Памяці Ірыны Казулінай

Сёння Ірыне Казулінай споўнілася б 57 гадоў. Яна пахаваная на вясковых могілках у Тарасава. У Мінску пахаваць не дазволілі. Сёння мы вырашылі паўтарыць артыкул Аляксея Караля ў памяць пра гэту шчырую і мужную жанчыну.



6492d38d732122c58b44e3fdc3e9e9f3.jpg


Лёгкая, прыгожая, светлая. Ёй было толькі 49.

Яе смерць болем адгукнулася ў душах тысяч людзей. Абудзіла лепшыя пачуцці, — міласэрнасці і ўзаемапавагі, гонару і спагады, любові да бліжняга і свабодалюбства. Ускалыхнула беларускае грамадства.
Яна заваёўвала сэрцы іншых праз сваю годнасць і дабрыню. Праз сваю любоў да мужа, да сваёй сям’і, да бацькоў, да дачок. Яна не была публічным дзеячам і палітыкам. У яе была свая любімая работа, свой сусвет. Сусвет, такі зразумелы кожнаму, і такі крохкі, які трэба бараніць ад пагроз і несправядлівасці.
Ірына стала палітыкам, калі арыштавалі і асудзілі на пяць з паловай гадоў яе мужа Аляксандра Казуліна толькі за тое, што адважыўся кінуць выклік рэжыму Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах.
Яна змагалася за свабоду мужа, але так, што ўсе адчулі — за свабоду ўсіх палітзняволеных, за свабоду кожнага з нас. У абарону сусвету кожнага з нас. Бо ўсе зразумелі, што платай за гэту барацьбу яна ахвяравала ўласнае жыццё. Смяротна хворая на рак, яна прыняла як лёс шлях барацьбы, што абраў Аляксандр. Яго рашэнне ісці на выбары. Яго рашэнне выйсці на вастрыё атакі на чале мірнай калоны дэманстрантаў. Яе любоў дала сілы Аляксандру Казуліну вытрымаць за калючым дротам калоніі 53-дзённую галадоўку.
А калі яго не адпускалі на пахаванне Ірыны, на Кастрычніцкую плошчу выйшлі тысячы людзей. І тысячы прыйшлі ў Чырвоны касцёл на паніхіду па Ірыне, на яе пахаванне.
Час лечыць, боль сціхае. Кругаварот спраў і праблем, здаецца, зацяняе святло, што выпраменьваюць душы тых, хто адышоў у лепшы свет. Святло зоркі Ірыны Казулінай. Але гэта толькі здаецца. Неўпрыкмет яна з намі.

pomnik_kazulinaj.jpg