года, менавіта айцец Фабіян дзяжурыў ля яго ложку ноччу ў шпіталі.

3. Абрантовіч — педагог і рэктар

Выкладчыкам Абрантовіч працаваў яшчэ тады, калі жыў у Пецярбургу. Так, у духоўнай семінарыі ён вёў заняткі па філасофіі, сацыялогіі і спеве. Таксама ён выкладаў у жаночай гімназіі пры Імператарскім жаночым інстытуце.Святар Язэп Германовіч пасля напіша ў сваіх успамінах: «Абрантовіч — ведамы выдатны прамоўца: гаварыў словам жывым, вобразным, пабуджаючы думку і пачуццё. Ягоная мова адразу ўцягвала слухачоў і моцна вабіла: нават найбольшыя гультаі на ягоных лекцыях і навуках не маглі ні на хвілінку задрамаць… У красамоўстве Абрантовіч напамінаў Адама Міцкевіча, свайго суродзіча з Наваградку. А.Фабіян знаў глыбока літаратуру польскую, расейскую й заходнюю; чытаў вельмі шмат. Аднак ягоны стыль ня быў кніжным. Ён заўсёды гаварыў і пісаў мовай сваёй, параўнанні, сказы, прыклады ён браў з жыцця… Людзі яго называлі: “наш Прафэсар”, “наш Фабіян”, “наш Абрантовіч”… Гэты дзіўны назоў “наш” давалі яму паўсюдна. Такі “голас народу” азначаў чалавека, што вырас з нашага грунту й рос ды красаваўся на сваёй зямлі — наш, родны й дарагі Сын Беларусі».
Дзякуючы служэнню ў Мінску, у 1919 годзе ў арганізаванай Абрантовічам семінарыі навучалася 29 клірыкаў, 25 з якіх былі беларусамі. У капліцы пры семінарыі штонядзелю святар казаў беларускія казанні. Мінск, дзякуючы рэлігійнай і асветніцкай працы Фабіяна Абрантовіча, станавіўся беларускім каталіцкім цэнтрам. Аднак гэтай з’яве быў не лёс замацавацца, бо ў Мінску канчаткова ўсталявалася савецкая ўлада.
Абрантовіч стаў працягваць выкладчыцкую дзейнасць у гімназіі і ніжэйшай духоўнай семінарыі ў Навагрудку, а пасля ўтварэння ў 1925 годзе Пінскай дыяцэзіі — у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску.

4. Служыў архімандрытам у кітайскім Харбіне

fabijan_abrantovicz_z_duhavenstvam.jpg

Айцец архімандрыт Фабіян Абрантовіч з духавенствам Хабрінскага каталіцкага экзархату

У 1926 годзе айцец Фабіян уступіў у ордэн марыянаў у кляштары ў Друі. Аднак у 1928 годзе святара адтуль адклікалі. Апостальская сталіца прызначыла Фабіяна Абрантовіча кіраўніком місіі для каталікоў усходняга абраду ў Маньчжурыі і Кітаі. Па сутнасці, гэта была місія для рускіх каталікоў, якія жылі і працавалі на тых тэрыторыях.
Нягледзячы на тое, што Абрантовічу было цяжка пакідаць Беларусь, для каталіцкай царквы ў Кітаі ён зрабіў нямала. Жывучы ў Харбіне, ён заснаваў Марыянскую ўсходнюю місію і прычыніўся да заснавання Ліцэя святога Мікалая. Там таксама ён рэдагаваў і выдаваў часопіс «Каталіцкі веснік».
У 1934 годзе, падчас свайго знаходжання ў Ватыкане, ён атрымаў згоду Пія ХІ на адкрыццё ў Харбіне марыянскага законнага дома ўсходняга абраду. Летам 1939 года ён зноў быў у Рыме, а ў жніўні пабываў у Варшаве, Коўне, Вільні, Друі і Навагрудку, дзе жылі яго сваякі.
На пачатку ІІ Сусветнай вайны ён выехаў у Львоў, дзе наведаў грэка-каталіцкага арцыбіскупа Андрэя Шаптыцкага. Аднак не паспеў архімандрыт адтуль выехаць, бо ў Львове ўсталявалася савецкая ўлада.

5. Прыняў пакутніцкія вянцы

fota_z_vjaznicy_nkus.jpg

Фота з вязніцы НКУС

Падчас спробы нелегальна перайсці нямецка-савецкую мяжу ў кастрычніку 1939 года Абрантовіча затрымалі нямецкія памежнікі і выслалі яго Саветам. Там яго і арыштавалі. Спачатку святар знаходзіўся ў вязніцы НКУС у Львове. Як сведчыў пасля капітан польскай арміі, які ў 1939 годзе сядзеў з Абрантовічам у турме ў Львове, бальшавікі ўбівалі іголкі пад пазногці і ўлівалі ваду ў лёгкія, каб ён прызнаўся да закідаў, якія ім былі патрэбныя. У студзені 1941 года яго перавезлі ў Маскву і абвінавацілі ў антысавецкай дзейнасці і шпіёнстве на карысць Ватыкана. Святара асудзілі на 10 гадоў лагераў.
Аднак пасля суду ён працягваў заставацца ў вязніцы ў Маскве. Адзін з вязняў пасля казаў, што Абрантовіча ўвесь час катавалі і збівалі. Пасля допытаў святара заносілі, ледзь прытомнага, у камеру, а той увесь час маліўся.
Аднак здароўе шасцідзесяцігадовага святара не вытрымала такіх здзекаў. Фабіян Абрантовіч памёр 2 студзеня 1946 года ў вязніцы «Бутырка» ў Маскве.
Паплечнікі Абрантовіча па місіі не ведалі, што стала з айцом Фабіянам. Доўгі час яны меркавалі, што Саветы яго забілі ў 1939 годзе… Айцец Язэп Германовіч, які таксама працаваў разам з Абрантовічам у Харбіне, толькі ў 1959 годзе даведаўся аб тым, што ў 1943 годзе айцец Фабіян быў яшчэ жывы і знаходзіўся ў Маскве. Але ён тады дакладна ведаў і тое, што ў 1949 годзе Абрантовіча ўжо не было ў жывых… Пасля ён напіша ў сваіх успамінах: «Нязмерная страта для Беларускага Народу, што такі выдатны Чалавек-вучоны, філосаф, святар, прамоўца, прафесар, дзеяч — з прычыны рэвалюцыі і пераследу ворагаў, не мог нармальна працаваць у сваім краі, быў адарваны ў 1928 годзе і пасланы на працу між чужымі ў Манджурыю і нарэшце загінуў як мучанік у Савецкім Саюзе! І факт смерці затоены, і ягоная магіла — няведамая… Цяжкая доля а.Фабіяна, сапраўды Божага Чалавека, ёсць цяжкай доляй і вялікай стратай для ўсяго нашага народу».