BEROC: у 2022 годзе ў Беларусі магчымы поўнамаштабны фінансавы крызіс

Адзін са сцэнараў развіцця сітуацыі мае на ўвазе, што беларуская эканоміка ў выпадку спаду ВУП можа адчуць фінансавы стрэс. А той здольны трансфармавацца ў поўнамаштабны фінансавы крызіс, адзначае «Белорусы и Рынок».

czyhunka__ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo__1_.jpg

Пра гэта гаворыцца ў аглядзе беларускай эканомікі ад цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC (Кіеў).

Улетку ў дачыненні да Беларусі было прынята некалькі новых пакетаў санкцый, частка з якіх сфарміравана па сектаральным прынцыпе, нагадваюць у BEROC.

На думку экспертаў, найбольшы макраэфект можна чакаць ад санкцыйных пакетаў Вялікабрытаніі і ЕС, якія прадугледжваюць забарону альбо абмежаванні на экспарт беларускіх нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў і інш.

"Зыходзячы з розных трактовак асноўных палажэнняў, гэтыя санкцыі закранаюць ад 10 да 13.5% усяго беларускага экспарту. Па шкале выпуску патэнцыйныя страты ад іх складаюць каля 6% ВУП на працягу 2-3 кварталаў пасля іх актывацыі. Пазней, за кошт галіновых узаемасувязяў і абмежаванняў у выкарыстанні абменнага курсу для згладжвання іх эфекту, страты будуць узрастаць аж да 10% ВУП", — гаворыцца ў аглядзе.

Патэнцыйныя страты, гіпатэтычна, улады могуць прадухіліць ці знізіць. Самым эфектыўным шляхам для гэтага бачыцца перанакіраванне "вызваленага" экспарту па іншых напрамках. Акрамя таго, могуць быць выкарыстаны і інструменты па лакалізацыі негатыўных эфектаў ўнутры падсанкцыйных галін, лічаць у BEROC.

"Гэта можа дазволіць нівеліраваць міжгаліновыя і другасныя эфекты распаўсюджвання шоку (падобная логіка ў дзеяннях уладаў мела месца ў перыяд пандэміі). Але праблема для ўладаў у тым, што поле для адпаведных дзеянняў часцяком ім непадуладнае зусім ці ж яны надзвычай абмежаваныя ў інструментах і магчымасцях уздзеяння на яго. Адсюль пакуль рэалістычнай бачыцца карціна, што апісаныя вышэй: патэнцыйныя страты на мяжы 2021-2022 гг. (калі асноўныя санкцыйныя палажэнні ўступаюць у сілу) будуць паступова трансфармавацца ў фактычныя. У гэтым выпадку важна таксама ўлічваць непазбежнасць узаемадзеяння паміж асобнымі эфектамі. Істотны спад ВУП прывядзе і да фінансавага стрэсу, які з улікам фінансавых санкцый, з вялікай верагоднасцю трансфармуецца ў поўнамаштабны фінансавы крызіс. Такое развіццё падзей пагражае абярнуцца глыбокай і працяглай эканамічнай дэпрэсіяй", — рэзюмуюць эксперты.