«Белкаапсаюзу» загадалі пабіць «Ашан»

Дзіўная ў нас усё ж такі дзяржава, і не менш дзіўны ў нас урад. Усе даўно прызвычаіліся, што кошты на «сацыяльна значныя» тавары дзяржавай рэгулююцца. Але такога, каб дзяржавай рэгуляваліся зніжкі і акцыі, здаецца, не было нідзе.



182.jpg

Белкаапсаюз і дысконт — несумяшчальныя

Паклапаціўся пра зніжкі непасрэдна прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. Пэўна, яго ўразіла тое, што робіцца ў польскіх ды літоўскіх гіпермаркетах. Падчас нарады па сітуацыі ў сферы гандлю, ён зазначыў дрэнную працу Міністэрства гандлю і «Белкаапсаюза».

Паводле слоў прэм’ер-міністра, гэтыя структуры недастаткова ўвагі надаюць працы па стымуляванні спажывецкага попыту за кошт паўсюднага прадастаўлення скідак на тавары, правядзення рэкламных гульняў, акцый, распродажаў, мерапрыемстваў па раздачы пробных узораў тавараў і іншых рэкламных мерапрыемстваў, накіраваных на прасоўванне спажывецкіх тавараў.

У сувязі з гэтым Мясніковіч даручыў «распрацаваць і зацвердзіць мерапрыемствы па значным павелічэнні аб’ёму рознічнага таваразвароту ў тым ліку і за кошт новых форм і метадаў абслугоўвання», паведамляе прэс-служба Саўміна.

Пэўна, зараз «Белкаапсаюз» і Мінгандлю тэрмінова пачнуць набіраць прамоўтэраў, якія будуць стаяць за стэндамі і прасіць «пакаштаваць самы смачны маянэз ад Мінскага маргарынавага завода».

Ці купіцца народ на такую «замануху»? Наўрад ці, лічыць фінансавы аналітык Сяргей Чалы. Справа ў тым, што свінню ў гэтым сэнсе падклаў сабе менавіта ўрад.

Паводле Чалага, існуе цвёрдая і дакладна вызначаная залежнасць беларускага пакупніцкага попыту ад росту даходаў насельніцтва. Чым большыя даходы насельніцтва, тым больш падае попыт на беларускую прадукцыю. А даходы насельніцтва, як нядаўна нас запэўніваў урад, выраслі з пачатку году на 20%. «Чым большыя даход, тым болей беларусы набываюць не беларускай, а імпартнай прадукцыі. Гэта значыць, чым больш на руках грошай, тым больш прадаецца імпарт, і тым менш — айчынныя тавары. Усё з-за таго, што ў свядомасці многіх беларусаў даўно закладзеная думка, што імпартнае — значыць якаснае. Прынамсі, больш якаснае за беларускае. І таму людзі больш схільныя набываць імпартныя тавары, хай і за большыя грошы», — адзначае Чалы.

Так што, для разгрузкі беларускіх складоў ад непрададзенага тавару трэба павышаць кошты, што недапушчальна, паколькі павышаецца і каэфіцыент інфляцыі. Альбо зніжаць заробкі, што таксама недапушчальна, бо ніякага зніжэння заробкаў у «беларускім эканамічным цудзе» быць не можа.

Аднак не толькі ўнутраным рынкам заклапаціўся Мясніковіч. Ён таксама даручыў прыняць меры па арганізацыі выязных кірмашоў у сумежных дзяржавах (у першую чаргу ў Расіі) і чакае значнага росту аб’ёмаў продажу на іх харчовых і нехарчовых спажывецкіх тавараў беларускай вытворчасці.

Гэта ўжо менш фантастычна, але ўсё роўна беларускія склады не разгрузіць, упэўнены іншы эканаміст, Антон Болтачка. Паводле ягоных слоў, на арганізацыю такіх мерапрыемстваў сыдзе значна больш часу і грошай, чым ад іх будзе заробку. І справа тут не ў тым, што беларускую прадукцыю ў той жа Расіі не ведаюць. Ведаюць, і вельмі добра. Справа ў тым, што Расія ўвайшла ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. І ў яе на рынку пачалі з’яўляцца новыя гульцы, якія прапануюць аналагічную беларускай прадукцыю, якая больш танная і больш якасная.

То бок, адбылося тое, пра што некалькі гадоў казалі эксперты: са ўступленнем Расіі ў СГА расійскі рынак для беларускіх тавараў прасядзе. Яшчэ года не прайшло, як Расія ўступіла ў СГА, а мы ўжо пачынаем адчуваць наступствы гэтага ўступлення.

Што ж рабіць Мясніковічу, дый «Белкаапсаюзу»? Сапраўды набіраць штаты прамоўтэраў ды мерчындайзераў? Болтачка параіў, найперш, заняцца не зніжкамі ды акцыямі, а перабудовай схемы прасоўвання і распаўсюду сваёй прадукцыі. «Я б параіў для пачатку прадпрыемствам адкрыць свае засекі для прыватнікаў. То бок, дапусціць на склады прыватных і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гатовыя браць прадукцыю на рэалізацыю. Пакуль жа, у сілу ці то нежадання, ці то недаверу, ці то нейкіх іншых абмежаванняў, шлях прыватнікам да прадукцыі дзяржаўных прадпрыемстваў закрыты», — адзначае Болтачка.

Зразумела, чаму ён закрыты: з самага пачатку свайго прэзідэнцтва Лукашэнка змагаўся з пасярэднікамі і іншымі, на ягоную думку, прыліпаламі да сумленнага і працавітага чалавека. Хутчэй, адпускаць прадукцыю прыватнікам дзяржаўныя прадпрыемствы не спяшаюцца «па палітычных матывах», чым з меркаванняў карысці. А між тым, прыватнікі здольныя прасунуць прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў на новыя рынкі — без усялякіх выдаткаў прадпрыемстваў.

І пакуль такая палітыка працягваецца, ніякія зніжкі разгрузіць склады не дапамогуць.