Азбука паліталогіі. Краіна нявыкананых заданняў

У беларускай мадэлі, калі глядзець на яе з космасу з дапамогай айчыннага спадарожніка дыстанцыйнага зандавання Зямлі, можна ўгледзець мноства добрых якасцей. Іншая справа, што такой магчымасцю валодаюць нешматлікія асобы. На шчасце, схільнага да публіцыстыкі старшыню Прэзідыума НАН РБ, акадэміка Уладзіміра Гусакова можна смела прылічыць да ліку гэтых абраных.

Зямля з космасу падобная да шара, а беларуская мадэль паўстае ў выглядзе Беларускай мадэлі развіцця (БМР). Адчуваеце розніцу?

Слова акадэміку: «Незалежная, збалансаваная і досыць эфектыўная сацыяльна-эканамічная палітыка, якая паслядоўна рэалізуецца нашай дзяржавай ужо больш за чвэрць стагоддзя, ва ўмовах самага жорсткага міжнароднага ціску і абмежаванасці ўласных прыродных рэсурсаў стала найважнейшым дасягненнем. Карэнным чынам змяніліся аграрная, прамысловая, энергетычная, сацыяльная сферы».

З чатырох сфер, вылучаных акадэмікам, прапаную найперш засяродзіцца на прамысловасці.

Зандаванне нацыянальнай эканомікі з космасу

23 сакавіка адзіны палітык (АП) наведаў ААТ «Мінскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне». Для тых, хто сочыць за падобнымі лёсавызначальнымі падзеямі, гэта быў рэмейк візіту на ТАА «Мотавелазавод». Галоўнае адрозненне палягала толькі ў тым, што ў першым выпадку гаворка ішла аб праблемах вытворчасці ровараў і матацыклаў, а ў другім — аб праблемах гарбарнай галіны.

Візіт у Гатава пачаўся з пытання пра плошчы, якія займае прадпрыемства. Паводле слоў генеральнага дырэктара Вольгі Палітыка, «прадпрыемства размясцілася на тэрыторыі 27 га, аднак палова тэрыторыі не задзейнічаная. Там стаяць пустыя і непрыдатныя будынкі».

А цяпер з дапамогай прэс-рэлізу, запазычанага на галоўным сайце краіны, перанясёмся на Партызанскі праспект: «У цяперашні час значная частка тэрыторыі “Мотавела” не выкарыстоўваецца. Частка будынкаў струхлелі, патрабуюць рамонту і рэканструкцыі, а часам і зносу».

Цікава, ці бачныя пустыя і непрыдатныя будынкі на плошчах беларускіх прамысловых флагманаў з космасу? Падчас зандавання родных прастораў спадарожнік здольны адрозніць вытворчыя будынкі, якія патрабуюць рамонту, ад тых, якія падлягаюць зносу?

Акадэмік, які зандуе стан нацыянальнай эканомікі з космасу, такімі дробязямі не цікавіцца. Ён думае маштабна: «Метадалагічнай асновай беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі стала арганічная сукупнасць сістэмнага і інстытуцыйнага падыходаў». Але пералік вартасцей беларускай мадэлі развіцця на гэтым не заканчваецца: «Сёння беларуская сацыяльна-эканамічная мадэль, як вядома, характарызуецца развітой сістэмай дзяржаўнага кіравання, незалежнай шматвектарнай знешнеэканамічнай палітыкай, якая базуецца на прыярытэце нацыянальных інтарэсаў, роўнасцю форм уласнасці, развітой сацыяльнай палітыкай і сістэмай сацыяльных гарантый».

Оптыка-электронная апаратура айчыннага спадарожніка вырабленая на беларускім прадпрыемстве «Пеленг». З зандаваннем поспехаў на макраўзроўні ён спраўляецца паспяхова, што і дазваляе акадэміку разважаць пра роўнасць усіх форм уласнасці і сацыяльныя гарантыі. Іншая справа — «больш за 8 мільёнаў рублёў запазычанасці перад мясакамбінатамі за пастаўленую сыравіну, што павіслі на шыі». Для фіксацыі такіх дробязей патрэбная цэйсаўская оптыка. Але ж дзе яе ўзяць?

З запазычанасцямі і ў айчынных вытворцаў матацыклаў і ровараў справы ідуць не лепшым чынам. Асноўны спосаб іх ліквідацыі — указы АП. Але адным указам справа не абмяжоўваецца. Указам пра спісанне даўгоў, як правіла, папярэднічаюць указы пра льготы.

Вянчае ж «арганічную сукупнасць сістэмнага і інстытуцыйнага падыходаў» прапанова па стварэнні чарговага холдынгу. Аб’яднаннем вытворцаў у большасці выпадкаў топ-адміністратары не абмяжоўваюцца. У моду сёння ўваходзяць холдынгі вытворча-гандлёвыя. Пажадана, пад эгідай аднаго з вытворцаў.

Пра тое, наколькі такога кшталту адміністрацыйныя ноу-хау аказваюцца эфектыўнымі, можна меркаваць па стратах галаўной арганізацыі дрэваапрацоўчага холдынгу «Івацэвічыдрэў», якія склалі ў 2020 годзе 64,6 мільёна рублёў.

Праблема заслонкі

Але вернемся ў Гатава. Тыя, хто мае вушы, хай пачуюць: «Прыйшоў час адказваць — вы ўносіце прапановы, якія выключаюць прынятыя рашэнні. Ні адно з даручэнняў не выканана (вылучана. — С.Н.). Вось яна, галіна, — на адным прадпрыемстве. Тут трэба перапрацаваць усе шкуры, якія ёсць у Беларусі. Вы перапрацавалі? Не. Вы забяспечылі гарбарнай сыравінай абутковую, мэблевую, галантарэю і іншае? Не забяспечылі».

БМР, як нам раней пераканаўча растлумачыў акадэмік, «характарызуецца развітой сістэмай дзяржаўнага кіравання». У краіне, якая адкрывае гарызонты ў будучыню за кошт фарміравання касмічнай, атамнай, біяхімічнай і іншых сучасных галін, без высокаэфектыўнага менеджменту не абысціся. Нездарма ж пры АП функцыянуе Акадэмія кіравання, якая асвоіла масавую падрыхтоўку кіраўнікоў «новай генерацыі».

На жаль, аўтар «Азбукі паліталогіі» не валодае інфармацыяй пра колькасць такіх на ААТ «Мінскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне». Але Вольга Палітыка, генеральны дырэктар прадпрыемства, мяркуючы па наяўнасці дыплома Акадэміі кіравання (2016), да «новай генерацыі» належыць. Тым не менш, вінаваціць яе ў няздольнасці перапрацоўваць «усе шкуры» я б не спяшаўся. Дырэктарствуе яна крыху больш за год. Аднак і шанцаў выконваць у поўным аб’ёме даручэнні, на якія такі шчодры АП, у яе няшмат. Жыццёвы досвед — сын памылак цяжкіх — служыць таму зарукай.

Як і яе ўсходні сусед, беларуская «моцная дзяржава» здольная здабываць прыбытак толькі з прыроднай рэнты. Па прыклады далёка хадзіць не даводзіцца. Студзень-люты БМР нечакана скончыла хай і з сімвалічным, але з плюсам (0.8%).

Прычыну поспеху ўбачыць і неспецыяліст. Яна — у росце апрацоўчай прамысловасці на 7,5%. Хто ў лідарах? Можа, вытворцы тэкстылю, адзення, гарбарных вырабаў ды футра? Ды не, яны скурчыліся на 2%. У лідарах — вытворцы нафтапрадуктаў (+44,1%) і калійных угнаенняў (+60%).

БМР, аднак! Адкрые Расія нафтавую заслонку шырэй — расце ВУП, прыкрые — падае. Што ў такіх умовах застаецца рабіць яе галоўнаму архітэктару? Адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў прыпавесці «Трусы і ўдавы» пісьменніка Фазіля Іскандэра: «Ставіць натуральныя прычыны сабе ў заслугу, а памылкі лічыць натуральнымі прычынамі».

Скокі на адной назе

У нашых заходніх суседзяў, з якімі архітэктары БМР абменьваюць нафтапрадукты і ўгнаенні на высокатэхналагічную прадукцыю, карэнныя пераўтварэнні ў аграрнай, прамысловай, энергетычнай і сацыяльных сферах праходзяць без актыўнага ўдзелу дзяржаў. Як у іх гэта атрымліваецца?

Адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў «Азбуцы паліталогіі», апублікаванай у верасні 2018 года: «Краіны-лідары, сцвярджае расійскі публіцыст Георгій Сатараў, “з’яўляюцца пешаходамі на дзвюх нагах”. Адна нага — досыць эфектыўная дзяржава (улада), другая — развітая грамадзянская супольнасць. У кожнай нагі — свая функцыя. Дзяржава адказвае за падтрыманне стабільнасці, грамадзянская супольнасць забяспечвае адаптыўнасць да знешніх і ўнутраных выклікаў».

БМР скача на адной назе. А як далёка можна праскакаць такім арыгінальным чынам? Усё залежыць, па-першае, ад кірунку руху, па-другое, ад оптыкі, з дапамогай якой пройдзены шлях ацэньваецца.

З дапамогай оптыкі, вырабленай на «Пеленгу» і размешчанай у космасе, акадэмікі адсочваюць развіццё без праблем. Чаго не скажаш пра дактароў, а тым больш кандыдатаў навук. Але сапраўдная каштоўнасць развіцця не ідзе ні ў якое параўнанне з каштоўнасцю стабільнасці.

Пры ўсёй папулярнасці слогана «Эканоміка — галоўнае!» архітэктары БМР эканамічнае развіццё ніколі не разглядалі ў якасці мэты, а толькі як сродак. Мэтай жа з’яўлялася, з’яўляецца і будзе з’яўляцца ўлада. І гэтую асаблівасць БМР не варта зводзіць да своеасаблівасці канкрэтнай асобы. Ва ўладацэнтрычнай культуры іншага і быць не можа.

Таму свет ідзе сваім шляхам, а БМР — сваім. Ёй з астатнім светам не па дарозе. Як доўга будзе працягвацца дывергенцыя (ад фр. divergence — «разыходжанне») — сказаць складана. Але ў любой своеасаблівасці ёсць свая мяжа.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: