Таццяна і Кастусь Севярынцы: «Мы аптымісты, і мы дачакаемся сына!»

Мы прыехалі ў госці да Таццяны і Кастуся Севярынцаў у Віцебск, каб паразмаўляць пра тое, адкуль яны бяруць сілы, што думаюць пра будучыню краіны і як выхоўваюць сваіх унукаў. Таццяна сустрэла нас смачным абедам і гарачай кавай, а Кастусь — вясёлымі гісторыямі пра сваю журналісцкую дзейнасць.

had_7420_logo.jpg

Таццяна: Цяпер нам цяжкавата, бо калі бачыш, як шалее ўлада, і не ведаеш, да якой ступені яна страціць розум, ды яшчэ пандэмія, то іншы раз стае пытанне: ці ўбачым сына? Я па жыцці звыкла звязвацца з Паўлам кожны дзень. У нас вельмі моцная эмацыйная сувязь. Мне дастаткова голас пачуць — я ўжо ведаю, у якім ён настроі і стане. У першым лісце, які Павел напісаў ужо з Валадаркі, ён выбачаўся, што не паразмаўляў са мною, калі я тэлефанавала напярэдадні затрымання. Ён вельмі спяшаўся туды, на Камароўку. Але мы аптымісты, і мы дачакаемся сына.
Кастусь: А я супакойваю сябе такім вось выслоўем: сёння яны нас, а заўтра мы іх.
— Што надае вам моцы?
Кастусь: Я ў гэтых варунках раблю тое, што ўмею рабіць. Напрыклад, магу зарыфмаваць некалькі радкоў, кожную нядзелю выстаўляю ў сацсетках чарговы вершык, прысвечаны бел-чырвона-беламу сцягу. І Паўлу я дасылаю гэтыя вершы, ён чытае іх сукамернікам.
Таццяна: Я кожны дзень раблю нейкі маленькі ўнёсак у агульную справу. Часцяком знаходжу сабе прыгоды, тады пачынаюцца суды…
Кастусь: Тады пачынаецца: «Прынясі мне тапкі, там трывожны чамаданчык мой стаіць, і не забудзь ваду». А я ўсё гэта забываю, а потым бегаю, купляю. Заходжу ў РАУС, там гэтыя камеры... Я крычу: «Мамка, ты тут?», а мне з адной з камер: «Тут, тут!» Ну, пасмяёмся — і ўсё. Вядома, у такім узросце заперці чалавека ў камеру, у адзіночку… Ну, яны спецыяльна гэта робяць.
— Павел даволі рана вызначыў свае прынцыпы, і заўсёды рашуча адстойваў іх. Вы яго заўсёды падтрымлівалі?
Таццяна: Я заўсёды ведала, што ён не робіць нічога дрэннага, што ён адстойвае справядлівасць. А як інакш?
Кастусь:
Па-першае, гэта наш сын, гэта мы выхавалі яго. Чалавек з сям’і выйшаў. Зараз узгадваю, што сам ён крыху сумняваўся. Калі Паўла пасадзілі першы раз на Валадарку, ён яшчэ студэнтам быў, перажываў, як бацькі паставяцца. Не магу сказаць, што мы паставіліся спакойна, бо гэта было жудасна — на Валадарку, да бандытаў, да забойцаў! Таму складана было. Спачатку здавалася, што хутка ўсё пройдзе, наладзіцца.

had_7431_logo.jpg

— Павел прыняў Хрыста падчас свайго першага арышту ў 1998 годзе. Ці можна сказаць, што ён выйшаў тады з Валадаркі іншым чалавекам?
Таццяна: Ён вярнуўся вернікам. Для мяне гэта было настолькі нечакана! Сям’я ў нас была звычайная, свецкая. Мой хлопчык, рафінаваны такі інтэлігент, які заўсёды быў любоўю сясцёр, з якога бабулі пыл здзьмувалі, аказаўся ў невыносных умовах. Было страшэнна, што маё дзіця праз такое праходзіць. Цяпер я ўжо сама ведаю, што гэта такое. Тым не менш, не магу дачытаць яго кнігу «Каменнае сэрца». Там ён апісвае жахі зняволення. Калі дачытаю, пэўна адразу памру.
Кастусь: Ён вярнуўся не іншым чалавекам. Павел проста ўпэўніўся ў тым, што яго прынцыпы слушныя, што ён змагаецца за дабро са злом, што ён на правільным шляху.
— Вы калі-небудзь раілі Паўлу з’ехаць з краіны?
Кастусь: Адразу, адназначна і, думаю, у два галасы: не!
У адным з маіх вершаў ёсць такія радкі:
«Мне не трэба тое неба,Дзе чужое сонца.Мне б агеньчык,мне б праменьчыкЗ роднага ваконца.На святло і на цяпельцаПаімкнуся-мкнуся,Бо да смерці маё сэрцаРазам з Беларуссю».
Вось гэта мой прынцып і прынцып майго сына.
Таццяна: Мы давалі яму выбар. Можа, недзе ў глыбіні, шкадуючы яго, гледзячы на тое, што адбываецца… Я б ведала, што мне так было б спакайней. Але мы былі ўпэўнены, што сын гэтага не зробіць ніколі.

taccjana_pavel.jpg


— Які з перыядаў зняволення сына стаў для вас самым цяжкім?
Таццяна: Калі Пашу першы раз узялі, яшчэ ў 1998 годзе, я нават страціла прытомнасць. Але сёння ўлада проста выйшла з берагоў і вось гэтым брудам, гэтымі памыямі залівае ўсё вакол сябе.
Кастусь: Усе перыяды цяжкія, кожны па-свойму. Маральна яны Паўла не зломяць ніколі. Адзінае, чым яны могуць яму дасадзіць, — губіць здароўе. Гэта яны ўмеюць, і гэта невыносна.
Дарэчы, у 1998-м я быў вядомым журналістам. Сувязі ў мяне былі высокія. І вось набіраю начальніку ў пракуратуру, кажу: «Дапамажы!» А ён адказвае: «Лепш бы твой сын забіў каго-небудзь, увечары сядзеў бы дома».
— Атрымліваецца, што ўсё жыццё Павел змагаецца не з нейкай там уладай, а з канкрэтным чалавекам — Лукашэнкам.
Кастусь: Не, ён не змагаецца з Лукашэнкам! Яго прынцып — не супраць Лукашэнкі, а за краіну. Ну, а Лукашэнка... Прыйдзе час, калі будуць казаць, што ён проста нейкі дзяржаўны дзеяч у часы Паўла Севярынца.
— Ці прадчувалі вы, што гэтыя выбары прывядуць сына да чарговага зняволення?
Таццяна: Вядома, прадчувалі. Толькі думалі — калі? Перад мітынгам на Камароўцы Паша быў тут, у Віцебску. Ён нават прасіў мяне, каб не ішла туды, таму што ведаў, чым гэта можа скончыцца. Калі яго забралі, я ведала дакладна, што Паўлу налічаць як мага больш парушэнняў, каб даваць раз за разам па пятнаццаць сутак. Але на той момант я нават не думала, што гэта будзе турма. Потым Пашу змясцілі ў карцар, тады ўжо я адчула, што пагроза ёсць. Калі скончыліся суткі, я прыехала ў Мінск, каб дапамагчы Вользе з Францішкам (жонка і сын Паўла), супчык Пашаў улюбёны зварыла… А ўвечары патэліў следчы. Так мы даведаліся, што Паша яшчэ не хутка выйдзе… Вядома, крымінальную справу ўзбудзілі ні за што. Але народ так моцна ўзняўся, што было зразумела: Паўла, моцнага лідара, не выпусцяць. Інакш бы гісторыя ў нас была ўжо зусім іншая. Усіх тых людзей, у якіх ёсць лідарскія якасці, яны трымаюць у зняволенні, таму што супраць гэтых людзей, супраць духу свабоды і волі яны — ніхто, з усімі сваімі стрэльбамі, шчытамі, шаломамі…

had_7448_logo.jpg


— Як часта да вас даходзяць лісты ад сына з Валадаркі, пра што ён піша?
Таццяна: Цяпер нам прыйшоў сорак пяты ліст. Як мы разумеем, каля дзясятка нашых лістоў Паўлу недзе згубіліся. Я нястрыманая ў сваіх эмоцыях, я вельмі жадаю, каб гэты цэнзар, які вычытвае мае лісты, хоць што-небудзь зразумеў. Аднойчы дзяўчынка даслала Паўлу малюнак з бел-чырвона-белым сцягам. Прыходзіць нам ліст ад Паўла з гэтым малюнкам, а там усё перакручана, іншыя колеры, нейкія свастыкі… Паша ў лісце пытаецца: «Мамачка, што гэта значыць?» Я ведаю, чыя дачушка гэты малюнак даслала, папрасіла арыгінал, і зразумела, што гэта цэнзар пашкодзіў малюнак. Ці мог разумны чалавек, які паважае сябе, такое зрабіць?
Кастусь: Павел піша, што ў дзень атрымлівае да сарака лістоў і ўсім імкнецца адказаць. Піша, што сядзіць у камеры-двойцы, што адмовіўся ад дачы паказанняў, што яму змянілі следчага. Дарэчы, ведаю, калі прыйшоў новы следчы, Паша заўважыў у яго крыжык на шыі і спытаў: «Вы што, верыце ў Бога?», а той пачаў свідраваць яго поглядам. І Паша пачаў свідраваць яго поглядам. Сын кажа, што следчы так дваццаць секунд паглядзеў і адвёў вочы. А Павел заўсёды адмаўляецца ад дачы паказанняў і кожнаму следчаму кажа: «Ідзіце і пакайцеся, што вы робіце?»
— Вольга, жонка Паўла, звяртаецца да вас па дапамогу?
Таццяна: Яна стараецца абыходзіцца сама, але мы звязваемся амаль штодня. Учора, напрыклад, размаўлялі. Волечка кажа, што верыць у лепшае, але рыхтуецца да горшага. Яна вельмі спадзявалася, што да новага года Паша выйдзе. Але побач яе сын, Францішак. Дзеткі заўсёды падтрымліваюць.

Сям'я Севярынцаў

Сям'я Севярынцаў

— Ці атрымліваецца ў вас жыць не толькі пакутамі сына, але і знаходзіць моц для звычайнага жыцця, звычайных радасцяў?
Таццяна: Жыццё — яно такое. У нас сем унукаў. І акрамя Пашы ў нас дзве дачушкі — Ганна і Дашанька. Для мяне гэта такая радасць, калі ўнукі прыязджаюць. Да таго ж ёсць сяброўкі, з якімі можам сустрэцца і паразмаўляць. У нас цудоўная каманда БХД, ініцыятыва «Віцебск — горад наш!», мы шмат чаго дамагліся ў горадзе. Такая я натура, неспакойная. Цяжка дзень перажыць, калі ты, як той Мюнхгаўзэн, нейкі подзвіг не здзейсніў, хоць бы маленькі!

Сям'я Севярынцаў

Сям'я Севярынцаў

— Ці ёсць у вас адчуванне хуткай перамогі?
Таццяна: Трэба мець на ўвазе, што нас 26 гадоў катавалі, знішчалі і рыхтавалі па сутнасці да гэтага дня. Распавяду адну гісторыю. Мы вярталіся з чарговага суда, і адна жанчына зрабіла мне заўвагу: «Як ты можаш спакойна размаўляць з ахоўнікамі?» А я заходжу, вітаюся з імі, два пальцы паказваю… Яны ўжо мяне ведаюць, пашпарт не патрабуюць, пытаюцца, як мае справы. І вось я той жанчыне тлумачу, што, па-першае, яны не маюць ніякага дачынення да катаванняў. Гэта людзі, а з людзьмі трэба размаўляць так, як жадаеш, каб з табой размаўлялі. Жанчына пачала мяне пераконваць, што я буду той, якая даруе ўсім, калі мы пераможам. Гэта мяне моцна закранула. Кажу ёй: «Слухай, калі я стаяла ў пікетах яшчэ ўвосень 2019 года, адна пад бел-чырвона-белым сцягам, альбо нас стаяла дванаццаць чалавек на Плошчы Перамогі, на вачах усіх гэтых ціхушнікаў, якія нас здымалі, чаму цябе не было побач?» Яна кажа, што прачнулася толькі 9 жніўня. І я адказала: «Дзякуючы таму, што ты прачнулася толькі 9 жніўня, мы жывем так, як жывем. Ты спрыяла злачынству, якое зараз адбываецца. Вось там царква, пакайся і тады ўжо нешта мне кажы, каб было справядліва».
Таму ўсе тыя людзі, якія прачнуліся толькі 9 жніўня, альбо тады, калі Бабарыка ці Ціханоўскі абвясцілі кампанію, — гэта цудоўна. Але вы павінны разумець, што гэта ўсё адбываецца таму, што вы так доўга спалі. А цяпер давайце разам думаць, ад кожнага з нас усё залежыць. Таму што шмат хто палез зноў у гэтую гнойную кучу. Палезлі, таму што баяцца. Учора я размаўляла з сястрой, яна распавяла мне пра знаёмых, якіх прымушалі падпісваць ліст ад прафсаюзаў. Я пытаю: «І беглі падпісваць?» Яна кажа: «А што ім рабіць?» Ну, калі яны падпісалі, то няхай ведаюць, што разам з тым падпісалі сабе і сваім дзецям прысуды. Таму прадчування вельмі хуткай перамогі, на жаль, у мяне няма.

had_7379_logo.jpg


Кастусь: Даваць прагнозы ў такіх варунках — няўдзячная справа. Калі б мне хто-небудзь у 1985 годзе сказаў, што СССР ляснецца, я б проста пасмяяўся. А ўсё здарылася за тры дні. Так і тут. Перамены абавязкова будуць.
— Цяпер маладым людзям бывае цяжка, бо не заўсёды бацькі падтрымліваюць іх пазіцыю і прынцыповасць. Што б вы сказалі такім бацькам?
Таццяна: Ведаю такія гісторыі, яны вельмі балючыя! Я б нават не сказала, я б здзівілася, як можа вось гэтая пачвара быць даражэй за ўласнае дзіця? Гэта ж ваша крывінка! А тое — хто яно вам? Сваё дзіця паспрабуйце хаця б зразумець.
Кастусь: Тут я з Таццянай на сто адсоткаў згодны. Наш пасыл адзіны: прыслухоўвайцеся да сваіх дзяцей, разумейце, любіце іх, верце ім, безаглядна верце! Ім жыць, гэта іх будучыня.  
Фота Паўла Хадзінскага і з асабістага архіву сям’і Севярынцаў