Інфляцыя ў Беларусі ўжо 9,8%. Наколькі гэта шмат і чым пагражае

Рост цэн у Беларусі склаў 9,8% да паказчыкаў мінулага года. «Свабода» глядзіць, ці шмат гэта.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Інфляцыя — гэта агульны рост цэн і паслуг. У Беларусі ў кошык, па якім мераецца інфляцыя, уваходзіць больш за 400 паказчыкаў.

Чаму растуць цэны

Інфляцыю цяпер назіраюць па ўсім свеце, на гэта зважае фінансавы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.
«Інфляцыя цяпер нават у краінах, якія схільныя да дэфляцыі. Напрыклад, у ЗША цяпер інфляцыя — больш за 5%, што шмат для іх. У свеце даражэюць нафта, газ, металы, сельскагаспадарчая прадукцыя, што адбіваецца на цэнах у Беларусі. Цяпер яшчэ нізкі ўраджай збожжа, таму да канца года можна чакаць росту цэн на зерневыя і кармавыя культуры, а таксама на мяса. Інфляцыю ў Беларусі стрымлівае ўмацаванне беларускага рубля, а таксама — палітыка Нацбанка, які кантралюе прырост крэдытавання і грашовай масы», — кажа Вадзім Іосуб.
На яго думку, калі не будуць уключаць «друкарскі варштат» і штучна павышаць заробкі, то «гадавая інфляцыя стабілізуецца ці знізіцца да 9,5%».

9,8% — гэта шмат для Беларусі?

У параўнанні з апошнімі трыма гадамі для беларускай эканомікі рост інфляцыі на 9,8% — гэта шмат.
«У параўнанні з тым, што было апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі з інфляцыяй, то 10% — гэта мала. Высокая інфляцыя перашкаджае бізнес-планаванню, прытоку інвестыцый. Аднак у цяперашнім інвестыцыйным клімаце Беларусі інфляцыя — не самая вялікая праблема», — кажа Вадзім Іосуб.

Праз інфляцыю беларусы бяднеюць?

Згодна са статыстыкай Белстата, даходы беларусаў працягваюць расці з улікам інфляцыі, аднак тэмпы гэтага росту істотна запавольваюцца.
«Рост намінальных даходаў апярэджвае рост інфляцыі. Хоць тэмпы прыросту запавольваюцца, апошнія два гады рэальныя даходы раслі на 7–8%, то-бок на гэты адсотак рост апярэджваў інфляцыю. Цяпер рост запаволіўся да 3%. Рэальныя заробкі ўсё яшчэ растуць, але рост запавольваецца», — кажа Вадзім Іосуб.

Без рахункаў у валюце і пераводаў у Еўрасаюз. Як санкцыі ўдараць па беларускіх банках

То-бок бяднець людзі яшчэ не сталі, але даходы некаторых ужо адстаюць ад інфляцыі. Калі глядзець па канкрэтных таварах, то найбольш за год у Беларусі падаражэлі:
буракі — утрая, морква — утрая, бульба — на 65%,цыбуля — на 60%.