Вырваць Савок

Дзень 8 снежня трэба зрабіць у Беларусі дзяржаўным святам. Для нашай краіны ён таго, безумоўна, варты. Але ж лягчэй вырваць рэспубліку з Саўка, чым вырваць з рэспублікі Савок.

(С) Вася Ложкін

(С) Вася Ложкін

Калі ў свой час, таксама з нагоды юбілею развалу СССР, я браў інтэрв’ю ў Леаніда Краўчука, той сказаў, быццам і не мог падпісаць нічога іншага, што працягвала б існаванне Украіны ў складзе СССР — бо ва Украіне быў рэферэндум, які зацвердзіў яе як незалежную дзяржаву.
У Беларусі нічога падобнага не было.
Калі некаторыя дэпутаты тагачаснага парламента сцвярджаюць, што дзяржаўным святам трэба рабіць дзень надання Дэкларацыі аб суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закону… Прабачце, шаноўныя, гэта тады, на фоне паразы путчу — канвульсіўнай спробы выратаваць Саўдэпію, якая скончылася правалам, дзякуй Богу, амаль без крыві, — мала хто заўважыў (апроч вас саміх, канешне). Падзея, якая адбылася 8 снежня, была невымерна важнейшай.
8 снежня 1991 года, калі быў дэнансаваны саюзны дагавор, пасля чаго Савецкі Саюз нарэшце спыніў сваё нягеглае існаванне, Беларусь атрымала фактычны суверэнітэт.
Да таго ж, гэта адбылося на нашай тэрыторыі, у нашай краіне.
Таму дастаткова нам у якасці дзяржаўных святаў трох дзён: Дня Волі (25 сакавіка), Дня Незалежнасці (27 ліпеня, калі была прынятая Дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі) і Дня Дзяржаўнасці — 8 снежня.
Колькасць выходных у сувязі з гэтым не зменіцца, калі — адназначна! — скасаваць дзень бальшавіцкага перавароту, дзень вызвалення Мінска 3 ліпеня, дый «Першамаем» можна лёгка ахвяраваць.
Аднак святы — святамі. Глыбейшая праблема палягае ў іншым. З таго часу і па сёння.
Паводле сацыялагічных апытанняў, 56% расіян шкадуюць аб распадзе Савецкага Саюза. Гэта роўна ўдвая перавышае колькасць тых, хто не шкадуе (28%).
Ясна, што на гэта ўплывае настойлівая дзяржаўная прапаганда, якая з савецкай мінуўшчыны скарыстоўвае не ідэі «светлай будучыні», а імперскую веліч. Але ж гэта лягло на прыдатную глебу: у Расіі з часоў Ельцына была выразная туга якраз па гэтай страчанай велічы. Што за Пуціным і было скарыстана напоўніцу.
У Беларусі, дзе Савецкі Саюз у адной асобна ўзятай рэспубліцы пачалі аднаўляць значна раней, усё ж іншы фармат: тут, хутчэй, «Савок у калгасным варыянце». Але, на жаль, глеба гэтаксама была прыдатнай, што і выявілася ў 1994 годзе падчас першых — і апошніх сапраўдных — прэзідэнцкіх выбараў. Аляксандр Лукашэнка не тое што не хаваў, што ён «савок», — ён сваю савецкасць падкрэсліваў. Нават з дапамогай відавочнай хлусні, калі ў перадвыбарчай кампаніі актыўна скарыстоўвалася дэзінфармацыя, быццам Лукашэнка і быў адзіным дэпутатам, які прагаласаваў супраць Белавежскіх пагадненняў (насамрэч гэтым адзіным быў Валер Ціхіня, у далейшым старшыня Канстытуцыйнага Суда).
Ясна, што можна тую настальгію па Саўку патлумачыць цяжкасцямі пераходнага перыяду — але ж не толькі ў гэтым рэч. У некаторых людзей (не бяруся вызначаць іх колькасць, працэнтныя суадносіны і да т.п.) мазгаўня гэтак завёрнутая. Вось быў Савецкі Саюз, якога ўсе баяліся, які быў «в области балета впереди планеты всей», Алімпіяды выйграваў і ў космас лятаў. Чэргі за зялёнымі бананамі, як прыватны прыклад, пры гэтым не ўлічваюцца. Прычым Беларусь жа была ў гэтым плане не горшай — у Расіі наагул быў жах (гаворка не пра Маскву і Ленінград).
У космас лёталі, пардон-с, з непадцёртаю дупаю (гэта ў тым сэнсе, што ў «вялікай дзяржаве» быў дэфіцыт, у ліку іншага, туалетнай паперы).
Наконт таго, што нібыта «Гарбачоў разваліў Савецкі Саюз». Гэта ж, як мая бабулька казала, «у галаве мякіна». Гарбачоў за Савецкі Саюз трымаўся да апошняга, што проста натуральна, на ягонай пасадзе. Мо ён «разваліў» — проста тым, што дазволіў людзям уголас казаць, чым яны незадаволеныя? А незадаволеных было столькі, што дзяржава ляснулася? Дык грош цана такой дзяржаве.
Наконт таго, што тры мужыкі «па п’янцы развалілі вялікую дзяржаву» — па вялікім рахунку, тое ж самае. Жыццяздольныя сістэмы не развальваюцца. Ці можна ўявіць, каб тры губернатары сабраліся і «развалілі» Злучаныя Штаты Амерыкі? або тры прэм’еры нямецкіх земляў «развалілі» Германію?
«Развалілі» нежыццяздольную сістэму, дурную імперыю, якая ў гістарычным плане і не магла існаваць. Працягнула 70 гадоў — то бок, адно чалавечае жыццё; а колькі чалавечых жыццяў пры гэтым загубіла!
У нашай краіне, на вялікі жаль, на гэтым ніколі засяроджваліся. На «трыбунал над камунізмам», пра які было столькі гаворкі ў свой час, амаль ужо і забыліся. Хаця не зусім: філосаф Уладзімір Мацкевіч прапанаваў абвясціць надыходзячы год — стагоддзе з вялікай трагедыі — Годам антыкамунізму. Зразумела, што на дзяржаўным узроўні за Лукашэнкам нічога падобнага быць не можа — але ўвогуле прапанова цалкам слушная.
Бо на самай справе, галоўным чынам, перафразуючы класіка — «савок не ў клазетах, савок у галовах». І, перайначваючы іншага класіка — «трэба па кроплі выціскаць з сябе саўка». Ну, хаця б, як мінімум, па кроплі.