Палітвязень Святаслаў Барановіч: «Адзінае, што было сорамна, што няма за што сядзець»

Святаслаў Барановіч быў фігурантам палітычных спраў двойчы. У 2011 годзе яго прызнавалі палітычным вязнем. Тады Барановіча, яшчэ 25-гадовага юнака, судзілі за Плошчу-2010, пакаралі трыма гадамі «хатняй хіміі». У сакавіку 2017 года пасля «Маршу недармаедаў» Барановіч у тралейбусе спрабаваў адбіць анархістаў ад невядомых у цывільным. Апошнія аказаліся супрацоўнікамі міліцыі.


Праз паўгода Барановіча злавілі і прысудзілі 3 гады калоніі (тады праваабаронцы не захацелі прызнаць яго палітвязнем). Святаслаў выйшаў амаль год таму, а цяпер быў заўважаны ў аматарскім турніры «Zames»: баі на голых кулаках выкладваюць на YouTube, піша «Наша Ніва».

«Раней я займаўся боксам, кандыдат у майстры спорту, нават меў прапанову ехаць у Амерыку, быў гатовы кантракт ад амерыканскай прамоўтарскай кампаніі для мяне. Але тая пасадка ў 2017 годзе ўсё сапсавала, — расказаў Святаслаў «Нашай Ніве». — У гэтыя баі я трапіў праз сябра. Ён прапаноўваў, я доўгі час адмаўляўся — кулачныя баі мне не вельмі цікавыя. Але ён настойваў: давай, давай, больш шанцаў не будзе. Ну, кажу ладна, пайшлі паглядзім».

«Гэта хутчэй як хобі, я гэтым не зарабляю»

Першы бой Барановіч правёў супраць майстра спорту Анатолія Мартыненкі. І пацярпеў паразу ў ім.

«З Мартыненкам нармальны бой атрымаўся, добры. Ён майстар спорту міжнароднага класа, выступаў на Чэмпіянаце Еўропы. Мяне паставілі з ім біцца, але ў тым баі я фактычна аддаў яму перамогу. Мог бы дабіваць, але пашкадаваў. За 100 долараў выбіваць сабе рукі, і яго пашкадаваў — навошта чалавека траўмаваць? Таму я спыніў бой, спаслаўся на стомленасць.


Пасля ўдзельнічаў яшчэ ў адным турніры — таксама прайграў, мне заламалі нос. Супернік быў слабейшы. Калі шчыра, проста часам не разлічваеш, думаеш: «Ай, выйду на расслабоне, ушатаю». А атрымліваеш сюрпрыз.

Доктар прапаноўваў пасля зрабіць аперацыю на нос, а то, кажа, «горбік будзе». Але мне тое паралельна — ва ўсіх баксёраў «горбік», тут нічога страшнага няма.

Гэта хутчэй як хобі, я гэтым не зарабляю. Там за перамогу плацяць 200 долараў, за паразу — 100. Так што пару разоў выступіў, а там будзе бачна. Калі па боксу будуць прапановы — я з радасцю, а кулачныя баі — толькі за добрыя грошы. Бо калі траўма будзе, то элементарная аперацыя і аднаўленне пацягне дорага.

Але я працягваю займацца спортам, вось зараз іду якраз на трэніроўку. Фізпадрыхтоўка ў мяне выдатная».

«Было сорамна, што няма за што сядзець»

Акрамя трэніровак, Барановіч працягвае хадзіць на звычайную штодзённую працу.

«Працую на будоўлі. Таму таксама не хочацца «ўхандохаць» рукі ў баях — калі не выйду на працу, то не будзе чаго есці банальна, — кажа Святаслаў. — Таму трэба берагчы сябе і ведаць, за што б’ешся. Каб за баі прапаноўвалі адэкватныя грошы, то можа я б і заняўся канкрэтна гэтым. Тады не настолькі хоць шкада было б здароўя».

Пасля выхаду з калоніі Святаслаў жыве ў Мінску. Кажа, гады пад вартай прайшлі няпроста, але шкадаванняў у яго няма.

«Я сядзеў у штрафных ізалятарах пастаянна, без пасылак, без званкоў, без тэлеграм. Мяне мучылі яшчэ да суда 8 месяцаў, хацелі, каб віну прызнаў. Пераціскалі рукі кайданкамі, напрыклад. Адвакат таксама такі ж быў. Раіў: «Ну прызнайце віну, інакш яны не супакояцца!» Я пытаўся: «У чым вінаваты?»

Пасля ў калоніі адміністрацыя хацела таксама, каб я прызнаў віну. Увесь тэрмін, лічы, трымалі па ШІЗА, я выходзіў нават з адзіночкі на волю. Лістоў амаль не атрымліваў і сам не пісаў — акуляры ў мяне забралі. Нават майткі забіралі, бо ў бетоннай камеры я іх падкладваў пад галаву. Там жа холадна: удзень спіш, уначы рухаешся.

Але я не шкадую, што тады ўвязаўся ў бойку. Адзінае, што было сорамна, што няма за што сядзець».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: