БДУІР услед за БНТУ падняў кошт навучання. Іншыя ВНУ таксама анансуюць падаражанне

БДУІР апублікаваў новыя расцэнкі на навучанне, якія пачнуць дзейнічаць з 1 верасня. Кошты выраслі. Іншыя ВНУ таксама анансуюць падаражанне.


Раней аб павышэнні кошту навучання заявілі ў БНТУ.

Кошты ў БДУІР выраслі як на дзённае, так і на завочнае навучанне. Да прыкладу, 1 і 2 год вочнай вучобы на факультэце камп’ютарных сістэм і сетак па ўсіх спецыяльнасцях каштаваў 3550 рублёў. У новым навучальным годзе кошт складзе 3900 рублёў — плюс 350 рублёў. Студэнтам-платнікам вочнай формы навучання факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання летась за першы курс трэба было заплаціць 3550 рублёў, за другі — 3390. Сёлета кошт вырасце да 3900 і 3720 рублёў адпаведна, паведамляе zerkalo.io.

Што тычыцца завочнага навучання, то ў БДУІР для ўсіх факультэтаў і спецыяльнасцей у мінулым годзе 1 і 2 курс навучання каштаваў 1280 рублёў, а ў гэтым — 1350. Кошт павялічыўся на 70 рублёў.

Новыя кошты можна паглядзець на сайце ўніверсітэта ў раздзеле «Аплата навучання».

У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце навучанне таксама падаражэе. Ва ўніверсітэце сказалі, што новыя расцэнкі з'явяцца на сайце ў бліжэйшы час.

У БДУ не змаглі сказаць, калі з’явяцца новыя расцэнкі на сайце ўніверсітэта і дзе іх паглядзець. Аднак у прыёмнай камісіі агучылі кошт навучання за першы курс на некалькіх факультэтах.

— «Журналістыка аўдыёвізуальная і міжнародная» — 4257 рублёў, «Вэб-журналістыка і інфармацыя і камунікацыя» — 4006 рублёў, — распавялі ў прыёмнай камісіі, калі наш журналіст патэлефанаваў туды як фізасоба. — На філасофскім факультэце спецыяльнасць «Філасофія» — 3293 рублі, «Сацыялогія», «Сацыяльныя камунікацыі», «Псіхалогія» — 4006 рублёў.

На філалагічным факультэце навучанне па ўсіх спецыяльнасцях, акрамя «Усходняй філалогіі», будзе каштаваць 3865 рублёў. «Усходняя філалогія» — 4500 рублёў. Зыходзячы з гэтага, можна сказаць, што вучоба па некаторых спецыяльнасцях падаражэла, таму што мінулы навучальны год навучання па спецыяльнасцях «Беларуская філалогія» і «Руская філалогія» каштаваў 2900 рублёў — гэта значыць, падаражэў на 965 рублёў. «Славянская філалогія» каштавала 3123 рублі — падаражанне на 742 рублі.

У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце таксама сказалі, што «новыя расцэнкі вось-вось з’явяцца, загад ужо ёсць».

— 2700 кошт быў па мінулым годзе (першы курс вочнага аддзялення. — Заўв. рэд.). Павелічэнне будзе дзесьці на 10%, — сказалі ў прыёмнай камісіі ўніверсітэта.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: