Чаму грамадскі сектар зарабляе меней за IT?

Што б вы ні пачыналі рабіць, гэта хутчэй забаронена, чым дазволена, а бізнес добра вывучыў: зарабляць можна, падтрымліваць грамадска-палітычную сферу — нельга.

it_2.jpg

Грамадскі сектар можа ствараць 12% працоўных месцаў

ІT-сектар стварае 1,5% ад унутранага валавага прадукту, але грамадскі сектар мог бы не менш ці нават больш. Галоўнае — даць яму развівацца, як сказаў дырэктар «Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі» Андрэй Ягораў падчас дыскусіі ў межах «Сакавіцкіх сустрэч» у Мінску.
У развітых краінах унёсак грамадскага сектара, па словах эксперта, каля 6%, як у Нідэрландах ці Канадзе. Занятасць, створаная ім без удзелу дзяржавы, вагаецца між 10 і 12%, у той час як у беларускіх НДА занята менш за 1%. Нават тых, хто працаваў у НДА хоць раз — 6,6%.
Што мусіць змяніцца ва ўмовах існавання грамадзянскай супольнасці, каб яна пачала дзейнічаць актыўней? Трэба больш свабодаў.
— Свабода сходаў, асацыяцый, слова і сумлення, пералічаныя ў нашай жа Канстытуцыі... Сёння ўсе яны абмежаваныя, умовы для дзейнасці крайне недабраспрыяльныя па міжнародных індэксах і па ацэнках актывістаў, — кажа Андрэй Ягораў. — Што б вы ні пачыналі рабіць, гэта хутчэй забаронена, чым дазволена.

Колькі бізнесменаў выціснулі з краіны ў 90-я?

Яшчэ ў 90-я гады бізнес актыўна ўдельнічаў у грамадска-палітычным жыцці краіны.
— Але першае, што было зроблена ўсталяваным палітычным рэжымам у Беларусі — ліквідацыя незалежных крыніц фінансавання для грамадзянскай супольнасці і палітыкі, працягвае аналітык. — Я ўжо не памятаю, колькі бізнесменаў выціснулі з краіны, колькі з іх пазбавілася бізнесу. І бізнес доўгі час ведаў: можна зарабляць грошы, але нельга лезці ў такога кшталту ініцыятывы.
Па словах Андрэя Ягорава, гэта замацавана і на ўзроўні дакументаў: напрыклад, вельмі складанымі з’яўляюцца ўмовы спонсарскай дзейнасці. Праўда, з глабалізацыяй на сцэну выходзяць больш незалежныя міжнародныя карпарацыі, якія ахвотней далучаюцца да дабрачыннасці і прынцыпаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці.
— Змены адбываюцца, але аб’ёмы і актыўнасць не параўнальныя з тым, што было ў 90-я гады. Актыўнасць абмежаваная вельмі вузкімі сферамі культуры і сацыяльнай дапамогі, — мяркуе эксперт.

Новая плынь арганізацый — нефармальныя супольнасці без рэгістрацыі

Многія беларусы проста не ведаюць пра грамадскі сектар, а саміх арганізацый вельмі мала: усяго іх у краіне, па аптымістычнай ацэнцы аналітыка, не больш за 3100. 2856 зарэгістравана, плюс тыя, што не зарэгістраваны ўвогуле ці маюць рэгістрацыю за мяжой, а таксама арганізацыі са статусам некамерцыйнай установы.
— Сюды ж трэба дадаць нефармальныя ініцыятывы, — кажа Андрэй Ягораў і ацэньвае іх колькасць прыкладна ў 400. — Гэта з’ява апошніх гадоў. Калі б вы прыехалі ў Смаргонь 7-10 год таму, то патрапілі б на амаль вынішчанае грамадскае поле, дзе ў параўнанні з 90-мі гадамі заставаліся адзінкавыя людзі. Калі вы сёння прыязджаеце ў такія гарады, то пабачыце, напрыклад, людзей у клубе BMW.
Такія нефармальныя ініцыятывы з’яўляюцца дзякуючы спрашчэнню камунікацыі ў сучасным свеце і ёсць часткай глабальнага трэнду. Яны збіраюцца разам для адпачынку і дапамагаць дзіцячым дамам, але не ведаюць, што дзейнічаюць як незарэгістраваная арганізацыя, парушаючы артыкул 193.1 крымінальнага кодэксу.
Яны проста ігнаруюць гэтую рэчаіснасць, у адрозненне ад нас, якія перажылі перарэгістрацыю, — кажа дырэктар «Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі».
Трэнды апошніх гадоў таксама — з’яўленне краўдфандынгу, прыкладамі якога з’яўляюцца часопіс «Імёны» і збор сродкаў на дзіцячы хоспіс.

Беларусы не цэняць лідарства

Характэрнай асаблівасцю грамадскай супольнасці ў Беларусі з’яўляецца тое, што ў нашай краіне няма лідара меркаванняў. Максімальна блізкія да іх — Лукашэнка, Бяляцкі, Някляеў, Пазняк.
— Мы ў такім стане, што не цэнім лідарства, і гэта стварае дысацыяцыю грамадскай супольнасці. Але ў многіх сектарах ёсць антылідары, — кажа аналітык.
Адным з праблемных момантаў у развіцці сектара з’яўляецца геаграфія НДА: большасць з іх сканцэнтраваныя ў Мінску (57,3%), астатнія пераважна ў вялікіх гарадах. На малыя гарады і сельскую мясцовасць прыходзіцца да 10% актыўнасці НДА.
У плане адносінаў дзяржавы да НДА, на думку Андрэя Ягорава, Беларусь перадавая і яе метады запазычваюць такія краіны, як Азербайджан ці Украіна, дзе напярэдадні Майдану спрабавалі прыняць законы, падобныя да беларускіх.

У ХІХ стагоддзі збіранне фальклору магло скончыцца кайданкамі

Але без залішняй драматызацыі трэба сказаць: сітуацыя ў Беларусі палепшылася за апошнія 100-170 год ад жахлівай з погляду сучаснага гараджаніна да амаль ідэальнай у параўнанні з ХІХ стагоддзем.
— Любы спосаб збірацца па-за афіцыёзам быў забаронены ў Расійскай імперыі, нават калі збірацца гаварыць пра кактусы. І нават задача паглыбляць сусветную навуку бывала пакараная выгнаннем, а збіранне фальклору магло скончыцца кайданкамі, — распавядае ўдзельнік дыскусіі гісторык Сяргей Харэўскі пра асяродак, у якім існавала асветніцкае «Таварыства філаматаў».
Немагчымасць рэалізаваць свае амбіцыі і элементарныя правы прывяла да моцнай радыкалізацыі грамадскага руху таго часу. У актывістаў было некалькі шляхоў: даць нырца ў дзейнасць нелегальных арганізацый без мэты яе афішаваць, па прыкладу бацькоў удзельнічаць ва ўзброенай партызанскай вайне ці трэці — эміграваць.
Бліжэй да канца стагоддзя атмасфера змянілася, і радыкалізм перасталі ідэалізаваць. У 1907-1914 гадах адбываецца лібералізацыя, потым — складаны савецкі перыяд. НДА, падобныя да сённяшніх, масава ўзніклі толькі ў 1995-1999 гадах.
Паводле Заўтра тваёй краіны