Беларусь пачала рамантаваць нафтаправод «Дружба», магчыма частковае спыненне прапампоўкі нафты

З 14 па 17 студзеня на ўчастку нафтаправода Мазыр — Брэст-3 будуць праходзіць рамонтныя работы. Пра гэта паведамілі ў дзяржкампаніі «Гомельтранснафта Дружба», якая з'яўляецца аператарам беларускага ўчастка нафтаправода «Дружба».

DPA/ТАСС

DPA/ТАСС

У кампаніі растлумачылі, што ў 2019 годзе было абследавана 1300 км беларускай «трубы». Міжнародная кампанія «Бэйкер Х'юз Тэхналогіі і Трубаправодны сэрвіс» падала справаздачу з рэкамендацыямі па рамонце дэфектаў. У выніку беларускі аператар плануе штомесяц праводзіць рамонты, прычым «ажыццяўленне работ спалучана са зніжэннем ціску ў трубаправодзе і частковым прыпыненнем перапампоўкі нафты».
З 14 студзеня «Гомельтранснафта Дружба» прыступіла да работ на двух участках магістралі Мазыр — Брэст-3, якія характарызуюцца значным назапашваннем аднародных дэфектаў у рамках адной секцыі трубаправода. Участкі знаходзяцца ў зоне з высокай антрапагеннай актыўнасцю паблізу населеных пунктаў і вадаёмаў, што нясе істотныя экалагічныя рызыкі дзейнасці прадпрыемства.
Плануецца, што рамонт на ўчастку Мазыр — Брэст-3 будзе доўжыцца да 17 студзеня, растлумачылі ў «Гомельтранснафта Дружба».
Аб зніжэнні ціску ў трубаправодзе і частковым спыненні перапампоўкі беларускі аператар апавясціў расійскую трубаправодную манаполію «Транснафта».
Як раней паведамляў «Інтэрфакс» са спасылкай на дарадцу прэзідэнта «Транснафты», прэс-сакратара Ігара Дзёміна, «гэта ўзгодненыя яшчэ ў пачатку снежня працы». «Мы спыненні і працы не анансуем, бо ў гэты час лягчэй за ўсё рабіць крымінальныя ўрэзкі. Але ў Беларусі падобна гэтай праблемы няма», — сказаў ён.
Рамонтныя работы пачаліся на фоне спрэчкі Мінска і Масквы з нагоды кошту на нафту. Пакуль сыравіна ў Беларусь паступае ў мінімальным аб'ёме. Пастаўкі ажыццяўляе толькі кампанія Міхаіла Гуцарыева. Буйныя нафтавыя кампаніі адмовіліся ад паставак без прэміі. Беларусь і Расія таксама яшчэ не дамовіліся наконт памеру тарыфу на транзіт расійскай нафты.
Варта адзначыць, што размовы пра рамонт нафтаправоду «Дружба» вяліся яшчэ ў 2019 годзе. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускі бок пры неабходнасці будзе закрываць нафтаправоды на рамонт, «таму што тое дабро, якое мы робім для Расійскай Федэрацыі, яно нам абарочваецца пастаянна злом».
Галоўны інжынер «Гомельтранснафта Дружба» Андрэй Вярыга паведаміў, што плануецца капітальны рамонт пяці ўчасткаў нафтаправода «Дружба», ужо ідуць праектныя працы.
Аднак афіцыйны прадстаўнік расійскай трубаправоднай манаполіі «Транснафта» Ігар Дзёмін сцвярджае, што выяўленыя дэфекты на нафтаправодах у Беларусі не патрабуюць прыпынку прапампоўкі. Паводле яго слоў, «Транснафта» гатова прадаставіць свае магчымасці для іх ліквідацыі.
tut.by