«Ад поспехаў у барацьбе з думказлачынствамі фінансавая стабільнасць толькі псуецца»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» распавядае пра «ўскосныя санкцыі», тое, якім чынам беларускія ўлады спрабуюць выратаваць фінансавую сістэму, і да чаго гэта ў выніку можа прывесці.


Спачатку ў беларускіх уладаў скончыліся дыпламатыя і знешняя палітыка. А цяпер, падобна пачынаюць ламацца банкі разам з фінансавай сістэмай. І, трэба сказаць, што два гэтых працэсы звязаныя паміж сабой самым непасрэдным чынам.

На днях выявілася, што ўслед за Deutsche Bank і Raiffeisen Bank іншыя заходнія банкі таксама закрываюць свае рахункі ў беларускіх банках, якія трапілі пад санкцыі. Пры гэтым, зноў жа, бягучыя санкцыі спынення разлікаў праз беларускія банкі не патрабавалі. Калі заходнія банкі закрываюць рахункі — гэта іх такая асабістая ініцыятыва.

Матывы, на самай справе, учора вельмі добра патлумачыла асацыяцыя дрэваапрацоўшчыкаў Латвіі. Прычым, гэтая асацыяцыя якраз незадаволеная санкцыямі супраць беларускіх уладаў. Летась латвійскія дрэваапрацоўшчыкі купілі ў Беларусі лесу на 177 мільёнаў долараў, а пасля ўвядзення санкцый з закупкай лесу ўзніклі праблемы. Таму што латвійскія банкі не хочуць абслугоўваць здзелкі. А калі абслугоўваюць, то спачатку патрабуюць ад латвійскіх дрэваапрацоўшчыкаў даказаць, што іх партнёры ў Беларусі не маюць дачынення да фінансавання беларускіх уладаў.

Гэта значыць, у дачыненні да беларускіх уладаў і ўсяго, што з імі можа быць звязана, працуе прэзумпцыя абсалютнай вінаватасці. І для заходніх банкаў, вядома, прасцей адмовіцца ад пераводаў, чым праводзіць кожны раз стамляючыя расследаванні і шукаць доказы невінаватасці кліента.

І для беларускіх банкаў гэта азначае спачатку страту даходаў, а потым — сыход кліентаў. Прынамсі тых, да каго ўлады не змогуць прымяніць пазаэканамічныя метады пераканання. Але нават ад тых, якія застануцца, карысць у яе грашовым выражэнні для банкаў моцна паменшыцца.

І, вядома, улады не могуць кінуць на волю лёсу які-небудзь Беларусбанк. Таму што Беларусбанк — усё-ткі палова банкаўскай сістэмы краіны. І калі ў цяжкі момант не дапамагчы яму матэрыяльна, то нічога добрага банкаўскую сістэму не чакае.

Вось у жніўні Банк развіцця размясціў аблігацыі на мільярд рублёў. І, па дзіўным збегу абставінаў, якраз у жніўні палітыка Нацбанка па памяншэнні колькасці грошай у арганізме беларускай эканомікі дала расколіну. За месяц рублёвая грашовая маса вырасла на 2,2 адсотка, — пасля таго, як тры папярэднія месяцы яна толькі скарачалася.

А на днях ужо Беларусбанк абвясціў аб размяшчэнні аблігацый на 600 мільёнаў рублёў. І можна, вядома, выказаць здагадку, што ўсе гэтыя каштоўныя паперы купілі паспяховыя беларускія экспарцёры накшталт БелАЗ, МАЗ або Трактарнага завода. Але мы ж з табою разумеем, што паспяховым экспарцёрам трэба спачатку даць грошай, каб яны потым маглі што-небудзь купіць.

І не мае значэння на самай справе, якія складаныя схемы ўлады прыменяць, каб дапамагчы банкам. Таму што колькі б звёнаў ні было задзейнічана ў гэтым ланцужку фінансавання, у канчатковым рахунку крыніц фінансавання можа быць толькі дзве. Ці то бюджэт, і тады ўраду трэба будзе павялічваць яго дэфіцыт і/або скарачаць выдаткі. Ці тое, што прынята называць друкавальным станком. І тады, ратуючы банкі, можна неспадзявана не ўтрымаць рубель.

Напэўна, удзельнікам і рэгулятарам беларускага фінансавага рынку трошачкі крыўдна. Таму што праблемы беларускай банкаўскай сістэмы ніяк не звязаныя з пралікамі ў фінансавай палітыцы. Проста сучасны свет уладкаваны такім дзіўным чынам, што ад поспехаў у барацьбе з думказлачынствамі фінансавая стабільнасць толькі псуецца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: