Грошы МВФ не дапамагаюць. У Беларусі рэзервы ніжэй міжнароднай планкі

Выйшла статыстыка аб стане валютнага рынку і ЗВР Беларусі на 1 верасня. Улады зрабілі справаздачу пра рост рэзерваў за жнівень на 1,054 млрд USD.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


Мала для каго сакрэт, што засекі дзяржавы папоўніліся ў асноўным замежнымі ўліваннямі. У канцы месяца МВФ размеркаваў Спецыяльныя правы запазычання (СДР) сярод краін-удзельніц фонду. На долю Беларусі прыйшлося каля 0,92 млрд USD у эквіваленце. З улікам курсавых розніц па долары рэзервы па радку СДР павялічыліся на 926,5 млн USD, пішуць banki24.by.

Што будзе з гэтымі новымі СДР ў бліжэйшыя месяцы? Адказ можна атрымаць, калі паглядзець, як змяніліся СДР пасля папярэдняга размеркавання ў 2009 годзе. Увосень таго года ў Беларусь прыйшло каля 585 млн USD у эквіваленце. Далей на працягу 12 гадоў гэтая сума нязначна змянялася з-за курсавых розніц, але чыноўнікі не расходавалі СДР. Улады аддавалі перавагу браць «жывую» валюту ў Расіі і Кітая.

З высокай верагоднасцю такі ж лёс напаткае і новыя СДР. Выключэнні магчымыя, але ў выпадку зусім ужо вострага крызісу, калі ва ўрада і Нацбанка не застанецца пад рукой іншых інструментаў.

Манетарнае золата ў ЗВР вырасла па кошце на 47,8 млн USD, хоць кошты на яго на сусветным рынку ўпалі. Значыць ўлады на чыстай аснове купілі нейкую колькасць жоўтага металу.

Валютная частка рэзерваў у цэлым вырасла на 80 млн USD. Гэта стала магчымым дзякуючы куплі Нацбанкам валюты на біржы. Рэгулятар выступае чыстым пакупніком валюты другі месяц запар. Больш нарасціць валютныя рэзервы не дазволілі плацяжы па валютных даўгах.

За жнівень улады пералічылі крэдыторам 340 млн USD. Гэта менш, чым у ліпені (427 млн USD), але больш, чым у чэрвені (240 млн USD).

Ці дастатковыя ЗВР краіны з пункту гледжання мінімальных крытэраў ад МВФ? Нават калі браць самую нізкую планку (3 месяцы імпарту тавараў і паслуг), то рэзервы Беларусі ўсё яшчэ малыя. У 2021 годзе 3-месячны імпарт РБ перавышае 10 млрд USD у эквіваленце, а ЗВР і пасля размеркавання СДР істотна меншыя — 8,5 млрд USD.

На ўнутраным валютным рынку ў жніўні склалася наступная дыспазіцыя. Прадпрыемствы-рэзідэнты прадалі банкам на нета-аснове 75,4 млн USD. Гэта ў чатыры разы ніжэй, чым у ліпені (335,9 млн USD), але тады рэзідэнты плацілі квартальныя падаткі. Уладам варта пачакаць супастаўнага валютнага дажджу як мінімум да кастрычніка.

Насельніцтва прадавала валюту больш актыўна за прадпрыемствы. На сальдавой аснове чысты продаж фізічнымі асобамі склаў 94,5 млн USD. Пры гэтым беларусы прадавалі наяўную валюту (190,6 млн USD), але куплялі па безнаяўным разліку (96,1 млн USD). З пачатку 2021 года прадпрыемствы-рэзідэнты паспелі прадаць банкам 737,2 млн USD, а вось насельніцтва ўсё яшчэ нета-пакупнік валюты (316,2 млн USD за 8 месяцаў).