Год Сурка. Сёлета Беларусь атрымала $1,4 млрд дапамогі ад Расіі. Палову аддалі назад за даўгі

Расія абяцае выдаць Беларусі яшчэ $640 млн — сума гучыць, вядома, пераканаўча. Але было б цікава супаставіць яе з аб’ёмам крэдытнай падтрымкі, якую мы атрымлівалі ў мінулыя гады. Яны былі менш драматычныя як у палітычным, так і эканамічным плане.


Калі вывучыць лічбы больш уважліва, то ствараецца ўражанне, што мы пастаянна перажываем Год Сурка, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы». Штогод беларускаму ўраду тэрмінова патрэбныя грошы, штогод Расія падстаўляе сваё плячо. Абапёршыся на яго, мы перавальваемся ў наступны год, і зноў просім грошай. Апетыты растуць, сумы выплат па даўгавых абавязальніцтвах таксама. У перыяд, калі для нашай краіны зачыняюцца рынкі замежнага капіталу, Расія становіцца не проста самым буйным, але і вымушана асноўным нашым крэдыторам. Прасіць цяпер асабліва няма ў каго!

Такім чынам, давайце разбярэмся ў даўгах, якія мы памнажаем з нашым бліжэйшым усходнім суседам. Практычна штогод Беларусь атрымлівае падтрымку не толькі ад Расіі, але і ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, і гэта, па сутнасці, таксама квазірасійскія грошы. Пры гэтым нашы адносіны развіваюцца прадказальна. У 2015-м мы ўзялі ў доўг у Расіі $1 млрд 572 млн., у 2017-м запазычанні ў Расіі і ЕФСР сумесна склалі ўжо $2 млрд 110 млн., у 2018-м гэта быў «усяго толькі» $1 млрд 79 млн. Адзіным анамальным годам стаў 2019-ты, калі мы сумарна вярнулі даўгоў Расіі і ЕФСР больш ($979 млн), чым узялі ($730 млн) у іх крэдытаў. Зрэшты, фінансавым апетытам таго году дапамог Кітай — у 2019-м Беларусь атрымала ад Паднябёснай крэдытаў на $638 млн., але ўсё хутка вярнулася на свае колы, і ў 2020-м, і 2021-м мы зноў стабільна больш бярэм у Расіі і ЕФСР пазыкаў, чым аддаем.

Кажучы вобразна, калі Расея пампуе нафтавую рэнту, то беларускі ўрад займаецца тым, што пампуе валюту з Расіі, дастаючы адтуль больш, чым вяртаючы назад. Ужо вельмі хутка гэтае азартнае паляванне за крэдытамі нам адгукнецца. Для параўнання, калі ў 2015-м сукупныя плацяжы па крэдытах, якія прыйшлі з боку Расіі і ЕФСР, складалі $653 млн, то ў 2020-м гэта было ўжо $1 млрд 86 млн.

У 2021-м з улікам абяцаных $640 млн мы агулам атрымаем ад Расіі каля $ 1,404 млрд. Магчыма, гэта не канчатковая лічба запазычанняў. Пры гэтым мы ўжо выплацілі за мінулую частку 2021-га $689 млн доўгу толькі Расіі і Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця. Гэта значыць, па сутнасці, палова грошай, якія мы ў гэтым годзе пазычылі ў Расіі, сышла ў залік старых даўгоў.


Вядома, гледзячы на графік, становіцца зразумела, што Расія паступова валютны кранік зачыняе, і прыйшоў час вяртаць пазычанае. Параўноўваючы крэдытныя адносіны апошніх гадоў з цяперашняй сітуацыяй, можна з упэўненасцю сказаць, што Крэмль не тое каб паквапіўся, але ўжо дакладна не расшчодрыўся. Цікава, што ў гэты раз ён абяцае выдаць грошы самастойна, абыходзячы механізмы Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, крэдыты якога патрабуюць больш строгіх умоў выдзялення крэдытаў і асабліва — іх вяртання.

Падводзячы вынік, мы бачым наступныя тэндэнцыі. Першае: крэдытныя апетыты Беларусі стабільна высокія, а вось магчымасцяў атрымаць пазыкі становіцца ўсё менш. Другое: Расія застаецца асноўным крэдыторам, і Беларусь трапляе ва ўсё большую ад яе залежнасць. Пры гэтым выдае грошы Масква ўсё больш асцярожна. Трэцяе: мы рэгулярна бярэм у доўг больш, чым аддаем.

З улікам таго, што наперадзе маячаць усё больш жорсткія міжнародныя санкцыі, такая сітуацыя абяцае сур’ёзныя праблемы. Каб зразумець, чым гэта можа пагражаць, дастаткова з году ў год набіраць даўгі, плаціць па іх менш, чым браць пазыку, а потым пазбавіцца крыніц іх рэфінансаваць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: