У лідара партыі БНФ Рыгора Кастусёва каронавірус, адвакатку да яго не пускаюць

Адвакатка Інэса Аленская не змагла сустрэцца з лідарам партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым, які з вясны знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Напярэдадні яна спрабавала ўбачыць свайго падабароннага, аднак ёй адмовілі ў сустрэчы.


Адвакатцы патлумачылі, што сустрэча немагчымая, таму што ў Кастусёва каранавірус. Аднак раней, нагадвае дачка палітыка, ім казалі, што, ужо знаходзячыся ў СІЗА, палітык атрымаў дзве дозы вакцыны супраць COVID-19, паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на БелаПАН.

Дачка палітыка Кацярына распавяла пра апошні ліст бацькі, які сям'я атрымала 25 жніўня. У ім ён піша, што адчувае сябе дрэнна. У сярэдзіне ліпеня ў яго западозрылі анкалагічнае захворванне. У жніўні нарэшце звазілі на абследаванне, але пра вынікі родным не распавядаюць.

Раней сям'я «прасіла правесці ўсе неабходныя абследаванні і прыняць тэрміновыя меры па лячэнні бацькі». Але ім адказалі, што Кастусёў «атрымлівае поўны курс лячэння, прызначанага ў адпаведнасці з рэкамендацыямі лекараў-спецыялістаў».

«Але ў лісце за гэтыя ж дні тата скардзіцца на прыступы, амаль як былі раней. Ад вялікай колькасці лекаў у яго з’явіліся праблемы з ныркамі», — распавяла Кацярына Кастусёва.

Усе хадайніцтвы аб змене меры стрымання і пераводзе палітыка пад хатні арышт у сувязі са станам здароўя засталіся без задавальнення.

Кацярына нагадала, што «па выніках УГД ад 22 ліпеня стаяла пытанне аб тэрміновай аперацыі, але да гэтага часу ўсё ў застоі». Родныя асцерагаюцца за жыццё палітыка.

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове. Адначасова былі затрыманыя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, а таксама юрыст з ЗША беларускага паходжання Юрый Зянковіч. Праз некалькі дзён Аляксандр Лукашэнка заявіў аб затрыманні групы, якая планавала замах на яго і яго дзяцей, і звязаў гэта са спецслужбамі ЗША.

Затрыманым былі прад’яўленыя абвінавачванні па ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: