У яго аптэцы і рэстаране заўсёды вісела мапа Беларусі

Фармацэўт-гамеапат, актыўны дзеяч беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі і Бельгіі Лаўрын Клыбік (1928-2005) — мой зямляк. Ён нарадзіўся 23 кастрычніка 1928 года ў вёсцы Хадзявічы на Слонімшчыне. Сябраваў з маім бацькам. Але Другая сусветная вайна іх сяброўства спыніла.

lauryn_klybik_logo.jpeg


Лаўрын Клыбік нарадзіўся ў вясковай багатай сям’і. Бацька да арганізацыі калгасаў меў 25 гектараў уласнай зямлі. Але пасля вайны, калі на Слонімшчыну прыйшла савецкая ўлада, і пачалі сілаю ўсіх заганяць у калгас, сэрца маладога гаспадара не вытрымала, і ён у 1953 годзе памёр. Без бацькі засталіся 6 дзяцей. Лаўрын у гэты час быў ужо за мяжой.
Калі немцы адступалі, яны вывозілі са Слоніма, што маглі. Забралі таксама вучняў са школы, у тым ліку і Лаўрына. У чэрвені 1944 года іх дэпартавалі ў Нямеччыну, пасля — у Францыю капаць акопы, будаваць лінію абароны супраць амерыканцаў. Але доўга не прыйшлося там працаваць, бо фронт наблізіўся вельмі хутка.
Амерыканцы вызвалілі падлеткаў і ўсіх накіравалі ў спецыяльны лагер. Людзей пачалі сартаваць па краінах іх паходжання. Лаўрына палічылі палякам, бо паходзіў ён з Заходняй Беларусі. Польскае войска на Захадзе шукала тады маладых і здаровых людзей, каб пакрыць свае страты ў Італіі. Польскага беларуса залічылі ў войска генерала Андэрса. Адначасова з вайсковай падрыхтоўкай, юнак праходзіў курсы вайсковых радыётэхнікаў. Атрымаўшы дыплом, ён трапіў у танкавую дывізію.

Лаўрын Клыбік з жонкай

Лаўрын Клыбік з жонкай

Ваенная завіруха загнала юнака са Слонімшчыны праз Польшчу, Нямеччыну, Італію ажно ў Англію. Каб не губляць марна час і падвучыць англійскую мову, Лаўрын запісаўся на курсы з праграмай сярэдняй школы. Пасля дэмабілізацыі ён стаў працаваць у аптэцы памочнікам фармацэўта. Працуючы ў аптэцы, беларус заўсёды ўспамінаў Бацькаўшчыну, родную вёску і словы маці: “Вучэцеся, дзеткі, вучэцеся, бо навука — гэта скарб, які ніхто ніколі не зябярэ”. І Лаўрын вырашыў вучыцца, атрымліваць адукацыю. Ён пачаў хадзіць на вячэрнія курсы ў Лонданскі “Фінчлі-каледж”. І ў 1952 годзе атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі і выехаў у Бельгію.

Лаўрыны Клыбік з жонкай і дзецьмі

Лаўрыны Клыбік з жонкай і дзецьмі

У Бельгіі Лаўрын Клыбік паступіў на фармацэўтычны факультэт Лювэнскага ўніверсітэта, пасля заканчэння якога атрымаў дыплом аптэкара. А потым здаў яшчэ дадатковыя экзамены і стаў працаваць кіраўніком аптэкі ў Бруселі, потым у Мехалене, а ў 1966 годзе адкрыў уласную аптэку. Добры кантакт з кліентамі, карысныя парады аптэкара пачалі прыцягваць людзей. Ён нават сам стварыў некалькі прэпаратаў, якія да сённяшніх дзён карыстаюцца попытам не толькі ў Бельгіі, але і ў іншых краінах.
У 1977 годзе беларус са Слонімшчыны зацікавіўся гамеапатыяй (гамеапатыя — слова грэчаскага паходжання, складаецца з двух слоў: homoios — падобны і рathos — хвароба, што адзначае “лячыць падобным”), паступіў на вячэрнія курсы гамеапатычнай школы ў Бруселі, а праз чатыры гады адкрыў сваю ўласную лабараторыю.
Пасля абароны навуковай працы “Кава і яе ўздзеянне на чалавечы арганізм” Лаўрэн Клыбік быў прыняты ў Асацыяцыю гамеапатаў Бельгіі. Яго праца выклікала вялікую зацікаўленасць у многіх краінах Еўропы. Яна была апублікавана ў медыцынскіх выданнях Францыі, Бельгіі і Беларусі. У 1994 годзе Лаўрын Клыбік выдае працу, прысвечаную праполісу. А ў 1995 годзе выдаецца яго даследаванне “Уплыў радыеактыўнасці на жывыя арганізмы”. Яно выйшла на французскай мове ў Бруселі.
  

Навуковыя працы Лаўрына Клыбіка

Навуковыя працы Лаўрына Клыбіка

З 1994 года Лаўрын Клыбік часта наведваў сваю Бацькаўшчыну. У 1996 годзе ў Мінску ў Скарынаўскім цэнтры ён выступіў з дакладам “Гісторыя гамеапатыі”. У сваім выступленні наш суайчыннік распавёў не толькі пра гамеапатыю ў цэлым, але і пра тое, ці можна гамеапатычнай медыцынай лячыць радыяцыю. Спадар Клыбік распавёў пра тое, як ён у 1994 годзе ездзіў у забруджаны радыенуклідамі раён Валожыншчыны. Яго і калег па даследаваннях шчыра сустракалі ў Валожынскай бальніцы і стварылі ўсе ўмовы для працы. Там Лаўрын Клыбік апраменьваў сваёй лактозай ваду і алкаголь. А потым у Бруселі ў сваёй лабараторыі прыгатаваў гамеапатычны лек. Назваў яго RAČК (радыеактыўная чарнобыльская катастрофа). Падчас выступлення Лаўрын Клыбік прывёў шэраг прыкладаў, адзін з іх, дзе RAČК вылечыў сабаку. Потым гэтымі лекамі ён пачынаў лячыць людзей, якія былі апраменены чарнобыльскай радыяцыяй. Спадар Клыбік тады казаў: “RAČК дае надзею, хоць пакуль і невялікую, што выбраны метад гамеапатычнага лячэння ракавых захворванняў можа быць карысным. Гэты метад яшчэ ў зародкавым стане. Яго трэба развіваць супольнымі сіламі шматлікіх лекараў, працавітых і сумленных, напоўненых ідэалам знайсці дапамогу фізічную і маральную для людзей, якія пацярпелі ад чарнобыльскай трагедыі. Адзін чалавек у гэтай галіне фізічна не ў стане выканаць заданне…”. Спадар Клыбік заклікаў супольна змагацца супраць хваробаў ад Чарнобыльскай катастрофы. Але час на Беларусі хутка памяняўся і да прапаноў беларускага суайчынніка ніхто не прыслухаўся і не падтрымаў.

Лаўрын Клыбік (справа) з роднымі братамі Уладзімірам, Пятром і Міхасём, а таксама сястрой Валяй сустрэліся на Слонімшчыне

Лаўрын Клыбік (справа) з роднымі братамі Уладзімірам, Пятром і Міхасём, а таксама сястрой Валяй сустрэліся на Слонімшчыне

А тады, сапраўды, Лаўрын Клыбік пачынаў наладжваць супрацоўніцтва з беларускімі медыкамі для апрабавання гамеапатычных сродкаў супраць хвароб, выкліканых радыяцыяй на тэрыторыі Беларусі. “Хоць усё маё свядомае жыццё праходзіць далёка ад Беларусі, — казаў Лаўрын Клыбік. — Я заўсёды думаю, як дапамагчы людзям на Бацькаўшчыне”.
І гэта сапраўды так. І дапамагаў усім, чым мог. А для музея “Беларусы ў свеце”, які тады існаваў у Мінску пры Цэнтры імя Францыска Скарыны, ён перадаў некалькі каштоўных рэліквій. Гэта вышыты беларускім арнаментам касцюм, у якім Лаўрын Клыбік выступаў у час вучобы ў Лювенскім універсітэце, дакументы, фотаздымкі 1940-1950-х гадоў, звязаныя з жыццём і дзейнасцю беларускай эміграцыі.
У 1997 годзе Лаўрын Клыбік прымаў удзел у Другім з’ездзе беларусаў свету. Ён наведаў родную Слонімшчыну, вёску Хадзявічы, дзе нарадзіўся. Сустрэчы з ім былі цікавыя і шчырыя, бо сам слонімец быў унікальным чалавекам. Ён яшчэ валодаў беларускай, рускай, нямецкай, англійскай, польскай, яўрэйскай мовамі. А каб вывучыць яшчэ і кітайскую, адкрыў рэстаран, запрасіўшы кухара з Кітая. І вось што цікава, на reception у яго рэстаране, а таксама ў аптэцы, заўсёды вісела мапа Беларусі, дзе была адзначана яго родная вёска. Ён ганарыўся Беларуссю і тым, што беларус.
Дарэчы, 23 кастрычніка Лаўрыну Клыбіку споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння.
Фота з архіва аўтара