Бюджэт беларускай сям'і: на шкодныя звычкі больш, чым на грамадскае харчаванне

Улады даследавалі выдаткі сярэдняй беларускай хатняй гаспадаркі ў 2021 годзе. Некаторыя артыкулы выдаткаў тыповай сям'і непрыемна ўражваюць медыкаў, паведамляе сайт banki24.by.

Статыстычныя органы вывучаюць сямейныя бюджэты ў рамках штоквартальнага даследавання насельніцтва па ўзроўні жыцця. Уліковай адзінкай гэтага даследавання выступае хатняя гаспадарка.

Для даведкі: хатняя гаспадарка — гэта чалавек або група людзей, якія жывуць сумесна, забяспечваюць сябе неабходным для жыцця і цалкам або часткова аб'ядноўваюць свае сродкі. У бытавым ужытку аналагам хатняй гаспадаркі можна назваць сям'ю.

Кожная хатняя гаспадарка мае ўласныя выдаткі і даходы. У 2 квартале 2021 года грашовыя выдаткі на сярэднюю хатнюю гаспадарку Беларусі склалі 1534 BYN у месяц. Асноўная частка выдаткаў хатняй гаспадаркі — выдаткі на спажывецкія патрэбы — 1126 BYN у месяц. У сваю чаргу, сярод спажывецкіх выдаткаў беларусаў відавочна дамінуюць выдаткі на прадукты харчавання — 434 BYN, або 38,5% ад спажывецкага бюджэту.

На шкодныя звычкі (куплю алкаголю і тытунёвых вырабаў) беларусы выдаткоўваюць у месяц па 28,6 BYN на сям'ю. Гэта крыху больш, чым на грамадскае харчаванне (28,5 BYN).

Акрамя засмучэння медыкаў гэта яшчэ і сігнал пра дабрабыт: установы грамадскага харчавання рэгулярна наведваюць забяспечаныя людзі і абыходзяць бокам беднякі (66,1 BYN у месяц супраць 10,5 BYN).

Па спажыванні алкаголю і тытуню карціна іншая: беднякі бяруць аб'ёмамі, але не грашыма.

Выдаткі на адзенне і абутак сярэдняй хатняй гаспадаркі склалі 67,2 BYN у месяц, на камуналку — 70,8 BYN, на ахову здароўя — 68,4 BYN, на транспарт — 123,3 BYN, на інфармацыю і сувязь — 77,7 BYN, на культуру, адпачынак і спорт — 39 BYN, на адукацыю — 12,2 BYN.

Выдаткі на транспарт павялічваюцца ў 5 разоў пры пераходзе ад 20% самых бедных сем'яў да 20% самых багатых — ад 56,5 да 304,6 BYN. Гэта звязана з колькасцю асабістых аўто ў розных груп беларусаў і коштам іх абслугоўвання.

Паказальная і доля выдаткаў на адукацыю. У заходніх краінах адукацыя фактычна ператварылася ў бесперапынны працэс на працягу жыцця чалавека і не завяршаецца ў маладосці. Па Беларусі карціна пакуль іншая: толькі 18,9% сем'яў (менш за 1/5) у 2 квартале паведамілі, што трацілі хоць нейкія грошы на адукацыю.

Цікавы погляд на сацыяльную дзяржаву праз прызму выдаткаў на камуналку. Нягледзячы на кратную розніцу ў даходах, 20% самых багатых сем'яў трацяць на жыллёва-камунальныя паслугі нават крыху менш, чым 20% самых бедных — 72,3 BYN супраць 72,9 BYN. Ільготныя тарыфы на ЖКП распаўсюджваюцца на ўсё насельніцтва, і пазітыўны эфект па выдатках атрымліваюць забяспечаныя людзі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: