Азбука паліталогіі: У чаканні дасканалага заканадаўства

Калі хочаце ўбачыць за дрэвамі лес, варта выйсці з лесу. Складана ацаніць сістэму ў цэлым, калі знаходзіцца ўнутры сістэмы. Позірк увесь час чапляецца за канкрэтыку. Праблема, аднак, палягае ў тым, што любая складаная сістэма ўтрымлівае мільёны канкрэтных фактаў. Але сістэма — гэта не іх механічная сума. Яна ўзнікае як вынік бесперапыннага ўзаемадзеяння фактаў паміж сабой.

azbuka_palitalohii_novy_czas_logo.png


Паспрабую патлумачыць гэта з дапамогай культуролага Андрэя Пеліпенкі: «Бактэрыі, якія жывуць у страўніку нейкай істоты, калі ўявіць іх як разумных істот, могуць мець сваю “карціну свету”, свой гарызонт разумення падзей, якія адбываюцца з імі, працэсаў. Але гэты гарызонт фатальна абмежаваны іх функцыямі, і вобраз арганізма як цэлага ў іх уяўленні заўсёды паўстае скажоным. Пры гэтым іх уласная рэфлексія з нагоды “сэнсу жыцця” і да таго падобнага будзе даволі далёкай ад сапраўднага прызначэння функцый, якія яны выконваюць…»
За патокамі фактаў, што былі згенераваныя падзеямі лета 2020 года, не так проста ўгледзець працэсы. Акрамя дыстанцыі, для гэтага патрэбны і час. Таму любыя высновы, зробленыя сёння, акажуцца ў лепшым выпадку павярхоўнымі.
Адзінае, на што можна абаперціся, — гэта мінулы досвед. Беларускай мадэлі пайшоў 27-ы год. Наіўна было б чакаць, што яе рэакцыя на масавыя пратэсты сфарміравалася пад уплывам страхаў канкрэтнай асобы (асоб) у рэжыме «тут і цяпер». Памыляецца і той, хто лічыць, што стаў сведкам нараджэння ў грамадстве і дзяржаве чагосьці прынцыпова новага.

Тых, хто пайшоў у адрыў, не дагнаць

У Пасланні–2013 слова «мадэрнізацыя» згадвалася 49 разоў, у Пасланні–2020 — толькі 2 разы! Прыватны выпадак або тэндэнцыя? А калі тэндэнцыя, то якая яе прырода?
Прыгадаю словы эканаміста Якава Міркіна: «Ні адна мадэрнізацыя ў Расіі не праходзіла без “кантракта” з Захадам. Ад XVII стагоддзя да дыктатуры пралетарыяту. Сталінская мадэрнізацыя была запушчана не толькі рэпрэсіямі, але і масавымі пастаўкамі з ЗША і Германіі — заводаў, тэхналогій, абсталявання. Яе ключавая фігура — Альберт Кан, выбітны амерыканскі прамысловы архітэктар, які паставіў на паток больш за пяцьсот заводаў у СССР. Кантракт Кана з СССР склаў 2 мільярды долараў (каля $30 мільярдаў па цяперашніх цэнах)».
Да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 г.) тэрыторыя цяперашняй Беларусі была часткай заходняй цывілізацыі. На жаль, змена цывілізацыйнай ідэнтычнасці — не рэдкасць у гісторыі. Тое, што было, — сплыло, і за савецкі перыяд цывілізацыйны вектар у Беларусі канчаткова развярнуўся на 180.
Можна доўга спрачацца пра прычыны распаду СССР, але тое, што ён не даў рады пераходу ад індустрыяльнага да постіндустрыяльнага этапу развіцця, сумневаў не выклікае.
Гісторыя ведае мноства прыкладаў, калі індустрыялізацыя, з яе масавай вытворчасцю на гіганцкіх фабрыках, праводзілася пад кіраўніцтвам бюракратыі. Але постіндустрыяльная эканоміка без узмацнення асабістай аўтаноміі немагчымая. Тут колькі ні ўмацоўвай вертыкаль улады, колькі ні давай абавязковых да выканання ЦУ, тых, якія пайшлі ў адрыў, не дагнаць.
У 80-я гады я неаднаразова назіраў, як калегі ў СКТБ «Інтэграл» капіравалі заходнія мікрасхемы (распрацоўвалі аналагі). Паўтарыць іх подзвіг немагчыма. Мы адсталі назаўжды. Субмікронныя тэхналогіі не пра нас. Час запазычанняў скончыўся.
Сусветную статыстыку перапісвае В’етнам. Зразумела, з дапамогай найбуйнейшых IT-карпарацый. З В’етнамам яны супрацоўнічаюць, з Расіяй і Беларуссю — не. Але будаўнікоў Саюзнай дзяржавы гэта не засмучае. Нібы ліса з байкі Крылова, яны пераконваюць сябе ў тым, што ў такім супрацоўніцтве не маюць патрэбы.

Дэвальвацыя асноўнага стымулу

«На індустрыяльным этапе мадэрнізацыі адбываецца вызваленне ўлады ад рэлігіі, у той час як на постіндустрыяльным — вызваленне чалавека ад усюдыіснай улады», — сцвярджае кіраўнік праекта Сусветнага даследавання каштоўнасцей Рональд Інглхарт.
Не ўпэўнены, што па калідорах Палаца Незалежнасці блукаюць тыя, хто знаёмы з працамі амерыканскага сацыёлага. Але для ўсведамлення пагроз, якія нясе архітэктарам беларускай мадэлі постіндустрыяльная мадэрнізацыя, гэтага і не патрабуецца.
У жыцці часцей даводзіцца выбіраць не паміж добрымі і выдатнымі варыянтамі, а паміж дрэннымі і вельмі дрэннымі. Таму, калі эканамічнае развіццё вядзе да фарміравання аўтаномных ад улады грамадзян, то на эканамічным развіцці ставіцца крыж. Сам жа рэжым, арыентаваны на самазахаванне, быць суб’ектам развіцця не здольны. Постсавецкая гісторыя намаганняў па захаванні «Мотавелазавода» гэтую ісціну пацвярджае.
Мадэрнізацыя, якая даганяе, — гэта адказ расійскай мадэлі на знешнія пагрозы. На працягу амаль усёй гісторыі яны былі рэальнымі і выступалі ў якасці асноўнага стымулу для развіцця (ад лац. stimulus — «шост, якім паганяюць аслоў»).
Аднак час вырашэння спрэчных пытанняў з дапамогай ваеннай сілы скончыўся, што не адмяніла эканамічных, інфармацыйных і іншых гібрыдных войн. Не варта забываць і пра наяўнасць у галоўных праціўнікаў ядзернай зброі, здольнай ператварыць любую перамогу ў піраву.
Кардынальныя змены ў міждзяржаўных адносінах не дэвальвавалі патрэбы ў «вобразе ворага». Усё адбылося з дакладнасцю да наадварот. Дастаткова прыгадаць, як дзяржаўныя прапагандысты, што сутыкнуліся з масавымі пратэстамі ўнутры краіны, кінуліся палохаць беларусаў абрэвіятурай NATO. Абмяжуюся цытатай самага аўтарытэтнага: «Пад прыкрыццём “прынцыпу ратацыі” фактычна на пастаяннай аснове ў рэгіёне, у тым ліку на сумежнай з намі тэрыторыі, нарошчваецца групоўка войск NATO. У выніку ўзровень замежнай ваеннай прысутнасці ў рэгіёне сёння наогул не кантралюецца. Пастаянныя трэніроўкі войск ЗША і NATO скарачаюць тэрмін іх гатоўнасці да баявога прымянення…»

У адказ на запыт простых грамадзян

Пошук ворагаў на працягу ўсёй гісторыі беларускай мадэлі разглядаецца ў якасці галоўнай дзяржаўнай працы. Абуджэнне грамадства ад палітычнай спячкі павысіла яе актуальнасць на парадак, а заадно да завоблачных вышынь вырас і статус тых, хто на пошуку ворагаў спецыялізуецца.
Эфектыўнасць у XXI стагоддзі дасягаецца за кошт падзелу працы, таму збіццём «пратэстуноў» справа не абмяжоўваецца. Да праблемы вырашана падысці комплексна, пра што і нагадаў адзіны палітык 18 сакавіка на «нарадзе аб выкананні даручэнняў па ўдасканаленні заканадаўчых актаў у сферы забеспячэння нацбяспекі і аховы грамадскага парадку».
Падставай для ўдасканалення заканадаўства паслужыў «запыт простых грамадзян на забеспячэнне грамадскай бяспекі, захаванне парадку і міру ў краіне». Куды ж без яго?! Не па ўласнай жа ініцыятыве занепакоіліся на вяршыні «вертыкалі» аховай канстытуцыйнага ладу?
Сур’ёзна занепакоіліся. У артыкуле 25-м Асноўнага закона чытаем: «Ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму для яго годнасці абыходжанню ці пакаранню, а таксама без яго згоды падвяргацца медыцынскім або іншым доследам».
У якасці каментара прыводжу фрагмент з агляду ПЦ «Вясна» за 2020 год. «На дадзены момант ПЦ “Вясна” задакументавана больш за 1000 сведчанняў ахвяр катаванняў. Іх аналіз дазваляе сцвярджаць, што катаванні насілі масавы, сістэмны характар і з’яўляліся арганізаванай, палітычна матываванай карнай акцыяй улад па застрашванні беларускага грамадства».
****
І ў заключэнне каментар да каментара: «Мабілізацыя асобасных рэсурсаў пры адначасовым узбагачэнні іх якасці — праблема любой краіны, вымушанай ажыццяўляць тэхналагічныя мадэрнізацыі ў адказ на знешнія выклікі» (Аляксандр Ахіезер, гісторык).
На жаль, тэхналагічная мадэрнізацыя для беларускай мадэлі больш не актуальная. Такім чынам, спасылкі на 25-ы артыкул Канстытуцыі выглядаюць сёння анахранізмам. Мяркую, гэты факт не пройдзе міма чальцоў Канстытуцыйнай камісіі.