Абмежаванні з прасторай для манеўра. Ці сапраўды санкцыі ЕС можна лічыць жорсткімі?

Сектаральныя санкцыі ЕС хоць і зʼяўляюцца беспрэцэдэнтнымі, але ўключаюць у сабе некаторыя агаворкі, якія будуць змякчаць іх эфект для Беларусі. Між тым, Еўрасаюз пакідае за сабой магчымасць у далейшым павялічыць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў залежнасці ад сітуацыі, піша «Белсат».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

24 чэрвеня Еўрасаюз упершыню ў гісторыі ўвёў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі сектаральныя санкцыі. Пад удар трапіў экспарт і транзіт нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў, а таксама вытворчасць тытунёвых вырабаў. Беларусі абмежаваны доступ да фінансавага і банкаўскага рынку Еўрасаюза. Акрамя таго, еўрапейскаму бізнесу і дзяржаўным структурам забаронена наўпрост ці праз пасярэднікаў гандляваць з Беларуссю тэхналогіямі кантролю інтэрнэту, таварамі падвойнага прызначэння, вайсковымі і паліцэйскімі таварамі.
Санкцыі закранулі ключавыя сектары беларускай эканомікі, якія забяспечваюць значную частку экспарту краіны. Паводле ацэнак даследчай кампаніі InComeln, нават без уліку сектаральных абмежаванняў цяперашнія санкцыі могуць каштаваць Беларусі да 7% ВУП. А пры ўмове дадатковых санкцыяў з боку ЗША і ЕС страты наагул могуць скласці 15-18% экспарту, да 20% імпарту і да 12-14% ВУП. Гарады, дзе размешчаны прадпрыемствы нафтахіміі, сутыкнуцца з сурʼёзнымі сацыяльнымі праблемамі. Таксама пацерпіць банкаўскі сектар і прадпрыемствы, якія абслугоўваюць вонкавагандлёвыя здзелкі.
Аднак да гэтых высноваў кампанія InComeln прыйшла да таго, як стаў вядомы канкрэтны змест сектаральных абмежаванняў. Між тым, апублікаваныя 24 чэрвеня санкцыі ЕС маюць шэраг нюансаў, якія дазваляюць па-рознаму ацэньваць іх магчымыя наступствы.

Жорсткі ці мяккі варыянт?

Напрыклад, газета «Коммерсант» лічыць, што сектаральныя санкцыі Еўрасаюза пакуль аказаліся «даволі мяккімі». Паводле выдання, з беларускіх нафтапрадуктаў пад забарону патрапілі толькі пастаўкі бітуму, нафтавых газаў і парафінаў, тады як ключавыя тавары – бензін і дызельная паліва – пакуль санкцыяў пазбеглі. Аналагічным чынам санкцыі ўведзены толькі ў дачыненні да тэхнічнага калію з утрыманнем K2O менш за 40% і больш за 62% (выкарыстоўваецца ў хімічным сектары і металургіі). Тады як асноўны экспартны тавар – калій з утрыманнем 40-60% K2O – пад санкцыі не патрапіў.
Аднак выглядае на тое, што ў дачыненні нафтапрадуктаў «Коммерсант» памыляецца. Паводле афіцыйнага часопіу ЕС, пад абмежаванні трапілі 5 чатырохзначных таварных макракодаў. У назвах гэтых катэгорыяў тавараў сапраўды нічога не гаворыцца пра бензін або дызельнае паліва.

Катэгорыі тавараў з Беларусі, што трапілі пад забарону. Крыніца: eur-lex.europa.eu

Катэгорыі тавараў з Беларусі, што трапілі пад забарону. Крыніца: eur-lex.europa.eu


Але кожная з гэтых таварных катэгорыяў падзяляецца на дадатковыя з вычарпальным пералікам тавараў, якія маюць ужо васьмізначныя коды. Сярод іх як раз можна знайсці і аўтамабільнае паліва. Пры гэтым у асноўным дакуменце няма ўдакладненняў, якія б сведчылі пра нейкія выключэнні з агульнага спісу.

У Афіцыйным часопісе ЕС можна знайсці поўны пералік тавараў па кожным макракодзе. Крыніца: eur-lex.europa.eu

У Афіцыйным часопісе ЕС можна знайсці поўны пералік тавараў па кожным макракодзе. Крыніца: eur-lex.europa.eu


Адначасова ў рашэнні ЕС ёсць агаворка: санкцыі не закранаюць кантракты, заключаныя да 25 чэрвеня 2021 года, або дадатковыя пагадненні, неабходныя для выканання папярэдніх кантрактаў. Такім чынам, імгненнага эканамічнага эфекту ад гэтых абмежаванняў чакаць усё ж не варта.
Экспертка ў нафтагазавай галіне Таццяна Манёнак канстатуе, што санкцыі супраць беларускай нафтаперапрацоўчай галіны – гэта «вельмі істотна». Аднак больш магутным удар быў бы ў тым выпадку, калі б да санкцыяў далучылася Украіна – буйны пакупнік беларускіх нафтапрадуктаў. «Напрыклад, для Мазырскага НПЗ асноўны рынак – гэта рынак Украіны», – падкрэслівае экспертка.
Таццяна Манёнак таксама падкрэслівае, што Беларусь у любым выпадку будзе шукаць схемы абыходу санкцыяў. Магчыма, рабіцца гэта будзе пры дапамозе невялікіх расійскіх кампаніяў-пасярэднікаў, якія не баяцца страціць еўрапейскі рынак.
«Натуральна, гэта прывядзе да стварэння больш доўгага ланцужку і, магчыма, зніжэння канкурэнтаздольнасці беларускіх нафтапрадуктаў. Таму валютная выручка будзе ў любым выпадку зніжана. Але Беларусь будзе шукаць шляхі абыходу санкцыяў», – кажа яна.
У выніку шмат будзе залежыць ад таго, наколькі дасканала ў Еўрасаюзе стане адсочвацца ўвесь шлях нафтапрадуктаў на еўрапейскі рынак.

«Санкцыі адносна калійнай галіны крышку адкладзеныя»

Больш абгрунтавана выглядаюць высновы «Коммерсанта» адносна калійных угнаенняў. У адрозненні ад нафтапрадуктаў, тут Еўрасаюз уключаў у санкцыйны спіс тавары не па агульным чатырохзначным кодзе, а па васьмізначным – то-бок кропкава. Таварны код 3104 20 50, які як раз і ўключае калій з утрыманнем 40-60% K2O, пад абмежаванні не трапіў.
Акрамя таго, санкцыі таксама не закранаюць кантракты, заключаныя да 25 чэрвеня.

Катэгорыі тавараў з Беларусі, што трапілі пад забарону. Крыніца: eur-lex.europa.eu

Катэгорыі тавараў з Беларусі, што трапілі пад забарону. Крыніца: eur-lex.europa.eu


«З трох кодаў прадукцыі, якую мы прадаем, у прадстаўленым дакуменце прысутнічаюць два. Для нас важны кожны від тавару, па-за залежнасці ад абʼёмаў, што пастаўляюцца – сапраўды гэтак жа, як бацькі любяць сваіх дзяцей па-за залежнасці ад узросту ці статусу. Мы будзем працягваць працаваць у існых рамках, прыкладаючы ўсе намаганні для выканання нашых абавязкаў перад партнёрамі», – заявілі агенцтву БелТА ў Беларускай калійнай кампаніі, каментуючы санкцыі.
Таццяна Манёнак мяркуе, што санкцыі ЕС у дачыненні калійнай галіны сапраўды можна лічыць адносна мяккімі.
«Можна сказаць, што санкцыі адносна калійнай галіны крышку адкладзеныя. Пастаўкі на 2021 год ужо сфармаваныя і новых кантрактаў будзе, напэўна, няшмат. Таму сітуацыя сур’ёзна пакуль не зменіцца. Але, безумоўна, негатыўныя наступствы санкцыяў будуць адчувацца потым, пры заключэнні новых кантрактаў. Відавочна, што Беларусі будзе больш складана весці перамовы пра кошты, пра новыя кантракты з Кітаем, Індыяй і г.д, калі будзе страчаны еўрапейскі рынак», – адзначыла экспертка ў размове з belsat.eu.
Наагул Еўропа не з’яўляецца галоўным пакупніком беларускага калію – напрыклад, летась на еўрапейскія краіны прыйшлося толькі 8% ад калійнага экспарту. Асноўнымі пакупнікамі беларускага калію з’яўляюцца Бразілія, Кітай, Індыя і Інданезія.

Санкцыі на транзіт угнаенняў праз краіны ЕС могуць стварыць істотныя праблемы для Беларусі з пункту гледжання лагістыкі экспарту, паколькі тады адзіным варыянтам стануць расійскія парты. Магчымасць пераарыентацыі шляхоў паставак беларускіх узгаенняў з Літвы на Расію абмяркоўваецца даўно, але, як падкрэслівае газета «Коммерсант», дагэтуль ніякіх канкрэтных дамоваў на гэты конт няма.
ЕС захоўвае магчымасць істотна павялічваць ціск

Адносна мяккі варыянт санкцыяў супраць калійнай галіны не варта лічыць сюрпрызам. 22 чэрвеня міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што санкцыі Еўрапейскага саюза ў дачыненні сектара ўгнаенняў будуць уводзіцца паэтапна, «каб яны не ахапілі ўвесь сектар адразу». То-бок пералік прадуктаў, якія Беларусі будзе забаронена экспартаваць праз ЕС, будзе пашырацца паступова, патлумачыў міністр.
Такі падыход Еўрасаюза мае пэўныя тактычныя перавагі. Замест таго, каб адразу выкарыстаць увесь арсенал санкцыйных механізмаў, Брусель пакідае для сябе магчымасць істотна павялічваць ціск на рэжым Лукашэнкі ў залежнасці ад таго, як улады ў Беларусі будуць рэагаваць на сітуацыю. ЕС такім чынам атрымлівае больш шырокую прастору ў далейшым.Сам факт таго, што ЕС упершыню ў гісторыі пайшоў на ўвядзенне сектаральных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, сведчыць: палітыка Бруселю ў дачыненні дыктатуры пасля скандалу з самалётам Ryanair змянілася змястоўна. Раней Захад меў да Лукашэнкі прэтэнзіі выключна этычна характару – парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, фальсіфікацыя выбараў і г.д. Гэта супярэчыла еўрапейскім каштоўнасцям, але наўпрост не ўяўляла пагрозы для грамадзянаў ЕС. Пасля інцыдэнту з рэйсам Афіны-Вільня Лукашэнка ў вачах Захаду пераўтварыўся ў праблему бяспекі, а гэты ўжо іншы ўзровень прыярытэтнасці праблемы. Імклівае ўвядзенне сектаральных санкцыяў (няхай і з некаторымі агаворкамі) даказвае, што ў гэтым новым кантэксце Еўрасаюз гатовы дзейнічаць адносна рэжыму Лукашэнкі значна больш рашуча.
Ігар Ільяш belsat.eu