Беларусь і Расія дамовіліся аб аб’ёмах паставак нафты і новым парадку пералічэння экспартных пошлін

Беларусь і Расія дамовіліся аб аб’ёмах паставак нафты і новым парадку пералічэння экспартных пошлін на нафтапрадукты. Адпаведныя дакументы падпісаны сёння ў Астане.



nafta.jpg

У прыватнасці, падпісаны Пратакол аб унясенні змяненняў у Пагадненне аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў, а таксама Пратакол аб унясенні змяненняў у Пагадненне аб парадку выплаты і залічэння вывазных мытных пошлін пры вывазе з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза нафты сырой і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты. Абодва дакументы з беларускага боку падпісаў член Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ад Беларусі Сяргей Румас, , паведамляе БелТА.

Як растлумачыў журналістам пасля цырымоніі падпісання намеснік міністра фінансаў Беларусі Дзмітрый Кійко, прадугледжваецца, што ў 2015 годзе ў бюджэт Беларусі будзе залічана $1,5 млрд вывазных мытных пошлін ад экспарту нафтапрадуктаў, выпрацаваных з расійскай нафты. “Да 2015 года, уключаючы 2014 год, такія пералічэнні ў бюджэт Расійскай Федэрацыі Рэспублікай Беларусь ажыццяўляюцца ў поўным аб’ёме. Штогод гэтая сума складае ад $3,5 млрд да $4 млрд”, — адзначыў ён.

Па словах Дзмітрыя Кійко, дамоўленасць разлічана на доўгатэрміновы перыяд практычна да выхаду на адзіны рынак нафты і нафтапрадуктаў. “Пры гэтым маецца досыць гнуткі механізм перагляду гэтых гранічных сум. Беларускі бок такі механізм разумее як магчымасць паэтапнай поўнай адмовы ад пералічэння вывазных мытных пошлін у расійскі бюджэт”, — заявіў намеснік міністра.

Разам з тым Дзмітрый Кійко адзначыў, што задача максімум складалася ў поўнай адмове ад пералічэння вывазных мытных пошлін на адпаведную прадукцыю ў бюджэт Расійскай Федэрацыі ўжо з 2015 года, што ў прынцыпе і мае на ўвазе эканамічны саюз. “Але, паколькі гэтае пытанне досыць адчувальна і для Беларусі, і для Расіі, фарміраванне агульнага рынку адкладзена на досыць працяглы тэрмін. Суму ў $1,5 млрд мы разглядаем як першы этап выхаду на ўзаемаадносіны без гэтых абмежаванняў”, — сказаў намеснік міністра.

Дамоўленасці па пастаўках нафты журналістам пракаментаваў выконваючы абавязкі намесніка старшыні праўлення канцэрна “Белнафтахім” Уладзімір Сізоў. “Нам было вельмі важна на пераходны перыяд вызначыць аб’ёмы паставак нафты, каб мець стабільную загрузку нашых нафтаперапрацоўчых магутнасцяў, мець прымальны кошт на ўнутраным рынку і насычаць бюджэт за кошт экспартных паставак нафтапрадуктаў”, — сказаў ён.

Па словах Уладзіміра Сізова, двухбаковая дамоўленасць рэгулюе аб’ёмы пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. Так, у 2015 годзе агульны аб’ём паставак складзе 23 млн тон, у тым ліку 22 млн тон — трубаправодным транспартам. У наступныя гады аб’ёмы паставак павялічацца да 24 млн тон, і з іх 23 млн тон — трубаправодным транспартам.