«Здзяйсняў мару пра свабоду». Сёння дзень народзінаў Аляксея Караля

Сёння галоўнаму рэдактару «Новага Часу» Аляксею Каралю споўнілася бы 76 гадоў. Зусім не ўзрост па цяперашнім часе. Але лёс склаўся па-іншаму: 12 верасня 2015 года Аляксей Сцяпанавіч пакінуў гэты свет пасля цяжкай хваробы. Вельмі шкада, што менавіта цяпер яго няма з намі. Але мы працягваем справу і ганарымся тым, што імя Аляксея Караля жыве ў «Новым Часе».

2014.09_alaiseki_karol_barauliany_1.jpg


Мы сабралі ўспаміны розных людзей пра Аляксея Караля.

«Адданы сын свайго народу»

«Гэта спадар Аляксей вярнуў нам добрае імя Усевалада Ігнатоўскага, славутага гісторыка і палітыка, па падручніку якога пазнавала гісторыю моладзь 20-х гадоў мінулага стагоддзя ў час актыўнага станаўлення беларусаў як нацыі, якое тады інтэнсіўна адбывалася ў савецкай і падпольскай Заходняй Беларусі.
Аляксей Кароль шмат зрабіў для станаўлення ў постсавецкай Беларусі дэмакратычная перыядычнага друку. Спачатку заснаваў і выдаваў газету сацыял-дэмакратаў «Згода», цягам года пераадольваў бюракратычныя прыпоны, каб аднавіць заснаваную Кастусём Тарасавым газету «Новы Час». Патрапіў зрабіць яе аўтарытэтным выданнем. Найбліжэй мы сышліся з Аляксеем Каралём за перыяд яго рэдагавання гэтай газеты: сустракаліся, гаварылі. Пераканаўся, які гэта светлы быў чалавек, шырока арыентаваны ў грамадска-палітычных і культурных рэаліях, аб’ектыўны ў ацэнцы людзей.
Ці не галоўная рыса яго характару — быў дзейны і плённы ў сваёй працы. Сардэчнай дабрыні чалавек. Адданы сын свайго народу. Глыбока зацікаўлены ў яго дэмакратычнай будучыні, нацыянальнай незалежнасці, беларускай дзяржаўнасці. Толькі ў іх бачыў перспектыву поўнага раскрыцця духоўнага, творчага патэнцыялу свайго народа».


Арсень Ліс, доктар філалагічных навук, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў

«Чалавек з вялікай літары»

«Я пазнаёміўся са спадаром Аляксеем у 1999 годзе, калі ён прыехаў у Стакгольм разам з прадстаўнікамі розных палітычных партыяў і прыняў удзел у абедзе з нашым міністрам замежных спраў Аннай Лінд. Калі не памыляюся, ён у апошні момант замяніў Міколу Статкевіча, які, здаецца, па нейкай прычыне быў невыязным.
Спадар Аляксей тады ўразіў сваёй інтэлігентнасцю і разважлівасцю. Калі потым мы зноў сустрэліся ў Менску, я яму казаў, што мне яшчэ больш спадабаўся Кароль-журналіст, чым Кароль-палітык. Няхай іншыя рэдактары не пакрыўдзяцца, але я лічу "Новы Час" самай прафесійнай беларускай газетай.
Але, мабыць, больш за ўсё мне падабаецца Кароль-чалавек. Чалавек з вялікай літары, які ўмеў слухаць іншых, які меў сваю прынцыповую пазіцыю, якую спакойна і аргументавана абараняў і даводзіў.


Стэфан Эрыксан, былы пасол Швецыі ў Беларусі

«Чалавек з адкрытай душой і палымяным сэрцам»

«З Аляксеем Каралём, кандыдатам гістарычных навук, я пазнаёміўся ў 1975 годзе — сорак гадоў таму. У той час ён працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП Беларусі, а я — загадчыкам рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве выдавецтва "Навука і тэхніка" АН БССР.
Аляксею Сцяпанавічу я дасылаў на рэцэнзаванне рукапісы па гісторыі Беларусі ў асноўным партыйнай тэматыкі, патрыятычнага падполля, партызанскага руху гісторыкаў Інстытута гісторыі АН БССР. Ягоныя рэцэнзіі адрозніваліся глыбокім аналізам, слушнымі заўвагамі па тэксце, дакладнымі і зразумелымі высновамі. Сваімі заўвагамі ён дапамагаў аўтарам дапрацоўваць рукапісы.
Усё Аляксей Кароль рабіў з душою, натхнёна.Такое нашае супрацоўніцтва доўжылася шмат гадоў. Многія "падапечныя" з падзякаю ціснулі яму руку за ягоны ўклад у іхныя поспехі. (...) Аляксей Кароль быў чалавекам з адкрытай душой і палымяным сэрцам. Ён быў сапраўдным светачам у цёмнай прасторы аўтарытарызму нашай краіны. Ён пакінуў свой прыкметны след у гісторыі нашай Бацькаўшчыны як журналіст і выдавец газет "Згода" і "Новы Час", як аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі, паліталогіі і інтэрв'ю з нашымі сучаснікамі».


Анатоль Валахановіч

«Жыццё без скаротаў»

Ігар Мельнікаў першы з нас назваў Аляксея Караля анёлам. Я думаю, кожны калега пагодзіцца з гэтым найменнем. З супрацоўнікамі «Новага часу» здаралася рознае — аварыі, дэкрэты і замежныя стажыроўкі — і нашы траўмы ён прымаў як асабісты боль, нашых дзяцей — як асабістую радасць, а нашыя не-журналісцкія дасягненні — як асабісты гонар. Са мной, напрыклад, здарылася самае страшнае для публіцыста — глыбокі творчы крызіс, праз які я больш за год не змагла напісаць ані радка пра беларускую культуру. Я тады ўзялася за вялікі падлеткавы раман — і спадар Аляксей не проста з разуменнем паставіўся да такой дзіўнай творчай паўзы, а вельмі ўзрадаваўся, што раман пішацца, і гэта прыносіць мне радасць. Пра гэта была наша апошняя размова.
Аляксей Кароль не скарачаў нашы тэксты — і жыццё пражыў такое самае: поўнае, насычанае, без скаротаў. Калі не браць да ўвагі гэты апошні, фатальны скарот — заўчасная смерць ад падступнай хваробы. Я дзякую Аляксею Каралю за тое, што ён быў з намі, і аплакваю яго сыход.


Марыя Мартысевіч, літаратарка

«Верыў у журналістаў больш, чым яны самі ў сябе»

«Я шчаслівая, што ў нейкі момант абрала рэдакцыю “Новага Часу” ў якасці патэнцыйнага месца працы (а рэдакцыя, ці Кароль абралі мяне). Свабоду, безумоўную павагу да асобы не раздаюць на кожным скрыжаванні. Мне падаецца, што рэдактар Кароль часта верыў у журналістаў больш, чым яны самі ў сябе. Гэта натхняе, надае моцы і ўпэўненасці. Перакананая, што да высокай, а не прыніжальнай, ацэнкі іншых здольныя людзі, якія поўныя самі вераю ў ідэалы, у чалавека, урэшце аптымісты».


Вольга Хвоін, журналістка

«Аб'яднаў самых розных людзей»

«Беларускі гісторык і грамадзянін — ён не проста летапісец, але і адказны ўдзельнік гісторыі. Я памятаю, як падчас выбараў 2001 года, калі працавалі над тэкстамі ў штабе Домаша, прапановы Аляксея Сцяпанавіча заўсёды былі трапнымі і вельмі змястоўнымі. І памятаю ўсмешку мудрага чалавека, які ведае, якія жарты любіць гісторыя.
Палітык у часы, калі сама палітыка скавалася лёдам, ён засяродзіўся на справах выдавецкіх. Аляксей Кароль аб’яднаў самых розных людзей, ён шукаў у чалавеку лепшае, выслухоўваў кожнага, ненавязліва і далікатна падтрымліваў. Ён клапаціўся, каб напоўніцу раскрыўся творчы патэнцыял чалавека — і радаваўся поспехам.
Сумленны і інтэлігентны чалавек — ён не проста выдатны рэдактар і выбітны арганізатар, але і асветнік. Ён адукоўваў чытачоў газеты, але і нас — супрацоўнікаў — проста сваімі паводзінамі, сваёй мудрасцю і разуменнем.
У апошняе карціне Аляксея Сцяпанавіча 90-я гады выглядаюць сном, забытай і няздзейсненай марай пад знакам Пагоні. Як падкрэслівае аўтар, Беларусь здабыла незалежнасць, але яшчэ не здабыла дэмакратыі.
Аляксей Кароль здзяйсняў гэтую мару пра свабоду. Штодзённай руплівай працай, клопатам пра агульную справу, павагай да чалавека. Менавіта таму ён нікуды не сышоў. Ён тут, у нашых сэрцах». 

Андрэй Расінскі, журналіст, кінакрытык

***

Дарэчы, Аляксей Кароль мог зрабіць выдатную кар'еру, атрымаўшы накіраванне ў інстытут гісторыі партыі. Але ён паслухаўся Генадзя Бураўкіна і пачаў узмоцнена вучыць беларускую мову — дзеля таго, каб данесці народу праўду пра нашу гісторыю. Успамінамі пра Аляксея Караля дзеліцца яго сябра дзяцінства — гісторык, краязнаўца і паэт Лявон Цімохін.