СК адмовіў змяніць меру стрымання галоўнаму рэдактару «Нашай Нівы». Спатканне са сваякамі таксама не дазваляюць

Ягор Марціновіч звяртаўся з хадайніцтвам аб змене меры стрымання — пад асабістае паручальніцтва. Два вядомыя беларускія навукоўцы падалі заявы ў СК, гарантуючы, што гатовыя паручыцца з Марціновіча. Аднак следчы адхіліў хадайніцтва.

__bun_nn_20200610_8126_1dsgv.jpg


Таксама родным Ягора Марціновіча адмаўляюць у спатканні з ім. У дакуменце адзначаецца, што прадастаўленне спаткання з роднымі «не спрыяе ўсебаковаму, поўнаму і аб’ектыўнаму вывучэнню абставінаў крымінальнай справы», піша «Наша Ніва». Варта адзначыць, што родныя Ягора не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу і не маюць ніякага дачынення да заведзенай справы.

Пайшоў другі месяц, як Марціновіча трымаюць у СІЗА. За гэты час з ім ні разу не праводзілі аніякія следчыя дзеянні.

Яму прад’яўлена абвінавачванне па ч.2 арт. 216 КК (нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання). Сэнс прэтэнзіяў у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасобаў. Следчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Мінэнэрга» быў нанесены ўрон — 3,5 тысячы рублёў. У «злачынны» перыяд уваходзіць 2017-2021 год. Варта адзначыць, што да 2019 году Ягор Марціновіч увогуле не займаў кіруючых пасад. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася. Таксама абвінавачаным па справе праходзіць кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, з 18 ліпеня ён пад вартай, як і Марціновіч. Нашаніўцы прызнаныя палітвязнямі.

Нагадаем, пры затрыманні Ягор Марціновіч быў збіты аператыўнікамі. Калі яго даставілі на допыт у СК, давялося выклікаць хуткую дапамогу. Медыкі зафіскасавалі траўму галавы. На Акрэсціна нашаніўцы наўмысна ўтрымліваліся ў нечалавечых умовах, аднак ні пракуратура, ні мінская міліцыя, якой падпаракоўваецца ізалятар часовага ўтрымання, парушэнняў не знайшлі.

3-га верасня ў Ягора дзень нараджэння. Калі ласка, падтрымайце яго! Ва ўмовах пераследу лісты — адзінае, што дапамагае трымацца.

Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1